У госці да добрых людзей. Малое Гарадзішча /фота/

Гісторыя кожнай вёскі выткана, бы абрус, з людскіх лёсаў – складаных, цікавых, непаўторных. Пацягнеш за нітку – пазнаеш у іх землякоў, родных, сваякоў. У аграгарадку Малое Гарадзішча сёння пражывае 311 чалавек, з якіх 60 – дашкольнікі і школьнікі.  Не пералічыць тых, каму гэтыя маляўнічыя мясціны дарагія, мілыя і любыя сэрцу.

Жыццё населенага пункта толькі на першы погляд цячэ запаволена. На самай справе Малое Гарадзішча жыве актыўна і паўнакроўна, будні чаргуюцца са святамі, штодзённы расклад – з працоўнымі перамогамі і дасягненнямі.

Мясцовыя школьнікі вызначаюцца не толькі ў вучобе. Напрыклад, некалькі гадоў назад імёны старшакласнікаў Аляксандра Карповіча і Андрэя Плескацэвіча гучалі на рэспубліканскім узроўні па інфарматыцы. Абодва яны вучні педагога Аляксандра Касабуцкага. Сёлета футбольная каманда Малагарадзішчанскай школы заняла другое месца ў вобласці. А вучаніцы Яна Саўчык, Міра Карповіч і Марыя Наскавец – члены абласной зборнай па футболе.

Ва ўтульнай і прасторнай школе (нядаўна, дарэчы, тут старыя вокны замянілі на сучасныя пластыкавыя, паставілі новыя дзверы) створаны ўсе ўмовы не толькі для атрымання трывалых ведаў, але і для творчага развіцця дзяцей.

Многае можа згадаць пра былыя дні навучальнай установы, расказаць пра перажытае Надзея Карпейчык, якая некалі тут настаўнічала. Па жыцці настаўніцы рускай мовы і літаратуры, якая каля 4 дзесяцігоддзяў прывівала любоў да слова хлопчыкам і дзяўчынкам, можна вывучаць старонкі гісторыі. На долю яе пакалення выпалі цяжкія гады ваеннага ліхалецця, нястачы і голаду. У вайну немцы аблюбавалі іх дом, і сям’і давялося жыць на гарышчы. Ад бамбёжак хаваліся ў склепе. Сястру ад вывазу ў Германіі выратаваў хутаранін. Пасля заканчэння школы Надзея паступіла ў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут і ніколі аб гэтым не пашкадавала.

– Цяжкія былі гады, – уздыхае Надзея Якаўлеўна. – Але верылі ў лепшае, працавалі, не пакладаючы рук, гэтаму вучылі і дзяцей.

Мая суразмоўца на момант замаўкае і працягвае:

– Было гэта ў 60-я гады. Старшакласнікі рыхтавалі ўрачысты вечар да ўступлення ў камсамол. Адна дзяўчынка захварэла але, нягледзячы на высокую тэмпературу, прыйшла ў школу. Кажу: Жанна, ты ж хворая. А яна адказвае, маўляў, як жа магу прапусціць такую падзею!  Вучыліся пры газоўках. Дзеткі былі дысцыплінаваныя. Такая была прага да ведаў! – расказвае Надзея Карпейчык.

Настаўніцамі сталі сястра Надзеі Якаўлеўны, дачка, пляменніца. Пасля выхаду на пенсію вяскоўка не сядзіць без справы, завіхаецца ў агародзе. Сын Валянцін жыве недалёка ад маці, працуе ў сельскай гаспадарцы. Яго жонка Людміла – загадчыца мясцовай фермы. Радасць бабулі – шасцёра ўнукаў і два праўнукі.

Яўгенію Кудзін засталі за вясновымі клопатамі – правядзеннем “рэвізіі” ў дамашніх запасах насення. Абаяльная і энергічная, Яўгенія Пятроўна зусім не выглядае на свае паважаныя гады. У яе жыцці перапляталіся і боль, і радасць, яна не скарылася цяжкасцям. У светлым і ўтульным доме становіцца яшчэ больш сонечна і цёпла, калі прыязджаюць дзеці з сем’ямі.

Перажыўшы горыч ваенных гадоў, ведае цану міру і згодзе. Бацьку забралі на фронт, пецярым дзецям разам з маці давялося апынуцца ў канцлагеры ў Слуцку. Назаўсёды засталіся перад вачамі твары загінуўшых аднакласнікаў. Усіх хлопцаў ворагі лічылі камсамольцамі.

Пашчасціла вырвацца з фашысцкага пекла толькі праз год і 3 месяцы – дзякуючы добрым людзям. Нейкі час хаваліся ў лесе, на хутары каля Шчэрбава. Так сям’я апынулася ў Малым Гарадзішчы. Месца жыхарства мяняць не сталі і тады, калі з вайны вярнуўся бацька.

– Жыццё паступова наладжвалася, працавалі, вучыліся, тата ўзначальваў цагляны завод. Труба ад печы, якую некалі ён узводзіў, умацоўваючы спецыяльным растворам, і сёння стаіць, – з гонарам зазначае жанчына. На яе грудзях зіхацяць медалі. Ёсць сярод іх і за выдатную працу – 48 гадоў Яўгенія  Пятроўна адпрацавала ў гандлі.

Жыццё яе не песціла. Рана засталася ўдавой, але ўсё ўмела рабіць сама. Касцюм пашые – ні адна швачка не дакажа, карціну выш’е – залюбуешся. Дзеці, унукі, праўнукі заўсёды спяшаюцца да любімай мамы і бабулі.

Яўгенія Пятроўна чакае цяпло, калі прырода ажывае, расцвітае сад, двор патанае ў кветках. Яна шчыруе на градках, шые для родных.

– Жыццё зараз прыгожае і шчаслівае. Толькі жыві, – адзначае Яўгенія Кудзін.

Працоўную эстафету ў Мала-гарадзішчанскім магазіне Яўгенія Пятроўна перадала Галіне Варвашэвіч. Галіна Дзмітрыеўна – выдатная гаспадыня. Любіць частаваць мужа, дзяцей, унукаў. Упэўнена, што з самых простых прадуктаў можна прыгатаваць арыгінальную страву.

Вясковы магазін – месца сустрэчы землякоў. Галіна Варвашэвіч і яе напарніца Яніна Хвайніцкая прыветна і ўсмешліва сустракаюць іх у магазіне. Прафесійная выкладка, разнастайны тавар – прадаўшчыцы ведаюць, як дагадзіць пакупніку.

Мясцовыя жыхары ўмоўна падзялілі аграгарадок на старую і новую вёскі. Новая – цагляная, газіфікаваная, дзе роўным строем выстраіліся дамы, узведзеныя па дзяржаўнай праграме адраджэння вёскі.

У адным з такіх дамоў па вуліцы Камсамольскай жыве мнагадзетная сям’я Наталлі і Міхаіла Саўчыкаў. Дзень, калі атрымалі ўласнае добраўпарадкаванае жыллё, лічаць адным з самых радасных. У новым доме нарадзіўся малодшы сын Сярожка. У дружнай сям’і не дзеляць абавязкі на мужчынскія і жаночыя, усё робяць разам. Раніцай у 6 гадзін маці спяшаецца на дойку – па гаспадарцы спраўляецца бацька, дапамагаюць і рабяты. У адзінаццацікласніка Вані зараз адказная пара – ён выпускнік. Шаснаццацігадовая Яна займаецца футболам і турызмам, пачатковец Сярожа аддае перавагу фізкультуры і матэматыцы.

Яшчэ адзін лёс, яшчэ адна гісторыя сям’і – Нілы і Івана Віхноўскіх. Ніла Уладзіміраўна каля двух дзесяцігоддзяў у мясцовай бытоўцы працавала закройшчыцай, Іван Іванавіч – бухгалтарам гаспадаркі, зараз перакваліфікаваўся ў школьнага лабаранта. Вырасцілі трох дачок, дзве з іх сталі настаўніцамі, малодшая пайшла ў медыцыну. Гонар сям’і – дзядуля Іван Сцяпанавіч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. На зіму ён перабіраецца да дачкі на Пружаншчыну, а як толькі прыходзіць вясна, зноў вяртаецца на родны хутар.

Двор Аліны Багушэвіч населены хатняй птушкай – індыкамі і качкамі. У свае 67 гадоў жанчына актыўная і поўная планаў. Трымае вялікую гаспадарку, працягвае працаваць. Дзеці выраслі працавітымі і добрымі. Усіх семярых вырасціла адна. Яны – яе радасць і ўцеха.

Нераўнадушныя, адкрытыя, шчырыя і творчыя людзі жывуць у Малым Гарадзішчы. Шмат цікавых гісторый могуць расказаць пра сваіх землякоў Валянціна і Міхаіл Карповічы. Пра вяскоўцаў яны гавораць цёпла, ад душы. І ў бібліятэцы, дзе Валянціна Іванаўна гаспадыняй амаль тры дзесяцігоддзі, і ў сельскім Доме культуры, дзе дырэктарствуе Міхаіл Іванавіч, сабраны цікавыя звесткі пра тутэйшых людзей і пра мясцовасць. Такі творчы сямейны дуэт нарадзіўся 35 гадоў назад у сёмы сакавіцкі дзень. З тых часоў муж і жонка – падтрымка адзін аднаму. Валянціна Іванаўна пачынала некалі кінамеханікам, а Міхаіл Іванавіч, перш чым прыйсці ў культуру, працаваў у міліцыі. Таленавітыя і энергічныя Карповічы прыўносяць у жыццё аграгарадка ноткі свята. Валянціна па сумяшчальніцтве вясковы стараста, ні адну просьбу землякоў не пакідае без увагі. Дапамагае бацькам і сын, які ў Малым Гарадзішчы ўчастковы інспектар.

…Асабліва прыгожыя малагарадзішчанскія вуліцы летам – калі рознага колеру кветкі буяюць ля сядзіб, у садах гудуць пчолы і вуліцы звіняць ад дзіцячых галасоў.
Апавядаць пра людзей, што ствараюць сённяшні дзень аграгарадка, можна бясконца. Кожны з іх піша сваю старонку ў гісторыі роднага краю.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Творча-сямейны дуэт Міхаіла і Валянціны Карповічаў

Маці і сын – Надзея і Валянцін Карпейчыкі.

Яўгенія Кудзін.

Мясцовыя прадаўцы Галіна Варвашэвіч і Яніна Хвайніцкая.

Непрывыкла сядзець без справы Ніла Віхноўская

Дружная сям'я Саўчыкаў амаль у поўным зборы, толькі Яна - на спаборніцтвах

Мікалай Касабуцкі - трактарыст райаграсэрвіса.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *