Сябар мой баян

Усё жыццё Уладзіміра Крука звязана з культурай  і мастацтвам. З дзяцінства баян у яго руках спяваў на ўсе лады. Ад дзеда навучыўся іграць на гармоніку.  Творчая жылка ва Уладзіміра Канстанцінавіча – сямейная. У іх родзе ёсць і заслужаныя артысты, і даследчыкі традыцыйнай народнай культуры і мастацтваў.

Прыродныя задаткі развіваў спачатку ў Чэрвеньскай школе мастацтваў, а выдатныя арганізатарскія здольнасці спатрэбіліся адразу пасля заканчэння Баранавіцкага музвучылішча, калі быў накіраваны дырэктарам у Тухавіцкую музычную школу. Тыя часы Уладзімір Канстанцінавіч успамінае з асаблівай цеплынёй і настальгіяй. Канешне, не абыходзілася без цяжкасцяў і праблем, але побач былі сям’я, аднадумцы і сябры, якія заўсёды падтрымлівалі і дапамагалі. У гэты ж час завочна атрымаў вышэйшую адукацыю. Наладжваў дзейнасць даверанай яму ўстановы, займаўся яе перабудовай, укладваў усю душу ў справу навучання і выхавання.

У Тухавічах жыццё кіпела, звінелі вуліцы ад дзіцячых галасоў. Мясцовыя жыхары днём шчыравалі на вытворчасці, а вечарам разам з дзецьмі ў мясцовым Доме культуры спявалі ў хоры, вакальным ансамблі, удзельнічалі ў шматлікіх гуртках, займаліся спортам.

А потым сям’я Крукоў пераехала ў райцэнтр, дзе Уладзіміру Канстанцінавічу прапанавалі пасаду загадчыка аддзела культуры райвыканкама. А гэта маштабныя праекты, над рэалізацыяй якіх працаваў з калегамі, абнаўленне клубаў, бібліятэк, развіццё мастацкай самадзейнасці.  На любой пасадзе Уладзіміра Крука вызначалі добразычлівыя і паважлівыя адносіны да людзей, шчырая адданасць рабоце. Ва ўсіх справах надзейнай падтрымкай была сям’я.

Кадры – аснова ўсяго, перакананы Крук, ён не стамляўся ездзіць на размеркаванні ў навучальныя ўстановы. Колькіх прафесіяналаў “перацягнуў” у наш раён! А ён сам прыкіпеў душой да ляхавічан, да тутэйшых мясцін.  Сёння Уладзімір Крук па-ранейшаму апантаны любімай работай – узначальвае Ляхавіцкую дзіцячую школу мастацтваў.   А яшчэ ён вельмі творчая асоба. Шмат гадоў нязменны ўдзельнік народнага хору настаўнікаў ГДК, улюбёны ў музыку чалавек, які шчодра дзеліцца вопытам са сваімі выхаванцамі. Днямі на абласным аглядзе-конкурсе сярод 52 баяністаў вучань Уладзіміра Канстанцінавіча заваяваў дыплом  III ступені.

…Веснавое сонейка шчодра расквечвае наваколле. У вялікім садзе, што пасадзіў Уладзімір Крук, гудуць пчолы. Дарэчы, яшчэ адно яго хобі. Пад галінастымі дрэвамі любяць бавіць час дзеці, унукі, шматлікія родныя і блізкія, якіх у Крукоў вітаюць шчыра і гасцінна.  У такія сустрэчы ў іх вялікім доме гаспадарыць песня. Уладзімір Канстанцінавіч бярэ баян, і яго моцны прыгожы голас саліруе ў сямейным шматгалоссі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *