Рукі мыць – сальманелы не баяцца

Вострыя кішачныя інфекцыі – гэта група захворванняў, якія хаця і выклікаюцца рознымі мікробамі-ўзбуджальнікамі, але маюць агульны шлях заражэння (узбуджальнік трапляе ў арганізм чалавека праз рот і актыўна размнажаецца ў кішэчніку). Да такіх інфекцый адносяцца дызентэрыя, брушны тыф, паратыфы, халера, сальманелёз, гастраэнтэрыты, харчовая таксікаінфекцыя і інш.
Мікробы, якія трапілі ў знешняе асяроддзе разам з экскрэментамі хворага ці бактэрыяносьбіта (знешне здаровага чалавека, у арганізме якога жыве ўзбуджальнік інфекцыі), гінуць не адразу. Доўгі час яны застаюцца жыццяздольнымі і захоўваюць свае хваробатворныя ўласцівасці ў вадзе, глебе, на садавіне і агародніне, прадуктах харчавання, на рэчах. Некаторыя малочныя, мясныя і рыбныя вырабы ў пэўных умовах (пры парушэнні тэмпературы і тэрмінаў захоўвання) самі становяцца спрыяльным асяроддзем для размнажэння мікробаў. Гэта ў першую чаргу, паштэты, катлеты, халоднае, вараныя каўбасы, мясныя і рыбныя салаты, вараная і заліўная рыба, малако і малочныя прадукты, кандытарскія вырабы з крэмам.
Крыніцай інфекцыі з’яўляецца сам чалавек. Заражэнне адбываецца праз забруджаныя падчас прыгатавання ці транспарціроўкі прадукты, а таксама непасрэдна пры зносінах з хворым ці праз яго рэчы і прадметы, да якіх ён датыкаўся. Нярэдкія і выпадкі заражэння пры ўжыванні сырой вады з адкрытых вадаёмаў ці нядобраўпарадкаваных калодзежаў, пры мыцці такой вадой садавіны, агародніны ці посуду. Актыўнымі пераносчыкамі ўзбуджальнікаў кішачных інфекцый з’яўляюцца мухі.
Любая кішачная інфекцыя звычайна працякае востра: вадкі і часты стул, болі ў жываце, ваніты, рвота, павышэнне температуры, агульная слабасць. Аднак, апошнім часам усё часцей сталі сустракацца так званыя лёгкія ці сцёртыя формы, пры якіх вышэйна-званых сімптомаў можа і не быць. Многія захварэўшыя прымаюць такі стан за звычайнае харчовае атручванне, таму за медыцынскай дапамогай звяртаюцца несвоечасова ці не звяртаюцца ўвогуле. Сустракаюцца і такія, хто займаюцца самалячэннем, што недапушчальна. Як вынік – цяжкія ўскладненні з боку страўнікава-кішачнага тракта, нервовай і сардэчна-сасудзістай сістэм, развіццё хранічных захворванняў і доўгатэрміновага бактэрыяносьбіцтва.
Кішачныя інфекцыі можна лёгка папярэдзіць, калі прытрымлівацца наступных правіл. Абавязкова мыць рукі з мылам перад ядой і пасля наведвання туалета. Агародніну, садавіну, ягады неабходна добра прамываць праточнай вадой. Пры прыгатаванні ежы захоў-вайце правілы асабістай гігіены, не выкарыстоўвайце адзін і той жа інвентар і посуд для сырых і вараных прадуктаў, асабліва рыбных і мясных, не ўжывайце без папярэдняй тэрмічнай апрацоўкі яйкі. Памятайце, што ўсе прадукты маюць пэўны тэрмін захоўвання (у халадзільніку запраўленыя салаты і вінегрэты захоўваюцца не больш за 6 гадзін, тварог, вяршкі, малако, кефір – не больш за 36 гадзін, смятана – не больш за 72 гадзіны), не варта такія прадукты браць у дарогу.
На жаль, па-ранейшаму адзначаюцца факты парушэння ўмоў захоўвання прадуктаў, захавання тэмпературнага рэжыму ў магазінах горада і раёна. У мінулым годзе па гэтай прычыне да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 89 адказных асоб, сёлета – 19. Знята з рэалізацыі ў 2010 годзе 226 кілаграмаў (з пачатку 2011 года – 96 кг) прадукцыі з зышоўшым тэрмінам прыгоднасці або па прычыне адсутнасці дакументаў, якія пацвярджаюць іх якасць і бяспеку.
На Ляхавіччыне на працягу апошніх гадоў не зарэгістравана масавых захворванняў вострымі кішачнымі інфекцыямі, аднак адзначаліся асобныя выпадкі захворванняў: у 2010 годзе зарэгістравана 6 выпадкаў сальманелёзу, 1 – дызентэрыі, 37 – іншых ВКІ. За 4 месяцы гэтага года ўжо адзначана 3 факты ВКІ).
Васілій СКАРАХОД, урач-эпідэміёлаг райЦГіЭ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *