Жыццёва важна выбраць аптымальную пенсійную стратэгію

Пенсійная тэма хвалюе літаральна кожнага чалавека, паколькі закранае непасрэдна яго асабістыя інтарэсы. На разглядзе ў Кіраўніка дзяржавы цяпер знаходзяцца тры варыянты, прапанаваныя ўрадам. Канчатковае рашэнне будзе прынята пасля іх шырокага абмеркавання. Яно ўжо ідзе поўным ходам. Але, пагадзіцеся, меркаванні павінны грунтавацца на разуменні сітуацыі, а не зыходзіць з пастулата «хачу – не хачу». Карэспандэнт БЕЛТА звярнулася да міністра працы і сацыяльнай абароны Мар’яны Шчоткінай з просьбай расказаць пра тое, на якім сацыяльна-эканамічным скрыжаванні мы цяпер знаходзімся і якія магчымы варыянты.

– Мар’яна Акіндзінаўна, пенсійнае пытанне прынята лічыць ключавым у сацыяльнай сферы, што бясспрэчна і безумоўна. Але, на жаль, значна радзей гавораць пра тое, што гэта і пытанне эканомікі. Вельмі хацелася б ведаць сацыяльна-эканамічную падаплёку беларускага пенсійнага пытання.
– Адна з важнейшых задач дзяржавы – забяспечыць выплату пенсій своечасова і ў поўным аб’ёме. Гэта ўжо ўспрымаецца людзьмі як аксіёма, бо дзяржава дакладна выконвае свае абавязацельствы. Аднак пытанне пенсійных выплат – гэта тэарэма, якую трэба даказваць… з улікам пенсійных адлічэнняў.
Выплата пенсій заўсёды фінансуецца работнікамі: менавіта яны ствараюць ВУП, доля якога накіроўваецца на матэрыяльнае забеспячэнне пенсіянераў. Таму любая пенсійная сістэма залежыць ад суадносін паміж працаздольнымі і пажылымі людзьмі, гэта значыць ад дэмаграфічнай структуры насельніцтва. І,вядома, ад работы эканомікі (у гэтым выпадку ўплыў аказвае фонд заработнай платы).
Давайце паглядзім, як вызначаецца сярэдні памер пенсіі. Уявіце сабе дроб: у лічніку – фонд заработнай платы, памножаны на страхавы тарыф, у назоўніку – колькасць пенсіянераў. Каб рэзультат (сярэдні памер пенсіі) быў вышэйшы, трэба або павялічыць лічнік – фонд заработнай платы і (або) страхавы тарыф, або зменшыць назоўнік (колькасць пенсіянераў). Вось такая, здавалася б, простая і зразумелая арыфметыка. Пытанне ў тым, якім чынам дасягаць выніку.
– Павышаць страхавы тарыф эканамічна немэтазгодна (ударыць па канкурэнтаздольнасці прадукцыі), фонд заработнай платы франтальна не павялічыцца (павінен адпавядаць росту прадукцыйнасці працы). Такім чынам, застаецца толькі змяншэнне назоўніка – і гэта азначае павышэнне пенсійнага ўзросту, якое прывядзе да змяншэння колькасці пенсіянераў. Зрэшты, усе краіны з высокай доляй пажылых людзей лічаць павышэнне пенсійнага ўзросту найлепшым выйсцем.
– Сапраўды, за апошнія дзесяцігоддзі колькасць пажылых людзей значна павялічылася. Як вядома, па крытэрыях ААН насельніцтва краіны лічыцца старым, калі доля асоб ва ўзросце 65 гадоў і старэйшых перавышае 7 працэнтаў. У нашай краіне – 14,2 працэнта.
Загадзя прашу выбачэння за мноства лічбаў, але яны лепш за словы ілюструюць дэмаграфічны зрэз грамадства. Зрэшты, удзельная вага асоб у пенсійным узросце ў агульнай колькасці насельніцтва рэспублікі павялічылася з 13,6 працэнта ў 1960 годзе амаль да 25 працэнтаў у 2015 годзе і, паводле ацэнкі, да 2030 года складзе 30 працэнтаў. Калі цяпер кожны чацвёрты жыхар Беларусі – пенсіянер, то праз 15 гадоў гэта будзе ўжо кожны трэці (пры ўмове, што пенсійная ўзроставая планка застанецца на цяперашняй адзнацы). Прычым гэта будзе адбывацца на фоне зніжэння колькасці насельніцтва ў працаздольным узросце. Калі цяпер на 100 работнікаў прыпадае 61 пенсіянер, у 2020-м будзе 66, то ў 2030 годзе, як чакаецца, стане ўжо 78.
Сваю ролю адыгрывае і тэндэнцыя росту працягласці жыцця ў Беларусі. Яна пазітыўная, не можа не радаваць. Але трэба ўлічваць звязаны з гэтым рост нагрузкі на пенсійную сістэму. Сярэдняя чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні з 2005 года павялічылася ў мужчын на 5 гадоў (з 62,9 да 67,8 года), у жанчын – больш як на 10 гадоў (з 67,8 да 78,4 года). Што, зразумела, вядзе да павелічэння пенсійных расходаў. І яны павінны быць забяспечаны ў поўным аб’ёме.
Неабходна ўлічваць, што ў бягучым пяцігоддзі змяненне ўзроставай структуры насельніцтва будзе вельмі інтэнсіўным. Дадатковая патрэбнасць у сродках на пенсіі ўжо ў наступным годзе можа скласці амаль 0,18 працэнта ВУП, да 2020 года – 0,69 працэнта, да 2030 года – амаль 2 працэнты ВУП. А гэта плюс амаль 20 працэнтаў да сённяшніх расходаў.
– Ці не разглядаецца магчымасць абмежавання пенсійных выплат для працуючых пенсіянераў? Гэта сэканоміла б сродкі бюджэту фонду сацабароны насельніцтва…
– Цяпер у рэспубліцы прадаўжаюць працаваць 663 тыс. пенсіянераў. Дзеючы механізм выплаты пенсій працуючым пенсіянерам захоўваецца.
– Важным індыкатарам пенсійнага забяспечэння з’яўляюцца суадносіны сярэдняй пенсіі па ўзросце і сярэдняй заработнай платы работнікаў. Якая дынаміка гэтага паказчыка і прагноз на бліжэйшую будучыню?
– У выніку дэмаграфічных змяненняў гэты паказчык (так званы каэфіцыент замяшчэння) пачаў зніжацца: у 2001 годзе ён складаў амаль 45 працэнтаў, у 2008-м – 44 працэнты, у 2015-м – 41,7 працэнта. І калі пакінуць усё, як ёсць, нічога не змяняць, то для захавання стабільнай выплаты пенсій у сацыяльна прымальным памеры спатрэбяцца значныя фінансавыя ўліванні. Іх крыніцай – тэарэтычна – могуць быць субвенцыі рэспубліканскага бюджэту або больш высокія страхавыя ўзносы. Напрыклад, у Расійскай Федэрацыі пенсійны фонд часткова фінансуецца федэральным бюджэтам, а ў Нарвегіі выкарыстоўваецца нафтавы фонд. Але ў Беларусі такой магчымасці няма.  Павышаць жа страхавыя ўзносы немэтазгодна, паколькі гэта павялічвае нагрузку на наймальніка.
– У мяне яшчэ пытанне: чаму раней не былі прыняты меры па адаптацыі пенсійнай сістэмы да зменлівых рэалій?
– Меры былі прыняты, і даволі значныя. Па-першае, уведзена прафесійнае пенсійнае страхаванне, датэрміновыя пенсіі па ўмовах працы паступова выводзяцца за рамкі агульнай пенсійнай сістэмы. Па-другое, з 2014 года для назначэння пенсіі значна павялічаны мінімальны стаж работы з выплатай узносаў – з 5 да 15 гадоў 6 месяцаў у бягучым годзе, а да 2025 года ён будзе паступова даведзены да 20 гадоў. Пры гэтым, дабаўлю, для сацыяльна слабаабароненых катэгорый – шматдзетных маці з пяццю дзецьмі, інвалідаў з дзяцінства і іх бацькоў – захаваны ранейшы 5-гадовы стаж. Па-трэцяе, на 5 гадоў павышаны пенсійны ўзрост для тых, хто не адпрацаваў мінімальнага страхавога стажу. Па-чацвёртае, уведзена правіла аб вылічэнні памеру пенсіі з абавязковым улікам звестак Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва аб заработку, з якога выплачаны страхавыя ўзносы, што садзейнічае легалізацыі даходаў.
Пакуль гэтых мер было дастаткова. Але цяпер трэба рухацца далей.
– Атрымліваецца, у якасці магчымых напрамкаў захавання ўзроўню пенсій не застаецца варыянтаў акрамя як павышэнне пенсійнага ўзросту.
– Мы павінны жыць не сённяшнім днём, а глядзець на дзесяцігоддзі наперад. Прымаючы такое рашэнне, з аднаго боку, мы запаволім і нават спынім рост колькасці пенсіянераў, а з іншага боку, затрымаем на рынку працы тых, хто цалкам здольны яшчэ забяспечваць сябе самастойна. Інакш кажучы, вельмі важна стабілізаваць колькасць грамадзян у працаздольным узросце.
Пенсійны ўзрост 55 гадоў для жанчын і 60 гадоў для мужчын на постсавецкай прасторы захоўваецца толькі ў Беларусі, Расіі і Узбекістане. Для ўсіх катэгорый насельніцтва ён быў устаноўлены больш як паўстагоддзя таму. А час, як вядома, далёка пайшоў наперад, сацыяльна-эканамічная і дэмаграфічная сітуацыя змянілася кардынальна, ды і самі людзі сталі зусім іншыя – і ў плане здароўя, і ў плане прафесійнага патэнцыялу.
Па шляху павышэння пенсійнага парога ідуць усе еўрапейскія краіны – з улікам дэмаграфічнай сітуацыі яны пераглядаюць умовы прадастаўлення дзяржаўных пенсій. Трэба канстатаваць, што і ў Беларусі склаліся сур’ёзныя дэмаграфічныя перадумовы для такога кроку. Для выбару аптымальнай стратэгіі павышэння пенсійнага ўзросту неабходна вызначыцца з адказамі на глабальныя пытанні: калі пачаць павышэнне; якімі тэмпамі; да якіх межаў. Прычым улічваць трэба не толькі фінансавыя, але і сацыяльныя аспекты.
– Пачнём з пытання «калі?». Урадам прапанавана зрабіць стартавым 1 студзеня 2017 года. Якая аргументацыя, можна даведацца?
– Гэта адзін з варыянтаў. Менавіта ў перыяд з 2017 па 2020 год колькасць асоб, якія дасягаюць пенсійнага ўзросту (55/60 гадоў), будзе значная – у 1,5-1,6 раза – перавышаць колькасць асоб, якія дасягаюць 16-гадовага (гэта значыць працаздольнага) узросту.
Можна, скажам, стартаваць і з 2018-га. Але тады трэба будзе дадаткова знайсці фінансавыя сродкі ў аб’ёме не менш як Br2 трлн на 2017 год. Далей – больш.
Цяпер пытанне аб тэмпах. Разглядаецца варыянт павышэння на 6 месяцаў штогод. І гэта, падкрэслю, самы павольны тэмп, які мы можам сабе дазволіць. Калі адкласці прыняцце рашэння па пенсійным узросце, тэмп давядзецца паскорыць, а гэта больш адчувальна для людзей. Скажам, павышэнне пенсійнага ўзросту штогадова на 1 год фактычна раўназначна яго павышэнню адразу да новай мяжы. З наступствамі рэзкага павышэння можа не справіцца рынак працы.
– Атрымліваецца, калі з 2017 года пачаць плаўнае павышэнне пенсійнага ўзросту, то гэта будзе больш мяккай альтэрнатывай – і для людзей, і для рынку працы?
– Пры штогадовым павышэнні на 6 месяцаў адначасова для жанчын і для мужчын колькасць працаздольнага насельніцтва практычна стабілізуецца на сённяшнім узроўні (каля 5,5 млн чалавек) да 2030 года. Гэта галоўны аргумент.
Урадам прапанаваны тры асноўныя варыянты павышэння пенсійнага ўзросту. Першы – паступовае павышэнне ўзросту для мужчын да 63 гадоў, для жанчын да 58 гадоў; другі – да 63/60, трэці – да 65/60 гадоў. Гэтыя варыянты і вынесены на абмеркаванне грамадскасці. Кожны з прапанаваных варыянтаў мае свае плюсы і мінусы. У цэлым жа фінансавыя і дэмаграфічныя эфекты па ўсіх варыянтах прыкладна аднолькавыя. Хоць прыняцце аднаго з першых двух варыянтаў прывядзе да таго, што захаваецца рэзерв для далейшага павышэння пенсійнага ўзросту ў будучым, калі ў гэтым будзе неабходнасць.
– А як наконт катэгарыяльнага прынцыпу?
– Незалежна ад выбранага варыянта адпаведна будзе зменены пенсійны ўзрост для ўсіх ільготных катэгорый. Тым самым будзе забяспечаны аднолькавы, роўны падыход.
– Нельга не закрануць пытанне магчымасці ўвядзення абавязковага накапляльнага элемента ў пенсійную сістэму. Ці будзе ў нас «доўгі» пенсійны рубель для фінансавага рынку?
– Трэба разумець, што ў існуючых умовах накапляльная сістэма нясе вялікія інфляцыйныя і інвестыцыйныя рызыкі. Гэта, дарэчы, прывяло да згортвання такіх праграм у многіх краінах свету. Напрыклад, у Чылі ўзніклі вялікія праблемы з гэтымі пенсіямі, а калісьці ж іх сістэма лічылася адной з самых прагрэсіўных у свеце. У Аргенціне наогул былі нацыяналізаваны пенсійныя накапленні ў сувязі з неабходнасцю выплаты знешняга доўгу. Поўнасцю ліквідавала накапляльную частку пенсіі Венгрыя, а Польшча і Славакія перавялі накапляльны элемент на добраахвотную аснову.
Дарэчы, накіраванне часткі страхавых сродкаў на накапленне прывядзе да дэфіцыту ў фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва. Хто іх запоўніць? Сёння 1 працэнт страхавых узносаў «каштуе» Br3,3 трлн.
– А калі ўвесці гэты элемент толькі для тых, хто пачынае працоўнае жыццё? І за кошт, скажам, толькі аднаго дадатковага працэнта з зарплаты маладога работніка?
– Праблема яшчэ і ў тым, што дзяржава павінна гарантаваць людзям захаванасць і прымнажэнне абавязковых пенсійных накапленняў. Каб разлічваць на рэальную аддачу ад інвесціравання пенсійных сродкаў, трэба высокае развіццё фінансавага рынку. Ды і ці маем мы права ўскладаць абавязковую дадатковую нагрузку на чалавека, няхай і 1 працэнт? Гэта ж прывядзе да зніжэння яго даходаў.
Упэўнена: накапляльныя механізмы павінны развівацца ў добраахвотным фармаце (вопыт Германіі, ЗША, Італіі, Іспаніі, Францыі аб гэтым сведчыць даволі красамоўна). Цяпер такую магчымасць у нашай краіне прадастаўляюць тры страхавыя арганізацыі, у тым ліку адна дзяржаўная – «Стравіта». Перспектыўны і карпаратыўныя пенсійныя праграмы ад прадпрыемстваў. Сёння імі ахоплена больш за 46 тыс. работнікаў.
Несумненна, добраахвотнае пенсійнае страхаванне павінна развівацца. Але рашэнне павінна быць за самім чалавекам.
Алена ПРУС,
БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *