Музейная гісторыя: з пашанай да Гісторыі

Мікалай Куліцкі: Гісторыя не падлягае забыццю. Тым больш, калі гэта гісторыя гераічная і калі галоўны яе герой – народ. Моладзь павінна ведаць і цаніць тое, што ў імя міру і незалежнасці зрабілі яе продкі. Музей баявой і працоўнай славы ЛДАКу – змястоўная і выразная старонка ў кнізе памяці.

Cвой прыход у рэдакцыю ён патлумачыў жаданнем падзяліцца ўспамінамі і паразважаць. І з’явілася яно пасля дзвюх публікацый у раёнцы (пад рубрыкай “Месца сустрэчы – сайт “ЛВ” каментарый наконт “Каледжскіх будняў” і “Шчаслівая акалічнасць”, дзе ўзгадваецца пра тое, што сёлета 22 чэрвеня будзе семдзесят пятым ад пачатку Вялікай Айчыннай).

Яму ёсць што сказаць – чалавеку, які ведае гісторыю, шануе яе гераічныя старонкі, які ўсё жыццё вучыў гэтаму сваіх маладых землякоў. Мікалай Куліцкі ў свой час стаяў ля вытокаў стварэння музея баявой і працоўнай славы Ляхавіцкага саўгаса-тэхнікума. І тады, і сёння ён перакананы: памяць пра подзвіг трэба захоўваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне. Не толькі дзеля гістарычнай справядлівасці, але і дзеля будучыні і яе дзеючых асоб – тых юных грамадзян, якія заўтра стануць дарослымі гаспадарамі краіны, адказнымі за яе лёс.

Любіць і ведаць. Ганарыцца і шанаваць. Быць працягам велічнага пачатку, ні ў якім разе не раўнадушным. Місія звычайная, місія адказная. Прыкладна такія разважанні наконт выхавання пачула ад паважанага чалавека, якога ведаю, здаецца, сто гадоў: некалі ў СШ № 1 для мяне і маіх аднакласнікаў ён быў старшым піянерскім важатым, потым кіраваў неверагодна прыцягальным для нас Домам піянераў, значна пазней, праз мноства прыступак сваёй кар’еры, меў цесныя стасункі з рэдакцыяй як ідэолаг, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня райкама прафсаюза работнікаў культуры.

І вось сёння Мікалай Мікалаевіч прагортвае старонкі музейнай гісторыі, як заўсёды, з пашанай да Гісторыі. Стосы фотаздымкаў, пісьмаў ад удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, перапіска з архівамі, дакументы, шматлікія папкі, газетныя публікацыі… – усё гэта “дублі” экспанатаў, якія беражліва захоўвае Куліцкі і выкарыстоўвае ў вялікай працы-сістэматызацыі багатага матэрыялу, багатага зместам, вынікамі і паслядоўнасцю пошуку, што вялі следапыты праз дваццаць пяць-трыццаць гадоў пасля вайны, аднаўляючы старонкі подзвігу і аповесці пра сапраўднага чалавека – савецкага.

Вольга БАРАДЗІНА.

У  Ляхавіцкім саўгасе-тэхнікуме я працаваў з 1969 па 1978 год. Праўда, быў перапынак – служыў у арміі, але вярнуўся ва ўстанову і адразу акунуўся ў яе насычанае і цікавае жыццё. На той час у калектыве выкладчыкаў было шмат ветэранаў Вялікай  Айчыннай. Ды што гаварыць, саўгас-тэхнікум узначальвала ў мінулым франтавічка Кацярына Інтарынава. Землякам добра вядомыя імёны: Мікалай Жукаў, Пётр Папсуй, Андрэй Дзядзюля, Аляксей Арлоў і іншыя – гэта тыя людзі, якія набліжалі нашу Перамогу і якія ў мірны час, акрамя сваіх прадметаў, выкладалі будучым спецыялістам сельскай гаспадаркі ўрокі патрыятызму. Іх успаміны – хроніка подзвігу, якую трэба было занатаваць. Ішоў час, вайна аддалялася, аднак нельга было дапусціць, каб сцерліся радкі гераічнай эпапеі. Больш таго, адчувалася вялікая патрэба аднавіць усе яе эпізоды і імёны загінуўшых, якія значыліся як “невядомы салдат”…
Адным словам, наспела неабходнасць стварэння музея. Ідэю падтрымалі кіраўніцтва ўстановы, выкладчыкі, навучэнцы. І сёння, у год саракагоддзя яе ажыццяўлення (у лістападзе 1976-га была адкрыта экспазіцыя, першымі наведвальнікамі якой сталі ўдзельнікі рэспубліканскага семінара, што праходзіў на чале з міністрам сельскай гаспадаркі на базе Ляхавіцкага саўгаса-тэхнікума) з удзячнасцю ўспамінаю ўсіх, хто гэтаму спрыяў і дапамагаў, хто ў гэтым у розны час удзельнічаў. Напрыклад, – Мяфодзія Пабягайлу, які на пасадзе кіраўніка ўстановы, а потым выхавальніка рабіў вельмі многае для музея і патрыятычнага выхавання моладзі. Назаву ў гэтым пераліку Анатолія Маслоўскага, Аляксандра Ганчарова, Таісію Бокач, Аляксандра Бажкова і, канешне, нераўнадушных юнакоў і дзяўчат.
Разам мы хадзілі ў паходы па месцах былых баёў і не толькі па нашым раёне. Маршрут нашага “зорнага паходу”, напрыклад, вымяраўся не адной сотняй кіламетраў, зборам каштоўных матэрыялаў, бясцэннымі ўражаннямі, незабыўнымі сустрэчамі: Ляхавічы-Баранавічы-Івацэвічы-Бяроза-Кобрын-Брэсцкая крэпасць-Каменец-Пружаны-Жыровічы-Слонім-Ляхавічы. Я і сёння памятаю, з кім прайшоў гэты шлях – усіх 24 навучэнцаў саўгаса-тэхнікума, выкладчыка фізкультуры Вольгу Мурашку і камсамольскага лідара Таццяну Цімашок. Пасля гэтага ”зорнага маршруту” работа над стварэннем музея пайшла хутка, і ён быў адкрыты.
А ў наступным 1977 годзе, таксама ў лістападзе, саўгас-тэхнікум з поспехам удзельнічаў у рэспубліканскім аглядзе сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Міністэрства сельскай гаспадаркі. У Мар’інай Горцы ладзілася выстава творчых работ навучэнцаў, сярод якіх увагу прыцягвалі рэчы, зробленыя гурткоўцамі, што займаліся разьбой па дрэве. Менавіта іх экспанаваў Ляхавіцкі саўгас-тэхнікум. Першае месца і заахвочвальная паездка на ВДНГ СССР у Маскву выклікалі захапленне і падштурхнулі да ідэі расшырыць музей баявой і працоўнай славы. Так з’явілася ў ім трэцяя зала, першымі экспанатамі якой сталі творчыя работы разьбяроў па дрэве.
Пасля паездкі на ВДНГ, знаёмства з яе павільёнамі, асабліва з павільёнам “Космас”, сталі марыць пра папаўненне экспазіцыі нашага музея партрэтамі касманаўтаў з іх аўтографамі. Задуманае здзейснілі. Адным з першых, хто адгукнуўся на нашу просьбу, быў, канешне, зямляк Пётр Клімук, які паставіў свой аўтограф на кнізе “Цвярдыня над Бугам”. Дарэчы, адзін  экзэмпляр падпісаў і асабіста для мяне.
Але ўсё ж самымі каштоўнымі экспанатамі лічу тыя, якія занялі сваё пачэснае месца ў залах, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Калі ў 1978 годзе я пераходзіў на працу ў райкам партыі, перадаў свайму пераемніку Аляксандру Бажкову адказнасць за музей саўгаса-тэхнікума, у якім на той час налічвалася 2400 экспанатаў.
У 1986 годзе з інтэрната   № 2 музей пераехаў у інтэрнат  № 4, дзе размясціўся ў трох залах. Экспазіцыя папаўнялася новымі раздзеламі, напрыклад, этнаграфіі і быту беларусаў напрыканцы ХІХ-пачатку ХХ стагоддзяў, гісторыі навучальнай установы. Адзначу дзейнасць гісторыка-краязнаўчага гуртка і пошукавую работу юнакоў і дзяўчат, шматлікія патрыятычныя акцыі, экскурсіі ў музей – як урокі мужнасці, грамадзянскасці, патрыятызму.
Саўгас-тэхнікум даўно ператвораны ва ўстанову новага фармату – Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж, структарнае падраздзяленне Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Але па-ранейшаму, не сумняваюся, жамчужынай яго паспяховасці і аўтарытэту з’яўляецца, ў тым ліку, музей, які пачынаўся больш за сорак гадоў назад (збор матэрыялаў доўжыўся не адзін месяц), а адкрыты быў чатыры дзесяцігоддзі таму. У зборніку, які выпушчаны да 50-годдзя ЛДАКу, адзін з раздзелаў прысвечаны менавіта музею каледжа. Там ёсць такія радкі: “Цяпер у экспазіцыі музея знаходзіцца больш як 4000 экспанатаў, і за гады работы яго наведалі больш за 50000 чалавек з усіх рэспублік былога СССР, а таксама Польшчы, Германіі і інш.”
Ён вельмі патрэбны. У наш час, калі праз інтэрнэт і не толькі культывуецца насілле, бездухоўнасць, калі з’явіліся спробы “прарэвізаваць” нашу гісторыю, калі пачвара тэрарызму пагражае жыццю, нельга забывацца пра сапраўдныя каштоўнасці, пра подзвіг, баявы і працоўны, герояў дзён мінулых і сённяшніх. І пра тое, што ў выхаванні не бывае выхадных дзён, канікулаў, водпускаў. Не скарачаць трэба музейную экспазіцыю, а, як мінімум, захаваць усю, а яшчэ лепш прымножыць новымі матэрыяламі, якія будуць працаваць, працаваць, працаваць.
Мікалай КУЛІЦКІ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з асабістага архіва  М. Куліцкага.

70-я гады мінулага стагоддзя. Якімі маладымі былі на той час ветэраны Вялікай Айчыннай.

У час «зорнага паходу» ў Івацэвіцкім музеі імя Колі Гойшыка следапыты з Ляхавіцкага саўгаса-тэхнікума сустрэліся з маці героя Вольгай Андрэеўнай Гойшык.

One thought on “Музейная гісторыя: з пашанай да Гісторыі

  • 02/04/2016 в 22:59
    Permalink

    Быццам вярнуўся ў прыемнае і такое далёкае мінулае.Матэрыял такі цёплы і настальгічны. Школьнікам неаднойчы бываў у каледжы і адкрыўшы рот слухаў гісторыі. Было цікава і захапляльна. На жаль, у раёне няма такога музея, дзе б можна было вывучаць гісторыю па артэфактах і экспанатах…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *