Шчаслівая акалічнасць

Што такое шчасце? Шматлікае і шматзначнае гэта паняцце. Адказ на пытанне ва ўсе часы шукалі філосафы, мысліцелі, паэты, пісьменнікі, мастакі і, як кажуць, звычайныя людзі – кожны з нас. З непасрэднасцю юнацтва спрабавалі адказаць на яго героі стаўшага класікай фільма “Дажывём да панядзелка”. Адзін з іх напісаў: “Шчасце – гэта калі цябе разумеюць”.

…На планеце Зямля сёння нас больш за  7 мільярдаў 300 мільёнаў, і кожны можа паразважаць на гэту тэму. Абавязкова прагучыць: шчасце ў дзецях, ва ўнуках… залежыць ад здароўя… дабрабыту… камфортнага жылля… паспяховай кар’еры… магчымасці займацца любімай справай… вучобы… сямейнай згоды… узаемнага кахання… Не будзем пералічваць магчымыя варыянты адказаў, але знойдзем у іх агульнае. Агульным жа з’яўляецца ўмова жыццёва важная і жыццёва вызначальная – мір.

У мінулым годзе ў маі мы віталі ўбраную ў яблыневую квецень юбілярку-Перамогу, ушаноўвалі ветэранаў, якія яе набліжалі, успаміналі тых, хто застаўся вечна маладым на палях змаганняў Вялікай Айчыннай. Годам раней быў юбілей вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. А сёлета ў дваццаць другі дзень чэрвеня званы нашай памяці прагучаць з нагоды жалобнага 75-годдзя пачатку самай страшнай з войнаў. Менавіта ў той дзень пачаўся масавы бяспрыкладны подзвіг вялікага народа, які вышэй за ўсё паставіў мір на роднай зямлі, пад кожным дахам. І доўжыўся ён, гэты подзвіг, 1418 дзён і начэй.

На карце подзвігу, карце памяці момант ісціны і заўсёднага шанавання, Брэсцкая крэпасць-герой, Налібоцкая пушча, Машукоўскі лес, ды амаль усе лясы беларускія, якія ў ваенны час былі прытулкам для народных мсціўцаў, Хатынь і Свяціца, Асвейшчына, Трасцянец, Буйніцкае поле, лінія Сталіна, Курган Славы, легендарная Міншчына і гераічная сталіца Беларусі, уся рэспубліка даказалі сваю найвышэйшую вартасць, мужнасць, незгінальнасць духу, загартоўку, што сталь.

Не толькі экспанаты музеяў, не толькі кінастужкі і літаратурныя творы расказваюць пра подзвіг. Тысячы занатаваных расказаў былых франтавікоў, партызан, працаўнікоў тылу, вязняў фашысцкіх канцлагераў гучаць дакументальным летапісам Вялікай Айчыннай.

Яны, ветэраны, запалілі незгасальную зорку Перамогі. А сёння на дамах, дзе жывуць, у гонар іх прымацоўваюцца сімвалічныя зорачкі. Першыя дрэвы, пасаджаныя пасля вайны, сталі магутнымі асілкамі, шумяць густымі кронамі ў парках, на алеях, у лясах. Штогод папаўняюцца яны новымі саджанцамі: справядліва – гэта робіць новая моладзь у гонар сваіх гераічных продкаў.

Сённяшнія юнакі апранаюць салдацкую форму. Сапраўдныя мужчыны павінны дасканала ведаць, як выконваць самую галоўную місію – абаронца Бацькаўшчыны. Яны служаць у мірнай краіне, у мірны час. І няхай так будзе заўсёды. Мы, беларусы, – мірныя людзі. Міралюбівасць – рыса характару землякоў. Міралюбівасць і дружалюбнасць – аснова палітыкі нашай дзяржавы.

А недзе неспакойна, недзе бядуюць і гінуць людзі. І не зусім далёка ад нас. Няхай жа сціхнуць стрэлы. Мір нашаму дому.

…Пра шчасце можна разважаць бясконца. У яго так многа складнікаў і прыкмет. І ўсе яны, літаральна ўсе, залежаць ад агульнай умовы-акалічнасці – міру. Дарэчы, у мінулую нядзелю,  20 сакавіка, чацвёрты год запар на планеце Зямля адзначаўся Сусветны дзень шчасця. І тады яшчэ не прагучалі выбухі ў Брусэлі…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *