Крымінал. Здарэнні Ляхавіччыны

На чужым матацыкле
Раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу ў адносінах двух жыхароў Ляхавіцкага раёна, якія, сарваўшы навясны замок, залезлі ў памяшканне зернесушыльнага комплексу ў вёсцы Мінічы і ўкралі электрарухавікі. ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” нанесена матэрыяльнай шкода на 4,6 мільёна рублёў.
Адшукваюцца невядомыя зладзеі, якія з прыватнага гаража ў Тальмінавічах укралі 4 аўтамабільныя колы.
Давядзецца адказваць за ўгон аматару пракаціцца на чужым транспарце з Каранеўшчыны. Мусіць, па вельмі пільнай патрэбе ён спяшаўся ў магазін у Навасёлках: схапіў чужы матацыкл і паехаў на ім у аграгарадок за пакупкамі.

Падманулі і абакралі
Напачатку сакавіка ў дом да пенсіянера з Тумашоў зайшлі дзве жанчыны і мужчына, якія прадставіліся сацыяльнымі работнікамі. Хутка гаспадар дома выявіў прапажу – знікла 2,3 мільёна рублёў. Пацярпелы звярнуўся ў міліцыю. Прынятымі мерамі вышуку “сацыяльныя работнікі” (жыхары Баранавіцкага раёна і Слуцка) затрыманы. Злачынцаў знайшлі па гарачых слядах. Аднак, і самім пажылым грамадзянам, каб не стаць ахвярай махляроў, трэба быць больш уважлівымі, не пускаць незнаёмых людзей у дом, абавязкова патрабаваць у таго, хто прадстаўляецца супрацоўнікам той ці іншай службы, дакументы.

Сямейныя разборкі
Гэта сям’я з райцэнтра неаднойчы трапляла ў поле зроку праваахоўных органаў як неўладкаваная. Чарговае высвятленне адносін ледзьве не скончылася трагічна. 35-гадовы гаспадар пагражаў сваёй 29-гадовай жонцы забойствам, біў яе і спрабаваў утапіць у ванне. Пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу.

Вылучыліся
З пачатку сакавіка ў РАУС дастаўлена 9 чалавек за дробныя крадзяжы, 10 сямейных скандалістаў, 26 (11 – у першы дзень вясны) – за знаходжанне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане.
Са зводкамі РАУС знаёмілася Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *