У рэгіёне з’явілася крама з дастаўкай дадому

Новы магазін на колах курсіруе па населеных пунктах Ляхавіцкага, Баранавіцкага і Клецкага раёнаў з канца мінулага года.

Гэта пятая ўжо аўталаўка ў райпо. Для абслугоўвання вяскоўцаў ПУП “Ляхавіцкі кааптранс” за сродкі інавацыйнага фонду набыў новенькі аўтамабіль МАЗ коштам 137 мільёнаў рублёў. Літаральна за некалькі дзён ён быў пераабсталяваны ў магазін на колах. Новая тэхніка даверана вопытнаму вадзіцелю Аркадзію Маслоўскаму, які выконвае і функцыі прадаўца.

Аўталаўку заўсёды з нецярпеннем чакаюць у населеных пунктах. Акрамя прадуктаў, тут можна набыць і прамысловыя тавары, а таксама зрабіць заказ на наступны раз. Аркадзій Маслоўскі імкнецца задаволіць попыт пакупнікоў (пераважная большасць з іх людзі сталага ўзросту), уважліва адносіцца да іх просьб і пажаданняў, паспявае пагутарыць з людзьмі. Таму і чакаюць аўталаўку з нецярпеннем.

Папулярнасцю ў насельніцтва карысталася і акцыя райпо “Шчодрая зіма”, якая праводзілася з 25 снежня па 7 студзеня. Падчас яе былі зніжаны гандлёвыя надбаўкі на пэўныя віды прадуктовых тавараў.

У сярэднім за месяц новая аўталаўка атрымлівае 30-35 мільёнаў выручкі, гэта больш, чым некаторыя стацыянарныя гандлёвыя кропкі.

Вяскоўцы ўпэўнены, што пры любых умовах надвор’я аўталаўка прыедзе абавязкова.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *