Дуплянка для гогаля

1 красавіка ў многіх краінах свету адзначаецца Міжнародны дзень птушак. Кажуць, што птушкі прыносяць на крылах вясну. Яны нібы абуджаюць прыроду сваім рознагалосым хорам. Вось ужо і буслы прыляцелі, кнігаўкі запелі ў чароце, сустракаюцца і жураўлі. На берагах Мініцкага вадасховішча ва ўсю гаспадарыць гогаль, які ў Беларусі аб’яўлены сёлета птушкай года.

Для даведкі: гогаль – гэта разнавіднасць качак. Незвычайнасць гэтай птушкі ў тым, што гняздуецца гогаль у дуплах дрэў. У сувязі са змяншэннем яго папуляцыі, людзі сталі клапаціцца пра яе захаванне: часам на балотах развешваюцца дуплянкі (латком абавязкова скіраваныя да вады).

Вясной, калі назіраецца масавы прылёт птушак і гнездаванне, чалавеку трэба быць асабліва ашчадным і ўважлівым да прыроды. Нельга палохаць, дазваляць сваволіць сабакам і кошкам і ні ў якім разе не выпальваць траву. Апошняе вельмі небяспечна для кулікоў, жаўрукоў, кнігавак, якія ўюць свае гнёзды ў траве.

Міжнародны дзень птушак мае на мэце прыцягненне ўвагі людзей да каштоўнасці прыроды і прыгажосці роднага краю. Давайце разам будзем слухаць звонкую вясновую песню жаўрука, салаўіныя трэлі, любавацца белым буслом у палёце, маленькай чаротаўкай, што пад подыхам ветру раскачваецца ў сваім гняздзе. Гэта трэба захаваць і для нашчадкаў.

Мікалай КУЗЬМІЧ, член ГА “Птушкі Бацькаўшчыны”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *