Сітуацыю выратуе дысцыпліна

На агульным справаздачна-выбарным сходзе СВК “Шлях новы” быў аншлаг: з 520 працаўнікоў гаспадаркі прыйшлі-прыехалі на яго больш як 400 чалавек. Зразумела, вытворчыя пытанні хвалююць, бо ў апошні час сельгаскааператыў накапіў нямала праблем, якія патрабуюць неадкладнага калектыўнага вырашэння. Аднак, здалося, прысутных больш хвалявала іншае: старшыня СВК “Шлях новы” Аляксандр Вашчук папрасіў адстаўкі.

Сход пачаўся са справаздачнага даклада кіраўніка сельгаскааператыва, які прама і без прыкрас гаварыў пра сітуацыю ў гаспадарцы, што склалася ў 2015 годзе. Напрыклад, 90-працэнтная прадукцыйнасць статка ў параўнанні з годам папярэднім, валавы надой малака – 97,2 працэнта, сярэднясутачныя прывагі жывёл павялічыліся ўсяго на  5 грамаў. На аднаго работніка атрымана прадукцыі на 294,5 мільёна рублёў – значна менш, чым летась. Рэнтабельнасць вытворчасці склала 6,1 працэнта.

Ва ўсіх галінах вытворчай дзейнасці сельгаспрадпрыемства ёсць прычыны, якія не садзейнічалі поспеху і якіх у гэтай гаспадарцы быць не павінна. У раслінаводстве “прамахнуліся” з рапсам: вясной давялося перасяваць амаль паўтысячы гектараў, і атрымалі з іх усяго 11 цэнтнераў з гектара. Недабралі цукровых буракоў.  Значна менш у параўнанні з 2014 годам нарыхтавалі кармоў: сенажу 75 працэнтаў, сіласу – 83.

Сярод прычын старшыня назваў недапрацоўкі агранамічнай службы гаспадаркі, у тым ліку аслабленне адказнасці спецыялістаў у рабоце на самым галоўным участку вытворчасці. Разам з тым, Аляксандр Вашчук адзначыў працу хлебаробаў. Летась на палях сельгаскааператыва шчыравалі 14 зернеўборачных экіпажаў, з якіх 13 намалацілі больш як па тысячы тон зерня, а 2 вадзіцелі перавезлі на зерняток больш як па 3 тысячы тон хлеба.

На думку Аляксандра Вашчука, іменна дасканалай арганізацыі працы, адказнасці спецыялістаў і работнікаў не хапіла жывёлаводам. Здавалася б, гаспадарка адна з першых у раёне пабудавала сучасныя малочныя комплексы, рэканструявала МТФ. Аднак, летась таварнасць малака склала 87 працэнтаў, на малаказавод было адпраўлена гатункам экстра 36,6 працэнта прадукцыі, 54 – вышэйшым і 15 працэнтаў першым гатункам. Як мінімум 260 мільёнаў рублёў недаатрымала малочная жывёлагадоўля з-за нізкай якасці прадукцыі. Акрамя навядзення парадку, захавання санітарна-гігіенічных нормаў, патрэбна перагледзець і пераасэнсаваць работу спецыялістаў зааветслужбы. На 100 кароў атрымана 63 цяляці, больш як 1200 рагуль засталіся ялавымі, дабавіць нізкія прывагі жывёлы – галіна недаатрымала ад гэтага амаль 11 мільярдаў рублёў.

Між іншым, усе вытворчыя праблемы, якія ўзніклі ў “Шляху новым”, упаўне вырашальныя. Сельгаскааператыў яшчэ не выраўняў пазіцыі пасля рэарганізацыі, калі да яго былі далучаны значна слабейшыя гаспадаркі. І хоць меў фінансавую падтрымку з раённага, абласнога бюджэтаў, пакуль што не здолеў выйсці на запраграмаваны рубеж.

З другога боку, сітуацыя ў “Шляху новым” не такая ўжо і катастрафічная. Ва ўсякім разе, сярэдняя зарплата па гаспадарцы летась склала  5 мільёнаў 795 тысяч рублёў, павялічылася ў параўнанні з годам папярэднім на 12,6 працэнта. З тым вытворчым патэнцыялам і людзьмі, якія тут працуюць, навярстаць упушчанае рэальна. Настроенасць на паспяховую далейшую работу адчувалася ў выступленнях спецыялістаў. Галоўны аграном Аляксандр Рамейка, галоўны заатэхнік Алена Нікановіч, галоўны ветурач Міхаіл Міхальчык прызналі, што ўсё залежыць толькі ад адказнасці і сумлення кожнага на сваім участку. Забыліся, напрыклад, што значыць эканоміць, па-гаспадарску ставіцца да выканання абавязкаў. На фермы часта клічуць на дапамогу паляводаў, будаўнікоў, хоць з дробнымі работамі ўпаўне можна справіцца самастойна. Нявыключанае святло, працуючыя рухавікі тэхнікі, што стаіць у чаканні сваіх гаспадароў, на вока выдадзеныя кармы, незахаванне тэхналогій вытворчасці прадукцыі… Карацей, як адзначалі выступаючыя, “не рабілі самі тое, што, па-сутнасці, не нясе матэрыяльных затрат”, а галоўнае, аслабілі кантроль, не патрабавалі ад кожнага працаўніка дакладнага выканання непасрэдных абавязкаў.

Іменна на гэтым сканцэнтраваў сваё выступленне і старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч.

– Прыкладна 30 мільярдаў рублёў сельгаскааператыў недабраў ад недаатрыманай прадукцыі, з-за недастатковай арганізацыі працы, – зазначыў Яўгеній Нікадзімавіч. – Кожны на сваім рабочым месцы недапрацаваў. Але апускаць рукі нельга: у гаспадарцы працуе калектыў, які, несумненна, можа і павінен выправіць сітуацыю…

На гэтым сходзе старшыню так і не выбралі. Узялі “тайм-аўт”, каб яшчэ падумаць, паразважаць і не памыліцца. А 2 сакавіка зноў сабраліся разам, каб, нарэшце, вызначыцца з кіраўніком. Старшынёй СВК “Шлях новы” абраны Сяргей Кашча, які працаваў першым намеснікам старшыні сельгаскааператыва.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *