Разбор “пралётаў”. У аўторак адбылося пазачарговае пасяджэнне Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта

Шырокі спектр пытанняў у рамках вузкай тэмы – фінансавы стан сельскагаспадарчых арганізацый Ляхавіччыны на прыкладзе ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” і ДП “Востраў-Агра” – належала разгледзець, абмеркаваць і вызначыцца з рашэннем членам галоўнага выканаўчага органа раёна.

Пазачарговасць збору тлумачыцца, у тым ліку, і хуткім стартам веснавой палеткавай актыўнасці. Дарэчы, некаторыя аперацыі комплексу яравых работ можна і трэба выконваць ужо “ўчора”. Напрыклад, працаваць з арганікай, “закрываць” вільгаць і г.д. А каб не паўтарыцца ў горшых сцэнарыях, “пралётах” мінулага года, карысна прааналізаваць, яшчэ раз прайсціся маршрутам сезона-2015. Лепшае з былога ўзяць на ўзбраенне, пра дрэннае, няўдачы, недапрацоўкі памятаць, але выключна з мэтай паўторнага недапушчэння. На гэтым акцэнтаваў увагу старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч. “Спадзявацца на сябе. Жыццёва важнай для АПК задачай з’яўляецца неабходнасць зніжэння вытворчых выдаткаў мінімум на  25 працэнтаў”, – падкрэсліў кіраўнік раёна.

Для АПК Ляхавіччыны 2015 год атрымаўся ў прамым сэнсе хлебным. Палеткі зерневых парадавалі вяскоўцаў, аддзячылі ім за клопат добрым ураджаем. Важкасць сярэднераённага гектара сфарміравала рэкордны для нас зерневы вал – больш за 70 тысяч тон у чыстым выглядзе. Але гэта бадай адзіная ў раслінаводстве пазіцыя, у чым мінулы сезон выгадна адрозніваўся ад пазамінулага. Змінусавала вытворчасць бульбы, заметна горшым аказаўся намалот насення рапсу, амаль на трэць менш салодкім быў збор цукровых буракоў.

У жывёлагадоўлі раёна азначаны рост шэрагу паказчыкаў. Нягледзячы на некаторае зніжэнне ў параўнанні з 2014 годам сярэднясутачных прываг буйной рагатай жывёлы, агульны аб’ём вытворчасці мясной прадукцыі вырас на 2 працэнты. Надой малака павялічыўся на 4,5 працэнта, удойнасць сярэднераённай рагулі вырасла за год амаль на 200 кілаграмаў. Пры гэтым гаварыць пра прыбытковасць вытворчасці ялавічыны не даводзіцца: чым больш аб’ёмы яе вытворчасці, тым больш тлустым атрымліваецца мінус у графе ”выручаныя сродкі”. Відавочна, і пра гэта гаварылася падчас пасяджэння, што пытанне зніжэння сабекошту прадукцыі для мясной жывёлагадоўлі з’яўляецца вельмі актуальным. Пакуль жа маем, што маем: ні аднаму з сельгаспрадпрыемстваў раёна вытворчасць ялавічыны не прыносіць прамой эканамічнай выгады.

Тое, што губляецца на мясе, у некаторай ступені кампенсуецца продажам малака. Выгадная справа і, фактычна, адзіная для гас-падарак круглагадова-стабільная крыніца заробкаў. У мінулым годзе гэта галіна раёна спрацавала з амаль 15-працэнтнай выгадай. У асобных гаспадарках даны паказчык склаў 25, 23, 20 працэнтаў. Але ёсць такія, хто і тут страціў.

Увогуле, як неаднойчы і ў розных інтэрпрэтацыях гучала ў ходзе пасяджэння, малочныя здабыткі раёна маглі б быць істотна больш важкімі. На недапрацоўках у вядзенні племянной работы, на розніцу ў цане паміж гатункамі экстра і вышэйшым, вышэйшым і першым гаспадаркі раёна страцілі не адзін мільярд рублёў. У гэтым накірунку нашым аграрыям ёсць куды расці. Для прыкладу: сярэднеабласны паказчык продажу малака гатункам экстра складае 66 працэнтаў, аналагічная раённая лічба мяняецца ў межах 40-44.  Тры сельгаспрадпрыемствы Ляхавіччыны завяршылі справаздачны год са стратамі. Гэта дзяржпрадпрыемствы “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”.

Ляхавіцкі райаграсэрвіс хоць паказаў летась станоўчую – 0,7 працэнта – рэнтабельнасць, па шэрагу асноўных фінансава-эканамічных паказчыках зрабіў крок-паўкрока назад у параўнанні з папярэднім годам. Амаль на трэць упала сума выручкі ад рэалізацыі тавараў і паслуг як у цэлым па прадпрыемстве, так і ў пераразліку на аднаго работніка, меншымі сталі сярэднясутачныя прывагі жывёлы, вытворчасць малака.

Дырэктар акцыянернага таварыства Дзмітрый Несцяровіч не аспрэчвае: у мінулым годзе прадпрыемства заметна страціла ў вытворчасці, адпаведна – рэалізацыі сельскагаспадарчай тэхнікі. Райаграсэрвіс, як вядома, выступае пасрэднікам у пастаўках гаспадаркам раёна мінеральных удабрэнняў. Леташнія аб’ёмы перавалкі тукаў таксама аказаліся меншымі. Не такім урадлівым выдаўся салодкі палетак: цукровых буракоў сабрана на 1200 тон менш, чым годам раней. У выпадку з бульбай, малаком, прадукцыяй вырошчвання таксама рэгрэс у параўнанні з 2014 годам. Усё гэта і, магчыма, нешта яшчэ і не дазволіла райаграсэрвісу выйсці па фінансах на хоць бы свой ранейшы ўзровень.

Але ўсё з вышэйпералічанага толькі наступствы, у якіх ёсць свае прычыны. Парушэнні тэхналагічнай ці працоўнай дысцыпліны, недапрацоўкі на канкрэтных рабочых месцах, неадпаведная якасць і недастатковая колькасць кармоў, кадры… У тым ліку і падобныя тэмы ўзнікалі ў ходзе ацэнкі леташніх вынікаў фінансава-гаспадарчай дзейнасці ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. У меншай ступені дзеля крытыкі, асноўная мэта – не збіцца яшчэ раз на той жа шлях.

Пра вытворчыя “поспехі” ДП “Востраў-Агра” гаварыць можна многа і разгорнута. Што, дарэчы, і адбывалася падчас справаздачнага пасяджэння райвыканкама. А можна быць лаканічным, канстатаваць у агульных рысах ужо ўзгаданы незайздросны факт: па выніках леташняй работы “Востраў-Агра” паказаў мінус 11 працэнтаў рэнтабельнасці. Годам раней, для параўнання, гэты паказчык уяўляў сабой нейтральны нуль. Прычыны піке? У нечым яны маюць агульны корань і характэрны для многіх не самых паспяховых вытворчых структур. Зрэшты, размова пра гэта ўжо заходзіла – у выпадку з ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *