Абавязаныя бацькі. І дзеці

29 лютага адбылося чарговае пасяджэнне райвыканкама. На яго разгляд выносіліся 3 пытанні: аб рабоце па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем’ях” у 2015 годзе; аб стане работы па арганізацыі другаснай занятасці моладзі; аб выніках работы раённага звяна Брэсцкай тэрытарыяльнай падсістэмы дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый у 2015 годзе і задачах на 2016 год.

Як вынікае з асноўнага даклада па першым пытанні, з выступленняў судакладчыкаў, ход выканання Дэкрэта знаходзіцца ў раёне пад пастаяннай і пільнай увагай. Пытанні адносна дадатковых мер па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем’ях рэгулярна разглядаюцца на пасяджэннях райвыканкама. У мінулым годзе было праведзена 5 пасяджэнняў каардынацыйнага савета па выкананні Дэкрэта. З іх тры былі выязнымі: праводзіліся сумесна з камісіяй па справах непаўналетніх на тэрыторыях Крывошынскага, Востраўскага і Навасёлкаўскага сельсаветаў. Падчас сходаў аналізавалася работа па прафілактыцы выпадкаў неўладкаванасці сем’яў, што пражываюць на названых тэрыторыях, разглядаліся пытанні арганізацыі работы, у тым ліку, выхаваўчай з так званымі абавязанымі асобамі. Нагадаем, такі “код” атрымалі бацькі, якія не праяўлялі належнай увагі да выхавання сваіх дзяцей. Клопат пра, фактычна, сірот пры жывых бацьках дзяржава вымушана была ўзяць на сябе. Пры фінансавым удзеле бацькоў.

Па стане на 1 лютага 2016 года на ўліку ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама знаходзілася 88 асоб, абавязаных кампенсаваць расходы за знаходжанне на дзяржаўным забеспячэнні 118 дзяцей. Нягледзячы на ўсе намаганні – просьбы, угаворы,“ціскі”, пастаянны кантроль, пакаранні – выйсці на нулявы баланс не атрымліваецца: у мінулым годзе ступень пагашэння абавязанымі асобамі сродкаў, затрачаных на выхаванне іх дзяцей, склала 43,3 працэнта ад неабходнай сумы. Аналагічная, па выніках 2014 года лічба адрознівалася ў лепшы бок амаль на 8 пра-цэнтаў. Калі аперыраваць абсалютнымі лічбамі, з фактычна налічаных да аплаты

1 мільярд 658 мільёнаў рублёў з бацькоў атрымалася спагнаць толькі 718 мільёнаў. Сярод прычын змяншэння збораў названы, у тым ліку, і невысокія заробкі на некаторых прадпрыемствах, дзе працуюць абавязаныя. Асобныя ж гора-бацькі не толькі не працаўладкаваны, але і ўхіляюцца ад настойлівых і шматлікіх спроб дапамагчы ім знайсці занятак і, адпаведна, хоць нейкі ды заробак. Надзвычай складаным у плане спагнання грошай кантынгентам з’яўляюцца асобы, якія пражываюць за межамі раёна (сёння такіх 57), а, часам, і краіны. 5 чалавек, якія працяглы ўжо час знаходзяцца ў вышуку, не пералічылі сваім дзецям ні рубля.

Не навіна, што далёка не ўсе абавязаныя праяўляюць ірвенне да працы, дысцыплінавана па часе і з ашчаднасцю выконваюць свае працоўныя абавязкі. Спазніцца, прагуляць працоўны дзень, два, а то і больш – для некаторых з іх – норма паводзін. Так, за мінулы год абавязаныя дапусцілі 927 прагулаў (на 751 менш, чым годам раней). Дарэчы, калі чалавек знаходзіцца ў вышуку, усе працоўныя дні аўтаматычна залічваюцца яму ў якасці прагулаў. І іменна на долю гэтай катэгорыі абавязаных прыходзіцца 61 працэнт дапушчаных летась прагулаў.

Абавязаныя асобы, у вядомым сэнсе – “недатыкальныя”. Іх нельга звальняць за, напрыклад, тыя ж прагулы. Практыкуецца адпрацоўка: выхад на работу ў выхадны ці святочны дзень, звышурочная праца, іншае. Нягледзячы на арганізацыйныя складанасці, прадпрыемствы вымушаны ісці на гэты крок.

Атрымліваецца па-рознаму: рашэннем райвыканкама адзначана станоўчая работа па арганізацыі адпрацоўкі абавязанымі асобамі прагулаў СВК “Жарабковічы”, “Шлях новы”, ДП “Нача”, ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”, камунгас. І наадварот: работу ў гэтым накірунку КСУП “Востраў-Агра”, райпо, ЗАТ “Белпрампрыбор”, ААТ “ТБЗ “Ляхавіцкі” райвыканкам лічыць недастатковай.

Ёсць сярод абавязаных і асуджаныя да пазбаўлення волі, хто знаходзіцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях, следчых ізалятарах. Кампенсацыйныя пералічэнні ад такіх жадаюць быць многа лепшымі.   Сярэднеабласны паказчык спагнання з гора-бацькоў грошай за выхаванне дзяржавай іх дзяцей склаў у мінулым годзе 50,8 працэнта ад рэальна затрачаных сумаў.  Як, з дапамогай чаго можна прывіць абавязковасць абавязаным – тое яшчэ пытанне.

У ходзе пасяджэння райвыканкама былі разгледжаны і іншыя пытанні, па ўсіх прыняты адпаведныя рашэнні.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *