Прышчэпка – не капрыз

Цяжка пераацаніць ролю прафілактычных прышчэпак у стварэнні неўспрымальнасці насельніцтва да той ці іншай інфекцыі. Менавіта дзякуючы вакцынацыі пакончана з воспай – страшнай інфекцыяй, якая забірала мільёны жыццяў у многіх краінах. З чэрвеня 2002 года Еўропа аб’яўлена свабоднай ад поліяміэліту.
Аднак, па-ранейшаму рэгіструюцца выпадкі іншых небяспечных інфекцыйных хвароб. Так, на Брэстчыне ў 2010 годзе зарэгістравана 11 выпадкаў захворвання коклюшам, па 1 – слупняком і эпідэмічным паратытам, а сёлета ў І квартале – краснухай.
Праграма імунізацыі прадугледжвае, што кожнае немаўля павінна быць прышчэплена супраць туберкулёзу, поліяміэліту, адру, коклюшу, слупняку, эпідэмічнага паратыту, краснухі, дыфтэрыі, віруснага гепатыту “В”.
Існуе нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак, які павінен строга захоўвацца. Справа ў тым, што да пэўнага ўзросту дзіця губляе ахоўныя антыцелы, якія перадаліся ад маці і ў першыя месяцы жыцця засцерагаюць яго ад шэрагу інфекцый. Штучны імунітэт фарміруецца шляхам увядзення разнастайных прышчэпачных прэпаратаў. Працягласць імунітэту разлічана на тэрмін ад 6 месяцаў да 10 гадоў. Таму вельмі важна, каб вакцынацыя была зроблена менавіта ў тым узросце, які ўказаны ў календары. Вакцыну звычайна ўво-дзяць з дапамогай ін’екцыі ці праз рот. Перад прышчэпкай абавязковы ўрачэбны агляд. Прышчэпкі, якія ўключаны ў нацыянальны каляндар, дзецям і дарослым праводзяць бясплатна ў медыцынскіх установах па месцы жыхарства (на платнай аснове можна атрымаць пры-шчэпку супраць грыпу)
На Ляхавіччыне 95 працэнтаў дарослых і 97 працэнтаў дзяцей прайшлі вакцынацыю – гэта аптымальны паказчык, рэкамендаваны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. Не рэгіструюцца сярод вяскоўцаў і гараджан выпадкі слупняку, поліяміэліту, адру, краснухі, эпідэмічнага паратыту, апошні выпадак дыфтэрыі зарэгістраваны ў дарослага (дарэчы, не прышчэпленага супраць гэтай інфекцыі) у 1999 годзе.
Прышчэпка не толькі абараняе канкрэтнага чалавека, вакцынацыя стварае так званы “калектыўны імунітэт”, бо чым менш людзей прышчэплена, тым большая верагоднасць распаўсюджвання інфекцыі. Першымі пад уздзеянне вірусаў трапляюць менавіта непры-шчэпленыя людзі. Адмова ад вакцынацыі – вялікая рызыка для здароўя, а часам і ўвогуле для жыцця. Любая хвароба прыносіць гора і пакуты не толькі хвораму чалавеку, але і яго родным і блізкім. І калі ёсць магчымасць яе папярэдзіць, то абавязкова гэтым неабходна скарыстацца, у тым ліку не адмаўляцца ад прышчэпак. Дзякуючы ім, вы абароніце сябе і сваіх блізкіх ад многіх інфекцый, якія не пройдуць без наступстваў нават пры самых сучасных метадах і сродках лячэння.
Валянціна БАЦКАЛЕВІЧ, памочнік урача-эпідэміёлага райЦГіЭ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *