Колькі торфу ў тоне цэменту? Адказ на гэта пытанне карэспандэнт “ЛВ” знайшоў на ААТ “ТБЗ “Ляхавіцкі”

Тут сходзяцца ўсе ніткі кіравання вытворчым працэсам. У памяшканні апаратнай – апаратчык Генадзій Бабарэка і майстар па рамонце электраабсталявання Віктар Суржыцкі.

Агульнае сярэднегадавое пацяпленне клімату, усё больш настойлівы стук цывілізацыі ў прыватныя домаўладанні, урбанізацыя заметна звузілі традыцыйную кліенцкую базу ААТ “ТБЗ “Ляхавіцкі”. І вымусілі шукаць нетрадыцыйныя рынкі збыту прадукцыі. Яшчэ нядаўна – ажыятажна ліквіднай. Нешта атрымліваецца, нешта не, але завод не выжывае – жыве. Відавочна, не так сыта і не так слаўна, як у гады, калі аб’ёмы вытворчасці дасягалі 150-170 тысяч тон брыкетаў, аднак – факт.

Пасёлак тарфянікаў сустрэў ранне-вясновай шэрасцю, нешматлюднасцю і цішынёй галоўнай вуліцы. Жанчына, руплівы крок якой спыніла наша цікаўнасць, часткова расставіла кропкі над “і” : “Сярэдзіна дня. Чаго ды і каму хадзіць без дай прычыны. Адны на змене, хто з ночы, хто на ноч – адпачываюць”.

Размешчаны на кіламетровай адлегласці цэх па штампоўцы брыкетаў даносіў роўны, не гулкі і не моцны гук. У ім адчувалася магутнасць. Гэта сэрца брыкетнага цэха – сушылка, з дапамогай якой фрэзерны торф уборачнай вільготнасці ператвараецца ў так званую сушонку. Далей – толькі работа прэсаў, і, калі ласка, – атрымайце гатовую прадукцыю.

У “Ляхавіцкага” тры сушылкі. Старыя, вытворчасці яшчэ ГДР, яны спраўна служаць з моманту закладкі прадпрыемства. Надзейныя, прадукцыйныя, але, як растлумачыў дырэктар Уладзімір Гунько, патрабуюць кемлівасці і грошай у плане рамонтаў і абслугоўвання. Як, дарэчы, і многае іншае з “начыння” прадпрыемства: шмат нестандарткі, асобныя з агрэгатаў так і застаюцца не асвоеныя да выпуску айчыннымі машынабудаўнікамі.

У 43-гадовай гісторыі цэха мінулы год аказаўся далёка не самым прадукцыйным. Вырабілі і не без клопатаў рэалізавалі 65 тысяч тон брыкетаў. Для параўнання: яшчэ тры гады назад вытворчыя аб’ёмы ТБЗ “Ляхавіцкі” адлюстроўваліся ўдвая больш важкай лічбай. А, напрыклад, у 1987 годзе 178 тысяч тон тухавіцкіх брыкетаў аказалася недастаткова, каб задаволіць спажывецкі попыт.

Тым не менш, і леташнюю эканоміку прадпрыемству ўдалося збалансаваць. Канешне, па некаторых расходных пазіцыях прыйшлося задаволіцца меншым, на асобных не крытычна неабходных расходах сэканомілі, але сваю асноўную функцыю ТБЗ выканаў. А галоўнае – захаваў калектыў. На працягу года колькасць працуючых зменшылася на 9 чалавек, але гэта было не скарачэнне. Прадпрыемства пакідалі пенсіянеры, некаторыя звальняліся самі, асобных звальнялі. Звычайная “цякучка”. У той жа час, летам калектыў папоўніўся дзясяткам маладых спецыялістаў – выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Сёння яны працуюць майстрамі ўчасткаў і цэхаў, на іншых пасадах. Тым з іх, хто пражывае на здымных “метрах”, прадугледжаны фінансавы бонус у памеры дзвюх базавых велічынь.

Сваім ТБЗ “Ляхавіцкі” з’яўляецца і для жыхароў Крывошына, Ліпска, Вострава, Рагачоў. Паміж гэтымі населенымі пунктамі і Тухавічамі рэгулярна курсіруе ведамасная “Газель”, дастаўляе з мясцовых на работу-з работы.

Акрамя ўнутрыбеларускага рынку, частку леташніх вынікаў сваёй працы ТБЗ адправіў у замежжа. Экспартныя пазіцыі, канешне, істотна ўступаюць тым, што завод займаў яшчэ нядаўна. Але факт: у 2015 годзе ў ліку партнёраў значыліся 7 фірмаў з пяці еўрапейскіх краін. У Літву, напрыклад, адгружана каля 2,5 тысячы тон паліва.

Уладзімір Гунько марыць… пра зіму. Каб студзень, у класічным яго праяўленні, доўжыўся хоць бы 3 месяцы. Больш – лепш.

Логіка простая і вядомая. Некалькі тыдняў халадоў напачатку бягучага года выклікалі скачкападобны інтарэс да брыкетнага паліва. За месяц унутры краіны было прададзена 5,5 тысячы тон брыкетаванага торфу. Што тычыцца экспарту, то суседнія Польшча і Літва на дваіх забралі 500 тон брыкетаў.

Лютаўскі “плюс” за акном заметна знізіў цікавасць насельніцтва да брыкету.  Добрая лютаўская навіна ў тым, што з гэтага месяца пачалося супрацоўніцтва ТБЗ “Ляхавіцкі” з беларускімі цэментнікамі. Крыху перадгісторыі. Жадаючы аб’яднаць эканамічныя інтарэсы вытворцаў будматэрыялаў і тарфяных паліўных брыкетаў, пры падтрымцы Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь катлавыя агрэгаты ААТ “Беларускі цэментны завод” і “Крычаўцэментнашыфер” былі адаптаваны пад спальванне торфабрыкету – замест завазных відаў паліва, што можна трактаваць як імпартазамяшчэнне. Першыя партыі “балотнага” паліва і ў Касцюковічы, і ў пасёлак пад Крычавам накіраваліся ў тым жа лютым. Далей – больш: у сакавіку торф у гэтым накірунку паплыў даволі стромкім патокам. З разлікам, каб з завяршэннем месяца выйсці на аб’ёмы 2,7 тысячы тон у адрас Беларускага цэментнага завода і 1,5 – у адрас “Крычаўцэментнашыфера”. Нягледзячы на дадатковыя расходы, звязаныя з лагістыкай, адкрытая ніша з’яўляецца справай выгаднай. Асабліва ў перспектыўным плане: ёсць гадавая дамоўленасць аб пастаўцы цэментнікам 60 тысяч тон тухавіцкіх брыкетаў. Дарэчы, па праграме забеспячэння палівам названых заводаў працуюць яшчэ пяць прадпрыемстваў “Белпалівагаза”.

Нашы торфабрыкетчыкі вельмі спадзяюцца на наладжванне дзелавых двухбакова выгадных стасункаў з украінскімі партнёрамі. Параўнальна нядаўна з Тухавіч у Кіеўскую вобласць адправіўся вагон, запоўнены брыкетам. Дырэктар Уладзімір Гунько назваў гэта пробнай партыяй. І дадаў: “Упершыню. Ні адзін з нашых заводаў на Украіну раней не “выходзіў”.

І яшчэ аб адной перспектыве-праекце. Асвоіць і наладзіць выпуск нейкага новага віду прадукцыі торфабрыкетчыкі спрабавалі і раней. Апошнім часам, напрыклад, рэзананс атрымала ідэя сумеснага брыкетавання фрэзторфу і кастрыцы. Не “выгарэла”. Але пытанне новага віду прадукцыі не-не ды і ўзнімалася. Рашэнне знайшлося. І аказалася тэхналагічна вельмі блізкім да асноўнага віду прадукцыі – брыкету. Завод мае намер, заснаваны на дамоўленасцях, гандляваць сушонкай (высушаным да 14-18-працэнтнай вільготнасці фрэзерным торфам). Яна ў гэтым выпадку пойдзе не ў надпрэсавы бункер, а будзе адгружацца ў якасці гатовага тавару. Купляць сушонку гатовы цэментнікі. Размешчаны ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці ААТ “Краснасельскбудматэрыялы” гатовы плаціць. Але ТБЗ “Ляхавіцкі” да супрацоўніцтва пакуль не гатовы. Неабходна правесці тэхнічную падрыхтоўку, даабсталявацца. Інакш кажучы, патрэбен час, неабходны грошы. І, па дырэктарскіх падліках, раней чым у другім паўгоддзі гэты пункт бізнес-плану не запрацуе.

Торфабрыкетны завод – тэхналагічна складаная, рэсурса- і энергаёмістая вытворчая структура, перад якой (як і іншымі прадпрыемствамі) стаіць пастаўленая Кіраўніком дзяржавы задача па максімальным зніжэнні сабекошту гатовай прадукцыі. Брыкетны цэх – толькі вяршыня айсберга. Апроч яго, структурнымі падраздзяленнямі з’яўляюцца ўчастак па здабычы торфу, рамонтна-механічны і транспартны цэхі. Апошні – увогуле унікум, уключае ў сябе дзясяткі кіламетраў чыгуначных шляхоў, цеплавозы, пасажырскія і шмат грузавых вагонаў. “Калі на ўсіх этапах нашага тэхналагічнага ланцуга, на кожнай з вытворчых ды і невытворчых аперацый сэканоміць па капейцы – атрымаецца рубель. Да таго і імкнёмся”, – запэўніў дырэктар.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Дырэктар ТБЗ "Ляхавіцкі" Уладзімір Гунько

Машыніст прэса – адна з асноўных прафесій на заводзе. Як свае пяць пальцаў ведаюць яе Валерый Кісель і Канстанцін Невяроўскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *