Гарачы “экстрым”

Неспакойным выдалася для ляхавіцкіх выратавальнікаў паслясвяточнае 9 сакавіка. А палове дзясятай зранку паступіла паведамленне з Зубелевічаў: з кватэры на другім паверсе ідзе дым. Яе жыльцы, браты 1988 і 1977 гадоў нараджэння, пакінулі кватэру яшчэ да прыбыцця пажарных, здолелі выбрацца на лесвічную пляцоўку. Дыягназ “атручэнне прадуктамі гарэння” медыкі хуткай дапамогі дапоўнілі яшчэ адным – “алкагольнае ап’яненне”. Напярэдадні было жаночае свята, якое мужчыны адзначылі. А раніцай малодшы брат вырашыў пакурыць у ложку…
Ад шпіталізацыі мужчыны адмовіліся, былі дастаўлены ў РАУС. У адносінах іх складзены 4 адміністрацыйныя пратаколы. І цяпер ім трэба сур’ёзна задумацца, з чаго плаціць штрафы: браты нідзе не працуюць ужо некалькі гадоў, жывуць за кошт бацькі… Пацярпела ад прадуктаў гарэння і аказалася затопленай кватэра суседзяў знізу, якую давядзецца рамантаваць. І яшчэ адзін вельмі важкі момант: у ліквідацыі ўзгарання былі задзейнічаны не толькі выратавальнікі і медыкі, а і брыгады раёнаў газазабеспячэння і электрасетак – колькі людзей і тэхнікі давялося адцягнуць на такі выпадак, якія сродкі затрачаны па віне аматара пакурыць у нецвярозым стане.
Акрамя экстранных службаў нашага раёна, да ліквідацыі ўзгарання ў адным з дамоў па вуліцы Сонечнай у аграгарадку Навасёлкі прыцягваліся і баранавіцкія выратавальнікі. Сцэнарый банальны: застолле і сварка. Адносіны высвятлялі муж і жонка. Жанчына 1960 года нараджэння, па яе словах, кінула запаленыя запалкі на ложак. Складзеныя адміністрацыйныя пратаколы маюць на мэце, у тым ліку, нагадаць, што парушаць правілы пажарнай бяспекі і неасцярожна абыходзіцца з агнём забаронена.
Наконт таго, што варта абсталяваць свае кватэры аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі, чулі ўсе. Сваёй актуальнасці гэтыя парады не губляюць. Прытрымлівайцеся іх, каб не папоўніць спіс ахвяр агню.
Валерый РАВІНСКІ,
начальнік РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *