Страсці па Мінічах

Рыбалка стала захапленнем для многіх нашых землякоў. Але, маючы такое хобі, каб не стаць браканьерам, неабходна  прытрымлівацца ўстаноўленых заканадаўствам правілаў здабычы рыбы, якія канкрэтна акрэсліваюць тэрміны, спосабы лоўлі і   месцы, нормы вылаву.

Летась суд Ляхавіцкага раёна разгледзеў 2 крымінальныя справы, звязаныя з незаконнай здабычай рыбы. Двое жыхароў вёскі Тухавічы замест дазволеных 5 кілаграмаў рыбы на чалавека здабылі… 442 шчупакі, 427 акунёў, 220 плотак і іншай рыбы агульнай вагой больш за 130 кілаграмаў. Парушальнікаў затрымалі супрацоўнікі Ганцавіцкай міжрайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Навакольнаму асяроддзю гора-рыбакі нанеслі шкоду на суму амаль 300 мільёнаў рублёў.

Намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Аляксандр Траяноўскі агучыў яшчэ адзін факт: на вадасховішчы Мінічы сямейная пара сеткамі за ноч налавіла 12 кілаграмаў рыбы. Сеткі самі па сабе з’яўляюцца забароненымі для рыбалоўства прыладамі, да таго ж здабыча рыбы вялася ў забаронены час. Нанесеная навакольнаму асяроддзю шкода ацэнена  ў 73 мільёны рублёў.

У абодвух выпадках шкода навакольнаму асяроддзю вызначаецца асабліва буйным памерам, дзеянні вінаватых асоб кваліфікаваны па частцы 4 артыкула 281 Крымінальнага кодэкса. З улікам таго, што абвінавачаныя прызналі сваю віну, суд прызначыў ім пакаранне ад 1 да 2 гадоў пазбаўлення волі з устанаўленнем выпрабавальнага тэрміну. З асуджаных спагнана ў поўным аб’ёме шкода, нанесеная навакольнаму асяроддзю незаконнай здабычай рыбы.

У нашым раёне спецыялісты міжрайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету ў мінулым годзе выявілі 40 парушэнняў правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства: 18 на вадасховішчы Мінічы (арандатар ПУП “Мыслабаж”), 3 – Нетчын (ААТ “Барскае сяло”), 19 – у фондзе запасу рыбалоўных угоддзяў.

Вадасховішча Мінічы заўсёды вабіць аматараў адпачынку з вудачкай ці спінінгам: уловы тут важкія і прырода цудоўная. У 2014 годзе быў аб’яўлены аўкцыён на перадачу Мінічаў у арэнду. За права стаць часовым уладальнікам угоддзяў змагаліся дзве арганізацыі. У канкурэнтнай барацьбе перамогу атрымала прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Мыслабаж” (кіраўнік Наталля Бярнацкая). У вадасховішчы праведзена зарыбленне: выпушчана 2500 малькоў таўсталобіка, які, дарэчы, будзе ачышчаць вадаём ад водарасцяў, і 625 белага амура. Акрамя таго, арандатары добраўпарадкавалі тэрыторыю: устаноўлены альтанкі і навесы для адпачынку.

Як патлумачыў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Баргамон, Міністэрства сельскай гаспадаркі даводзіць да кожнага арандатара квоту на вылаў і продаж рыбы. “Мыслабажы” летась (як і сёлета) трэба было вылавіць 165 цэнтнераў рыбы, яшчэ  50 цэнтнераў было запланавана для вылаву рыбакамі-аматарамі. Рыбная лоўля тут платная: кошт пуцёўкі – 70 тысяч рублёў.  Менавіта гэта акалічнасць выклікала страсці па рыбнай лоўлі на гэтым вадасховішчы. Аматары-рыбаловы звярнуліся ў райвыканкам з просьбай дазволіць бясплатную рыбную лоўлю на вадасховішчы Мінічы, бо яно “з’яўляецца прыродным рэсурсам і адносіцца да народнага багацця”.

Як адзначыў Сяргей Баргамон, тэрмін арэнды Мінічаў –  10 гадоў, ён можа быць спынены, калі арандатар не выконвае ўзятыя на сябе абавязкі. Да ПУП “Мыслабаж” асаблівых прэтэнзій няма. У чэрвені 2015 года раённая камісія дасканала праверыла тэрыторыю вадасховішча на адпаведнасць патрабаванням прыродаахоўнага заканадаў-ства і пераканалася, што там створаны ўсе ўмовы для вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і арганізацыі платнай лоўлі рыбы. Такога ж меркавання прытрымліваецца і начальнік Ганцавіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргей Крысюк: “З таго моманту, як арандатарам вадасховішча Мінічы стала ПУП “Мыслабаж”, умовы для рыбаловаў-аматараў значна палепшыліся. Шмат зроблена па добраўпарадкаванні тэрыторыі каля вадасховішча. Чаго не скажаш, напрыклад, пра вадаём Нетчын, які знаходзіцца ў часовым карыстанні ТАА “Барскае сяло”, дагавор на арэнду з якім, магчыма, будзе спынены.

На сённяшні дзень у арэндзе знаходзяцца 5 размешчаных на тэрыторыі раёна водных аб’ектаў. Акрамя названых, Востраў – Ляхавіцкай раённай структуры таварыства паляўнічых і рыбаловаў, Сакуны – СВК “Шлях новы”, Ляхавіцкая – прыватнага прадпрыемства “Ціхі плёс”.   Наконт леташняга раённага задання на вылаў таварнай рыбы. Найбольш выніковымі аказаліся Сакуны, дзе вылавілі 2942 кілаграмы рыбы, у сваіх угоддзях “Ціхі плёс” здабыў 800, а раённая структура БТПР у Востраве – 1900 кілаграмаў рыбы. “Барскае сяло” ў выкананні задання і па пэўнай прычыне не ўдзельнічала.

Але сёлета пытанняў да яго становіцца ўсё больш.  Па словах Сяргея Баргамона, да СВК “Шлях новы”, які яшчэ напрыканцы 2014 года прафінансаваў зарыбленне вадасховішча Сакуны, і Ляхавіцкай РАС БТПР як да арандатараў прэтэнзій не ўзнікае. Было б няблага, каб паклапаціліся пра свае аб’екты і іншыя гаспадары.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *