Падтрымка талентаў

Шлях вызначылі веды

Апошнія два гады для сёлетняга выпускніка гімназіі Сяргея Краўцэвіча — сапраўды трыумфальныя. Таленавіты юнак — неаднаразовы пераможца і прызёр раённых, абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. З дапамогай настаўніцы біялогіі Ніны Смаршчок і пры падтрымцы родных, сяброў і аднакласнікаў Сяргей з энтузіязмам пакарае ўсё новыя і новыя інтэлектуальныя вяршыні.

І сёлета ён спачатку перамог на раённым і абласным этапе прадметнай алімпіяды па біялогіі, а потым заслужана атрымаў дыплом ІІ ступені па любімым прадмеце па выніках рэспубліканскай алімпіяды.

Пасля перамог на інтэлектуальных іспытах шмат шчырых і цёплых слоў было сказана ў адрас юнака дырэкцыяй і настаўнікамі гімназіі, кіраўніцтвам аддзела адукацыі. 8 мая Сяргей Краўцэвіч быў удастоены ганаровага права ўзняць Дзяржаўны флаг падчас святочнай цырымоніі «Беларусы мы!», якая праходзіла на плошчы Леніна ў райцэнтры і была прымеркавана да Дня Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь.

Некалькі тыдняў таму вучня Сяргея Краўцэвіча і настаўніцу Ніну Смаршчок ушаноўвалі на раённым фестывалі «Сузор’е талентаў». Пераможца прадметных алімпіяд атрымаў спецыяльную прэмію старшыні райвыканкама Дзмітрыя Бурдука. А старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч уручыў таленавітаму юнаку дыплом пераможцы і прэмію ў намінацыі «З навукай у будучыню».

26 мая ляхавіцкі школьнік быў зноў у цэнтры ўвагі. Сяргей Краўцэвіч, яго мама, педагог Ніна Смаршчок, іншыя пераможцы сёлетняй рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, іх настаўнікі і бацькі былі запрошаны на спецыяльную цырымонію ўшанавання ў Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр. Менавіта тут ва ўрачыстай абстаноўцы старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар уручыў рабятам-пераможцам і іх настаўнікам спецыяльныя прэміі.

Ляхавіччына ганарыцца вамі і жадае чарговых поспехаў.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *