Дыябет у накаўце ад фізкультуры. 7 красавіка — Сусветны дзень здароўя

Прафілактыка і лячэнне цукровага дыябету – тэма чарговага Сусветнага дня здароўя, які традыцыйна адзначаецца 7 красавіка. Больш за 350 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце пакутуюць ад гэтай небяспечнай хваробы. У Беларусі па стане на 1 сту-дзеня на дыспансерным уліку знаходзілася амаль 288 тысяч пацыентаў з цукровым дыябетам, у абсалютнай большасці (93 працэнты) дыягнаставаны інсуліннезалежны тып.

Медыкі ўсяго свету б’юць трывогу: калі не будуць прыняты вельмі дзейсныя меры па прафілактыцы і выяўленні хваробы, то праз 20 гадоў колькасць захварэўшых можа павялічыцца ўдвая. Па прагнозах Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у 2030 годзе  дыябет стане сёмай па значнасці прычынай смяротнасці. Увогуле, рызыка памерці ў носьбітаў такога дыягназу ўдвая большая, чым сярод людзей такога ж узросту, у якіх няма дыябету.

Як расказала ўрач-эндакрынолаг Ляхавіцкай ЦРБ Вольга Барташэвіч, па стане на 1 красавіка на ўліку знаходзіцца 991 жыхар горада і раёна (сярод іх – тры падлеткі), у якіх выяўлены цукровы дыябет, у 49 – інсуліназалежнага тыпу.

У нашай краіне ўсе хворыя з такім дыягназам атрымліваюць лякарствы бясплатна, у тым ліку і ін’екцыі інсуліну, а інваліды  І і ІІ груп – сродкі самакантролю (глюкометры, тэст-палоскі для іх, інсулінавыя шпрыцы). Абавязкова раз у паўтара-два месяцы пацыенты павінны прыходзіць на прыём да эндакрынолага.

Дыябет развіваецца ў тых выпадках, калі падстраўнікавая залоза не выпрацоўвае ў дастатковай колькасці інсулін або арганізм не можа эфектыўна выкарыстоўваць выпрацаваны ім інсулін. Менавіта гэты гармон кантралюе ўзровень утрымання цукру ў крыві. Калі ён пастаянна павышаны, то з часам прывядзе да сур’ёзнага пашкоджання многіх сістэм арганізма, асабліва нерваў і крывяносных сасудаў. Па меры развіцця дыябет можа пашко-джваць сэрца, сасуды, вочы, ныркі, прыводзіць да хранічных праблем і нават лятальнага зыходу.

Вольга Барташэвіч нагадвае, што найбольш распаўсюджаны дыябет ІІ тыпу ці інсуліннезалежны, ён развіваецца ў выніку неэфектыўнага выкарыстання інсуліну арганізмам. Асноўныя факты рызыкі: няправільнае харчаванне, зніжэнне фізічнай актыўнасці, хранічныя стрэсы, курэнне і злоўжыванне алкаголем, атлусценне. Захворванне развіваецца павольна, найбольш характэрныя другасныя сімптомы: сверб скуры, сухасць у роце, агульная мышачная слабасць, галаўны боль, запаленчыя паражэнні скуры, якія цяжка паддаюцца лячэнню.

Калі цукровым дыябетам ІІ тыпу пакутуюць у асноўным дарослыя, то дыябетам І тыпу – пераважна дзеці і падлеткі. Асноўная прычына – спадчыннасць. Першыя праяўленні: смага, сухасць у роце, змяншэнне вагі, пастаянны голад і празмернае мочаспусканне. Сімптомы хутка нарастаюць, і без аказання неабходнай медыцынскай дапамогі наступствы могуць быць надзвычай цяжкімі. Асноўная дыягностыка на ранніх этапах – тэсціраванне крыві.

Лячэнне цукровага дыябету накіравана на зніжэнне ўзроўню ўтрымання глюкозы ў крыві, іншых фактараў рызыкі, якія разбураюць крывяносныя сасуды.

Людзям з дыябетам І тыпу неабходны інсулін, ІІ тыпу – у асноўным таблеціраваныя прэпараты, але ў складаных выпадках – таксама інсулін. Як расказала загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі № 56 Лідзія Каласоўская, у аптэках ёсць у дастатковай колькасці прэпараты для лячэння цукровага дыябету, прыборы для дыягностыкі і кантролю за ўзроўнем глюкозы ў крыві.

Цукровы дыябет, асабліва  ІІ тыпу, лягчэй папярэдзіць, чым потым лячыць яго і ўскладненні. Меры простыя і эфектыўныя: дабіцца аптымальнай вагі і падтрымліваць яе; абавязкова не менш паўгадзіны ў дзень займацца фізічнымі практыкаваннямі; забяспечыць здаровае харчаванне (меню патрабуе разнастайнасці, у абавязковым парадку – кашы, агародніна, рыба, нятлустыя малочныя прадукты і мяса, менш солі і цукру); кінуць курыць. Пры райбальніцы працуе школа дыябету. Сёлета навучанне ў ёй прайшлі ўжо 170 пацыентаў. З імі праводзяцца і індывідуальныя заняткі, на якіх у тым ліку паказваецца, як правільна карыстацца глюко-метрам, вымяраць і кантраляваць ціск, даглядаць за скурай ног, харчавацца, весці здаровы лад жыцця.

Медыкі даўно зрабілі выснову, што цукровы дыябет – гэта лад жыцця. Такое ўспрыманне хваробы пры захаванні ўсіх правілаў і ўрачэбных рэкамендацый не перашкаджае нармальна жыць і працаваць.

Галіна КАНЬКО.

Выкарыстана ілюстрацыя  з сайта b-b-c.com.ua

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *