Сяўбе дарогу! У Ляхавіцкім раёне на палі выйшлі пасяўныя агрэгаты

Як толькі пад настойлівымі сонечнымі промнямі прагрэлася глеба, на палі выйшлі пасяўныя агрэгаты.

Першым у раёне вывела тэхніку на палеткі ДП “Нача”. Пачалі з сяўбы аўса. Сімвалічна: першае поле, якое засяваецца пад начаўскія яравыя, знаходзіцца ля самай высокай кропкі раёна.

Механізатар Віктар Кунцэвіч (на здымку) не навічок у хлебаробскай справе: адразу праверыў глыбіню і шчыльнасць пасеваў, узгадніў паказчыкі з галоўным аграномам гаспадаркі Леанідам Ксёнжыкам. Месцамі, дзе лагчыны, давялося накіроўваць пасяўны агрэгат у аб’езд, каб не “пасадзіць” тэхніку. Крыху пазней будуць засеяны і гэтыя нізкія ўчасткі. З 520 гектараў, запланаваных пад сяўбу яравых культур, першыя 20 – ёсць.

І на іншых палях у “Начы” таксама кіпіць работа. Актывізаваны вываз арганікі: за дзень уносіцца да 700 тон, услед энерганасычаны трактар заворвае поле – рыхтуецца глеба пад сяўбу кукурузы. Вядзецца і падкормка азімых, сенакосаў і пашы.

Вясна прыйшла не толькі ў “Начу”. Як паведамілі ў райсельгасхарчы, сёння да сяўбы яравых прыступяць усе сельгаспрадпрыемствы раёна. Плануецца пасеяць 19480 гектараў яравых культур, у тым ліку, 9480 – зерневых (з іх 1800 – зернебабовых), 1600 гектараў кукурузы на зерне, 4500 – на зялёную масу і сілас, 1700 гектараў зоймуць цукровыя буракі, 350 – бульба, а льнозавод і льнонасенстанцыя пасеюць 1950 гектараў даўгунцу.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *