Каб не памёр, то захварэў бы…

Гэта шкодная звычка паступова пераходзіць у небяспечную хваробу, набывае статус сапраўднай эпідэміі, якая ахапіла вялікія і маленькія краіны. Кураць мужчыны і жанчыны, дзеці і старыя людзі – употай і ва ўсіх на вачах, на вуліцы і дома, дарагія цыгарэты і паднятыя з зямлі недакуркі. Курэнне не толькі пагаршае здароўе аматара “пасмаліць”, але і шкодна ўздзейнічае на навакольных. Такім чынам гэта не індывідуальная хвароба, а сацыяльная.
Жаночае курэнне – адна з трагічных з’яў нашай рэчаіснасці. Па сваёй прыродзе прадстаўніцам прыгожай паловы наканавана даваць жыццё іншым, клапаціцца пра дзяцей і сям’ю. Калі некалькі дзесяцігоддзяў таму ўбачыць на вуліцы дзяўчыну ці цяжарную жанчыну, якая курыць, – было надзвычайнай з’явай, то цяпер гэтым ужо нікога не здзівіш.
А колькі праблем з-за аматараў выкурыць цыгарэту-другую ў так званых пасіўных курцоў. Людзі, здавалася б, вядуць здаровы лад жыцця, не маюць шкодных звычак, але яны вымушаны ўдыхаць чужы дым дома, на вуліцы, на рабоце. І ім даводзіцца хварэць тымі ж хваробамі, што і аматарам тытуню, іх нездароўе часта на сумленні апошніх.
Самыя распаўсюджаныя хваробы, звязаныя з курэннем, – разнастайныя анкалагічныя захворванні. Медыкі ўстанавілі, што рана ці позна амаль ва ўсіх курцоў з’явіўся б рак. І калі хтосьці не захварэў гэтай страшнай хваробай, то толькі таму, што памёр па іншай прычыне. Вельмі распаўсюджаная прычына смерці курцоў – хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы, у прыватнасці інфаркты і інсульты. Справа ў тым, што рэчывы, што знаходзяцца ў тытунёвым дыме, вы-клікаюць спазмы мускулатуры, якая пераціскае сценкі крывяносных сасудаў, крыві такім чынам цяжка рухацца, і арганізм вымушаны павялічваць нагрузку на свой матор – сэрца. І як наступства – павышаецца артэрыяльны ціск. Спазмы спыняюцца, і сасуды зноў расшыраюцца, а сэрца, не паспеўшы перабудавацца, гоніць па іх кроў з лішкам, і тады самі сасуды звужаюцца ў мэтах абароны. Ад пастаяннага звужэння-расшырэння губляецца эластычнасць сценак сасудаў, што становіцца прычынай сардэчнай недастатковасці, гіпертаніі, ішэміі.
Акрамя таго, курыльшчыкі схільныя да бранхіту, гастрыту, захворванняў скуры і рота, язваў, катаракты і інш.
Нават, здавалася б, такія простыя хваробы як вострыя рэспіраторныя захворванні, ангіны здольны стварыць вялікія праблемы для аматараў пакурыць. Нікацін і іншыя шкодныя рэчывы, што ўтрымліваюцца ў тытунёвым дыме, значна аслабляюць імунітэт. У такіх людзей рызыка ўскладненняў, што прыводзяць да смерці, значна вышэй, чым у тых, хто не курыць.
Адным з надзвычай цяжкіх наступстваў ад працяглага курэння медыкі вызначаюць дэградацыю асобы. Запавольванне і спрашчэнне разумовых працэсаў, інтэлектуальны спад звязаны з парушэннем кровазабеспячэння мозгу – розум не толькі не развіваецца, а, наадварот, разбураецца. А без розуму чалавек перастае быць чалавекам.
Перш чым закурыць, спытайце сябе: “Мне такі лёс патрэбны?”
Марына ЗАВАДСКАЯ, сацыёлаг райЦГіЭ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *