Што такое Калёня?

Калёняй мясцовыя жыхары называлі месца пасялення палякаў. У размове вяскоўцы замест слова «калонія» вымаўлялі «калёня». Тлумачэнне назвы зрабілі пачаткоўцы СШ № 2 пад кіраўніцтвам настаўніцы Ніны Юрчык.

Невялікі і ўтульны аграгарадок Малое Гарадзішча мае сваю цікавую гісторыю. Хоць тут і не адбывалася маштабных падзей, але ў гэтых мясцін багатае мінулае. З даўніх часоў тут жылі людзі, апрацоўвалі зямлю, гадавалі дзяцей, абаранялі свой край ад ворагаў.   А што мы ведаем пра сваіх продкаў, пра гісторыю родных мясцін? Ці памятаем, адкуль пайшла тая ці іншая назва?

У свой час Малое Гарадзішча стала цэнтрам гаспадаркі, сельсавета. Побач – Вялікае Гарадзішча, Волька, Завінне, Марынова, Падсаколле, Крывое Сяло, Літоўка. Пра кожную з вёсак ёсць што расказаць.

Завінне ўзгадваецца з 1589 года. У 1941-ым тут ішлі жорсткія баі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У брацкай магіле пахаваны 245 байцоў Чырвонай Арміі.   Марынова з’явілася пасля адмены прыгоннага права. А ў Малым Гарадзішчы і Крывым Сяле ў пачатку 20-х гадоў адкрыліся першыя школы…

Пасля Вялікай Айчыннай вайны вёсках пачалі арганізоўвацца калгасы – у акрузе налічвалася аж 7 калектыўных гаспадарак. Нялёгкі той час успамінае былая настаўніца мясцовай школы Надзея Карпейчык: “Часта ў думках вяртаюся да той вёскі, якая толькі станавілася на ногі. Не было нічога – толькі рукі людскія… Але як бы цяжка ні даводзілася, я заўсёды з цяплом успамінаю тыя часы”.

Хараство роднага краю, назва тых мясцін, дзе нарадзіліся, кранаюць душу. Бярэзнік, Чабакоўшчына, Калёня, Пастушкава паляна, поле Грынцэвічаў, поле Рутвінскіх – як можна забыць гэтыя сцяжынкі дзяцінства?!

На Калёні некалі была пачатковая Малагарадзішчанская школа, якая прыняла сваіх першых вучняў 1 верасня 1938 года. Гэта вельмі прыгожае месца, з усіх бакоў яго абдымаў лес. У гады Вялікай Айчыннай у будынку школы знаходзіўся нямецкі штаб. Пасля заканчэння вайны паўразбуранае памяшканне адрамантавалі і вучоба дзяцей прадоўжылася.

Поле Грынцэвічаў, поле Рутвінскіх славіліся добрым ура-джаем бульбы, Пастушкава паляна – грыбамі, а ў Бярэзніку, за сялом, вяскоўцы пасвілі сваю жывёлу.   Жылі тут Віхноўскія, Карпейчыкі, Бурчыцы, Півавары, Пастушкі, Жывіцы. З расказа Галіны Жывіцы: “Дзяцінства і юнацтва прайшло на хутары пры лесе ў мястэчку Пожар. Пасля заканчэння школы вучылася ў Пінскім педвучылішчы, затым на філфаку Белдзяржуніверсітэта… Я імкнулася паспытаць сябе ў многім. У паэзіі, у спевах. Была салісткай народнага ансамбля “Палескія світанкі”, аб’ездзіла з гэтым калектывам усю Беларусь, гастралявалі ў Польшчы, Германіі, Францыі, Канадзе, Грэцыі і ў іншых краінах свету. Пашчасціла сустрэцца з многімі вядомымі музыкантамі: Цітовічам, Дрынеўскім, Роўдай, Семянякам, Захлеўным…

Маю вялікую радню, сярод якіх самыя блізкія людзі – сёстры, брат, матуля, бацька, які быў вядомым на ўсю акругу музыкантам-самавучкам. Люблю родныя мясціны:

Ну, страчай мяне,

роднае Рымшава поле,–

Стракацяць дзьмухаўцы

бесклапотна ва ўсю,

Нібы кветкі,

прынесла падзяку ў прыполе

Ад нашчадкаў

я дзеду свайму Кастусю.

Тут ён гэты суглінак

упарта скародзіў,

Клапаціўся пра дзетак,

пра будучнасць марыў,

Як у новай кашулі

з сявенькай выходзіў

І высейваў надзею

на тыя гектары.

Тут ён жаўранка слухаў

і цешыўся ўсходам,

Дбаў пра колас цяжкі

і не ведаў спачыну,

Працаваў-шчыраваў

аж да сёмага поту,

Каб сямейка не зведала

смаку мякіны.

І скаралася ты прад

заўзятым ратаем:

Зерне прутка цяснілася

ў коласе зноў,

І ўзыходзіла сонца

крутым караваем

Над Гарэшнікам праз

малако туманоў…”

У Вялікую Айчынную вайну большая частка мужчынскага насельніцтва пайшла на фронт. 126 землякоў не вярнуліся назад. Сёння ў Малым Гарадзішчы жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Віхноўскі і вязні фашысцкіх канцлагераў Яўгенія Кудзін і Таццяна Віхноўская.

Сучасная вёска мае развітую інфраструктуру – сярэдняя школа і філіял музычнай школы, дзіцячы сад, магазін, ФАП, лазня, Дом культуры з бібліятэкай, аддзяленне ЦБП Беларусбанка і пошта. У цэнтры населенага пункта – двухпавярховыя катэджы, пабудаваныя па праграме адраджэння вёскі. У 2002 годзе ў Малое Гарадзішча прыйшло блакітнае паліва. Вёска стала аграгарадком.

Валянціна КАРПОВІЧ,

бібліятэкар Малагарадзішчанскай СБ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Транспарт, які не падводзіць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *