Экстра – гэта па-галаўнінску

Загадчыца МТФ «Галаўнінцы» Галіна Дубовік (у цэнтры), аператары машыннага даення Ірына Мельнік і Наталля Ажаль.

З меркаваннем, што атрымаць малако гатунку экстра можна толькі на спецыялізаваных сучасных малочных комплексах, у ЗАТ “Белпрампрыбор” не згодны і паспяхова гэта даказваюць.

Загадчыца Галаўнінскай МТФ Галіна Дубовік успамінае падзеі 3-4-гадовай даўнасці, калі толькі планавалі кардынальна змяніць справы на ферме. Пачыналі з навядзення парадку ў жывёлагадоўчых памяшканнях: уставілі пластыкавыя вокны, дзе патрэбна было – замянілі плітку, стварылі добрыя ўмовы працы для даярак і жывёлаводаў – ёсць душавая, бытоўка, гардэробны пакой.
Пільная ўвага надаецца захаванню санітарных патрабаванняў. Адкрылі радзільнае аддзяленне, асобна паставілі сухастойных кароў. Паступова перамены ў вядзенні малочнай жывёлагадоўлі станавіліся відавочнымі. Сапраўдная перабудова павінна была адбыцца і ў свядомасці людзей, якім належала вынікова працаваць у новых умовах.
Намеснік дырэктара ЗАТ “Белпрампрыбор” Андрэй Вараб’ёў рэальна ацаніў эканамічныя магчымасці сельгаспрадпрыемства, патэнцыял малочнага статка, прафесіяналізм спецыялістаў і работнікаў фермы і ініцыяваў гэтую работу, трымаў пад строгім кантролем усе працэсы. Адным з важкіх аргументаў на карысць перамен стаў матэрыяльны стымул –  «падросшая» зарплата.
Запрацавала селекцыйная служба, якую ўзначаліла заатэхнік-селекцыянер Ала Малевіч, побач з ёй намагаюцца ветурач Яўгеній Філічкін, ветфельчар Аляксандр Дубовік, ветурач гінеколаг-асемянатар Аляксандр Кожан. У асобную групу выдзелілі высокапрадукцыйных кароў (надой не менш як 20 літраў малака ў дзень), цяляты ад якіх таксама даглядаюцца асобна. Вядзецца актыўная работа па стварэнні рэзерву для аднаўлення статка. Кожны месяц у “Белпрампрыборы” расцельваецца аднолькавая колькасць кароў, што дазваляе на працягу года забяспечыць раўнамернасць атрымання надояў.
Наогул заавет-спецыялісты – асноўныя дзеючыя асобы, ад прафесіяналізму якіх залежыць і здароўе статка, і яго прадукцыйнасць. Канешне, не апошнюю ролю адыгрывае багатая кармавая база, прычым нарыхтаваныя прыпасы тут заўсёды самай высокай якасці і спажыўнасці. “Белпрампрыбор” прымяняе новыя тэхналогіі нарыхтоўкі кармоў, выкарыстоўвае сучасную тэхніку. Летась акрамя рулоннага сенажу ў спецыяльныя “рукавы” закладзены жом з саломай – вопыт дастаткова эфектыўны. Рацыёны збалансаваны для кожнай групы жывёл, немалаважна і тое, што кармоў выдаецца ўдосталь. Прычым, ужо сёння гаспадарка клапоціцца пра кармы на наступную зімоўку: на сенажацях падсейваецца канюшына, ёсць 50 гектараў гэтай травяной культуры ў чыстым выглядзе. Пашавы перыяд грамадскага статка пачнецца з выпасу на 50 гектарах азіміны, пасеянай на гэтыя мэты.
Сёння на Галаўнінскай МТФ надойваюць ад кожнай каровы штодзень па 22 літры малака пры тлустасці   4 працэнты і больш, на малочны завод адпраўляецца 10,5 тоны малака ў заліковай вазе (таварнасць 95 працэнтаў). Усё – гатунку экстра. Толькі ў лютым на перапрацоўку адпраўлена больш як 282 тоны экстры. Кожную пяцідзёнку на рахунак гаспадаркі паступае прыкладна 50 мільёнаў “малочных” рублёў.
Сёння зарплата даярак вагаецца ў межах 8-10 мільёнаў рублёў, а на раздоі кароў атрымліваецца і таго больш – да 12 мільёнаў. У калектыве дысцыпліна і адказнасць – у прыярытэце. Восем даярак
(дзве падменныя) штодзень цікавяцца вынікамі сваёй работы, спаборнічаюць. Калі ў Ірыны Мельнік, Наталлі Ажаль паказчыкі крыху большыя, то Валянціна Дзянішчык, Лілія Сельмановіч, Таццяна Зубік стараюцца не адставаць. У ліку лепшых дояраў і жывёлаводаў браты Адуевы. Даражаць сваёй работай усе члены калектыву. Пяцёра жывёлаводаў забяспечваюць паўнацэннае кармленне статка, два слесары-аператары машыннага даення сочаць за чысцінёй і спраўнасцю малакаправода, яшчэ два слесары адказваюць за захаванне належнага санітарнага стану ў памяшканнях, чатыры цялятніцы гадуюць маладняк.
Галіна Дубовік пераканалася сама і падтрымлівае сярод калег меркаванне, што, калі пастарацца, можна зарабіць выдатную зарплату ў сваёй жа вёсцы, на звычайнай МТФ.

Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Жывёлаводы Ігар, Аляксей, Ідрыс Адуевы, Вячаслаў Жагунь (другі злева).

Ветурач гінеколаг-асемянатар Аляксандр Кожан.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *