Жыццё толькі пачынаецца

У савета ветэранаў педагагічнай працы жаночы твар, мілы і ўсмешлівы.

Адчуванне таго, што час не ідзе, а бяжыць, з’яўляецца, напэўна, з гадамі. Не паспелі азірнуцца – пенсія. Для кагосьці гэты момант доўгачаканы і радасны: маўляў, буду жыць у сваё задавальненне. Але праўда і тое, што многія, хто выйшаў на заслужаны адпачынак па ўзросце, губляюцца ў гэтай вольніцы, не ведаюць, як жыць без свайго калектыву, чым заняцца, каб не сумаваць. Толькі не нашы гераіні.

Колькім пакаленням хлопчыкаў і дзяўчынак далі пуцёўку ў дарослае жыццё нашы дарагія настаўнікі. Педагогіка – не проста прафесія, гэта стан душы, лад жыцця. Ён ніколі не бывае адзін: сотні, тысячы вучняў праходзяць праз яго жыццё. Заўсёды ў гушчыні падзей, заўсёды ў актыўнай рабоце. І нават на заслужаным адпачынку многія педагогі займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю.

Сёння на Ляхавіччыне жывуць 532 ветэраны педагагічнай працы, з якіх трое – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, столькі ж – былыя вязні фашысцкіх канцлагераў. Трое маюць званне “Заслужаны настаўнік”, 38 з’яўляюцца выдатнікамі адукацыі. 114 настаўнікаў-пенсіянераў па-ранейшаму прадаўжаюць сеяць разумнае, добрае, вечнае. Іх вопыт – бясцэнны.

– І на пенсіі жыццё прадаўжаецца, і яно павінна быць не менш, а наадварот больш насычаным, багатым на падзеі, прыемныя сюрпрызы, – упэўнена Кацярына Легеда.

На працягу 30 гадоў яна была бяссменным лідарам піянерскага руху раёна, а нядаўна калегі даверылі ёй старшынства ў раённым савеце ветэранаў педагагічнай працы.  Раённая арганізацыя ветэранаў адукацыі аб’ядноўвае ў сваіх радах былых педагогаў школ, дзіцячых садкоў, пазашкольных устаноў.

Кацярына Легеда з уласцівымі ёй энтузіязмам і энергіяй узялася за справу. Новы састаў савета ветэранаў наогул надзвычай актыўны. Ганна Крук, Галіна Кухарэнка, Ганна Малевіч, Галіна Кісель, Зінаіда Дудко, Тамара Сайко – усе яны, як і Кацярына Легеда, – жанчыны ў раёне вядомыя і паважаныя. Іх аўтарытэт і сярод былых вучняў, і сярод калег заслужаны. Пра кожную можна смела сказаць: граматны спецыяліст, творчы, па-сапраўднаму ўлюбёны ў сваю справу чалавек, ініцыятыўны, нераўнадушны.

Падчас першага пасяджэння савета, якое адбылося на гэтым тыдні, распрацаваны план цікавых спраў. Дзейнічаць мяркуецца сумесна з райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, адміністрацыямі і калектывамі навучальных устаноў раёна. Будуць ладзіць сустрэчы педагогаў розных пакаленняў, настаўніцкія майстэрні для маладых калег, арганізоўваць вольны час педагогаў-пенсіянераў, у тым ліку сумесныя экскурсіі, паездкі і, канешне, аказанне дапамогі тым, каму яна неабходна. Асаблівая ўвага і клопат – ветэранам-пенсіянерам, якія па волі лёсу засталіся адны.

–Не раз даводзілася чуць ад настаўнікаў, якія выйшлі на пенсію, што пасля бурлівага школьнага жыцця ім вельмі сумна ў чатырох сценах кватэры. Далучайцеся да нашых традыцыйных спраў, тым больш што планаў – шмат, – звяртаецца Кацярына Легеда да ўсіх сваіх калег. – А напярэдадні свята ад імя савета віншую ўсіх жанчын-настаўнікаў, асабліва тых, хто на заслужаным адпачынку. Здароўя, шчасця, радасці, добрага настрою – усім вам!

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Жыццё толькі пачынаецца

  • 10/03/2016 в 09:58
    Permalink

    Энергичные и активные, они и на заслуженном отдыхе не сидят сложа руки. Продолжают работать, организовывывать, поддерживают друг друга. Опыт «старейшин» бесценен. А самое главное, что они наглядный пример настоящих учителей!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *