На дыстанцыях «Алімпійца». У мемарыяле Яроміна Брэстчыну прадстаўлялі ляхавічане. І зрабілі гэта дастойна

Васілій Яромін – вядомы ў свой час спартсмен, пазней – трэнер, спартыўны адміністратар. Будучы спартсменам марафонцам, у складзе зборнай Савецкага Саюза рыхтаваўся прыняць удзел у Алімпійскіх гульнях 1964 года. Больш як дзесяцігоддзе ён узначальваў школу вышэйшага спартыўнага майстэрства, доўгі час быў дырэктарам Магілёўскай ДЮСШ № 2. Сярод выхаванцаў трэнера Яроміна – пераможцы і прызёры міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтваў, выдатныя трэнеры. Нельга не адзначыць вялікі асабісты ўклад гэтага чалавека і ў будаўніцтва спартыўных аб’ектаў. Заслужанага трэнера БССР Васілія Яроміна не стала ў 2000 годзе. З таго часу ў родным горадзе спартсмена, трэнера, арганізатара спорту, проста добрага чалавека і праводзяцца адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат. Дарэчы, у 15-гадовую гісторыю спаборніцтваў упісалі свае імёны і нашы землякі. Паказаныя ў розныя гады на магілёўскіх дарожках Ангелінай Слівай, Кірылам Максіменка, Уладзіславам Марціновічам секунды да гэтага часу з’яўляюцца турнірнымі рэкордамі.
Нядаўна ў Магілёўскім спарткомплексе “Алімпіец” адбыўся чарговы мемарыял Яроміна. Лёгкаатлеты з двух дзясяткаў каманд спаборнічалі ў бегу, скачках, штурханні ядра. Здарылася так, што сёлета Брэстчыну на турніры прадстаўлялі толькі нашы землякі. І кожны з квартэта ўмелых, смелых, вынослівых і хуткіх вярнуўся з Магілёва з медалямі. Таццяна Смірнова была мацнейшай на дыстанцыях 1500 і 800 метраў. Ганна Макоўская выйграла бег на 3000 метраў і фінішавала другой – услед за Таццянай – на “паўтаракіламетроўцы”. Юрый Тарлюк перамог у бегу на 400 метраў, а Уладзіслаў Тумаш здабыў серабро ў спрынце на 60 метраў.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота з сайта http://olimpiec.mogilev.by/

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *