Залог поспеху – парадак і адказнасць

У час наведвання прадпрыемства

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 сакавіка наведаў СААТ «Камунарка». Кіраўніку дзяржавы далажылі аб тым, як выконваюцца яго даручэнні па развіцці прадпрыемства, аб рэалізацыі мерапрыемстваў па рэканструкцыі і мадэрнізацыі СААТ «Камунарка» і павышэнні канкурэнтаздольнасці выпускаемай прадукцыі. Прэзідэнт азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці новых відаў прадукцыі на мадэрнізаваным абсталяванні, з вытворча-эканамічным і фінансавым станам прадпрыемства. Прэзідэнт наведаў цэхі прадпрыемства, азнаёміўся з вытворчасцю новых відаў кандытарскіх вырабаў на мадэрнізаваным абсталяванні, з выстаўкай выпускаемай прадукцыі і застаўся задаволены ўбачаным.

Салодкая вытворчасць

Як растлумачыў генеральны дырэктар СААТ «Камунарка» Іван Данчанка, дзякуючы праведзенай мадэрнізацыі на прадпрыемстве істотна павялічылі выпуск прадукцыі, а таксама пашырылі яе асартымент. Беларуская салодкая прадукцыя пастаўляецца ў 17 краін свету.

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускія вытворцы павінны актыўна пашыраць спектр выпускаемай прадукцыі, арыентавацца на попыт пакупнікоў. Але разам з павелічэннем асартыменту ні ў якім разе не павінна пагаршацца якасць. Кіраўніцтва прадпрыемства запэўніла: гэтаму пытанню ўдзяляецца асаблівая ўвага. Па выніках першага квартала на «Камунарцы» выконваюцца ўсе асноўныя паказчыкі, расце аб’ём выручкі і продажаў на знешніх рынках, зніжаюцца запасы гатовай прадукцыі. Такім чынам, дзякуючы ўвазе дзяржавы прадпрыемства са стратнага ператвараецца ў прыбытковае.

Асаблівую ўвагу Прэзідэнт удзяліў пытанням гандлю і лагістыкі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што айчынныя вытворцы павінны вучыцца ў замежных калег, пераймаць іх вопыт.   Кіраўнік дзяржавы таксама сустрэўся з працоўным калектывам і адказаў на пытанні, якія датычацца далейшага развіцця прадпрыемства, маючай адбыцца пенсійнай рэформы і змяненняў у аплаце жыллёва -камунальных паслуг.

Захаваць  і мадэрнізаваць

Прэзідэнт адзначыў, што яго даручэнне па мадэрнізацыі «Камунаркі» ў асноўным выканана: 95 працэнтаў з намечанага ўжо зроблена, 5 працэнтаў яшчэ трэба будзе зрабіць. «Мадэрнізацыю, якую цяпер ажыццявілі, ніводны прыватнік не праводзіў бы», – лічыць Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, у полі зроку дзяржавы і ў далейшым павінны заставацца прадпрыемствы (і не прыватызавацца), якія маюць стратэгічна важныя напрамкі, у прыватнасці, займаюцца вытворчасцю прадуктаў харчавання.

Прэзідэнт лічыць важным, што ў краіне ўдалося захаваць «Камунарку» і «Спартак», прадукцыя якіх цяпер шырока вядома. Закранаючы ранейшую сітуацыю на «Камунарцы», Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: на жаль, некаторыя інвестары часам больш думаюць пра ўласную выгаду, а не пра інтарэсы працоўнага калектыву. Ён растлумачыў, што менавіта гэтым было матывавана яго папярэдняе рашэнне аб тым, каб выключыць з дзейнасці «Камунаркі» нядобрасумленнага інвестара.

Кіраўнік дзяржавы асабліва закрануў пытанне захавання рабочых месцаў на прадпрыемстве. Паколькі на «Камунарцы» ў асноўным працуе жаночы калектыў, то, безумоўна, рабочыя месцы тут абавязкова павінны быць захаваны.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на той факт, што час цяпер няпросты, але разам з тым ён не крытычны і не катастрафічны, цяжкасці рана ці позна пройдуць. «Трэба перастаць ныць і пачынаць працаваць. І трэба спыніць усялякую балбатню ва ўрадзе, што, маўляў, прыйдзе прыватнік і вырашыць усе пытанні. Цяпер трэба жыць і развівацца, – перакананы Кіраўнік дзяржавы. – Лішніх грошай сёння няма, таму іх трэба выкарыстоўваць рацыянальна, па-гаспадарску».

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што залогам паспяховай дзейнасці прадпрыемстваў і функцыянавання дзяржавы з’яўляюцца парадак і адказнасць. Звяртаючыся да работнікаў прадпрыемства, ён адзначыў: «Вы больш спакойна рэагуйце, калі я вельмі жорстка падыходжу з усімі патрабаваннямі да асобных чыноўнікаў, бізнесменаў і працоўных калектываў». Як лічыць Прэзідэнт, «краіну лёгка выпусціць з рук, а потым усё гэта сабраць будзе або вельмі дорага, або немагчыма». У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю ва Украіне. «Таму павінны быць перш за ўсё парадак і адказнасць», – запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Месцы для добрых  спецыялістаў

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі будуць «ствараць рабочыя месцы для добрых спецыялістаў – спецыялістаў заўтрашняга дня». Пры гэтым у Беларусі, як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, не дадуць у крыўду людзей, у якіх ужо 20-30-гадовы стаж за плячамі. Такія спецыялісты спакойна дапрацуюць да пенсіі і змогуць працаваць далей. «Але пастаянна будзе гэта канкурэнцыя рабочай сілы. Так усюды», – нагадаў Аляксандр Лукашэнка і запэўніў, што ў Беларусі ніхто не застанецца без работы, і звярнуў увагу, што па яго даручэнні ў гэтым годзе будзе створана 50 тысяч рабочых месцаў.

Пенсійнае пытанне:  паступова і акуратна

Закранаючы тэму пенсійнага ўзросту, Прэзідэнт адзначыў, што з’яўляецца прыхільнікам яго паэтапнага павелічэння на 3 гады.    «Я схіляюся да таго, што мы павінны ісці паступова і акуратна, – адзначыў Кіраўнік дзяржавы. – Я прыхільнік таго, каб пенсійны ўзрост павысіць на 3 гады, кожны год па палавінцы. І так мы спакойна, за шэсць-сем гадоў зможам прайсці гэтыя тры гады». «Не трэба думаць, што калі перадпенсійны ўзрост – выкінуць на вуліцу. Калі не працуеш, цябе і ў неперадпенсійным узросце звольняць. Цяпер трэба выкладвацца, – лічыць Прэзідэнт. – Але калі пенсіянер можа працаваць, добры спецыяліст і яшчэ можа падрыхтаваць сабе замену, то яму наогул трэба даплачваць, як настаўніку, таму што падрыхтаваць спецыяліста – гэта вялікія грошы».

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму ў краіне вымушаны пайсці на такі крок. «Зарплата ў людзей невысокая і не расце па краіне. А пенсійны фонд фарміруецца з зарплаты. Калі не расце зарплата, а цэны ўсё ж такі рухаюцца, такім чынам, няхай на паўпрацэнта, на працэнт жыццёвы ўзровень падае, – сказаў Прэзідэнт. – Паўстае пытанне: што рабіць? Змяншаць пенсіі? На гэта мы пайсці не можам. Нельга крыўдзіць людзей». «Для мяне як бацькі важна тое, каб мы на сваіх дзяцей гэтыя праблемы не перакладвалі», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што не бачыць вялікіх праблем і ў плане рабочых месцаў. «Створым мы рабочыя месцы і ствараем. Трэба напружыць тых кіраўнікоў, якія павінны стварыць рабочыя месцы, і самім ствараць малыя, сярэднія, буйныя прадпрыемствы, каб былі новыя месцы. Мы і гэты шлях задзейнічаем», – сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама структуру самой пенсійнай сістэмы ў Беларусі. Прэзідэнт расказаў, што ў свой час яму прапаноўвалі змяніць існуючую ў краіне пенсійную сістэму на накапляльную. Аднак ён не падтрымаў гэту ініцыятыву, пры гэтым дазволіўшы яе на добраахвотнай аснове. «Можа, калі-небудзь наша грамадства прыйдзе да таго, каб разбурыць гэту сістэму і пакінуць толькі накапляльную», – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Рэзанансныя тарыфы

Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў яшчэ адну рэзанансную тэму – павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. «Мы зробім так, як будзе лепш для людзей. Гэта я вам цвёрда абяцаю! Калі будзе немагчыма, я вам скажу аб гэтым і разлажу ўсе гэтыя лічбы, паказчыкі. Усё роўна я буду на вашым баку», – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.  Аляксандр Лукашэнка расказаў, што пасля пераліку Камітэтам дзяржаўнага кантролю кошту жыллёва-камунальных паслуг высветлілася, што насельніцтва кампенсуе расходы не на 30 працэнтаў, а на 40,2 працэнта.

«За кошт зніжэння сабекошту паслуг ЖКГ мы да канца года будзем кампенсаваць 50 працэнтаў кошту паслуг. Гэта значыць не за кошт павелічэння тарыфаў, а за кошт камунальнікаў. Яны там скароцяць сабекошт, затраты», – адзначыў Кіраўнік дзяржавы, паведаміўшы, што ў бліжэйшы час падпіша адпаведны ўказ.

Прэзідэнт адзначыў, што рашэнне па тарыфах на наступны год будзе прымацца зыходзячы з работы эканомікі. «Можа, мы не на 25 працэнтаў зможам павысіць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, а толькі на 2 працэнты, а можа, наогул нічога. Таму пажывём – пабачым», – сказаў ён. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што людзі часта неберажліва ставяцца да рэсурсаў. «Эканоміць людзі пачнуць толькі тады, калі гэта будзе каштаваць чагосьці. Але пакуль мы дамовіліся, колькі гэта будзе каштаваць», – дадаў Прэзідэнт.  Ён адзначыў, што ў Беларусі будзе мадэрнізавацца сістэма аказання паслуг ЖКГ, зыходзячы з сусветнага вопыту.

Цэны пад кантролем

Адказваючы на пытанне адносна рэгулявання цэн на сацыяльна значныя тавары, Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі захаваецца кантроль за цэнаўтварэннем.   Паводле яго слоў, у I квартале ў сярэднім па краіне ўжо ёсць больш за 4 працэнты росту цэн, вялікую ўдзельную вагу ў гэтым складаюць жыллёва-камунальныя паслугі.  Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яго больш за ўсё непакоіць рост цэн у сферы гандлю. Дзяржава будзе прымаць строгія меры ў выпадку, калі выявіць неабгрунтаванае завышэнне цэн.    Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў краіне створана моцная сістэма кантролю за цэнаўтварэннем, існуе антыманапольнае заканадаўства.

Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *