Заснавальнік “Таямнічага вострава”

Асоба педагога адыгрывае надзвычай важную ролю ў жыцці кожнага чалавека. Настаўнікі вучаць нас не толькі чытаць і пісаць, але і быць сумленнымі, шчырымі і добрымі людзьмі. Юрый Дзямід узгадвае падзеі мінулага тыдня: – Конкурс прайшоў на адным дыханні,  4 гадзіны праляцелі, нібы імгненне. Удзельнікі ўражвалі журы і балельшчыкаў сваёй творчасцю, арыгінальнымі выступленнямі, неардынарнымі прэзентацыямі. Тым прыемней, што наша з Аляксандрай “візітоўка” ўдалася.

Прадстаўнікі Востраўскай СШ удзельнічалі ў абласным конкурсе “Лідар года”, што праходзіў 30 сакавіка ў Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці ў межах форума “Лідар новага пакалення”. Да ўдзелу былі запрошаны самыя яркія, творчыя і актыўныя школьнікі і педагогі – каардынатары дзіцячых арганізацый з усіх раёнаў вобласці. Прадстаўлялі яны Беларускую рэспубліканскую піянерскую арганізацыю, БРСМ, валанцёрскі рух, дзіцячы парламент, школьнае вучнёўскае самакіраванне, кадэцкае братэрства. Арганізатарамі выступілі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і ўпраўленне адукацыі аблвыканкама, абласная структура БРПА, абкам БРСМ.
У “Лідары года” сёлета спаборнічалі 19 вучняў і столькі ж педагогаў. Выступленні праходзілі ў двух іспытах: самапрэзентацыя і творчы нумар дуэта. У намінацыі “дуэт-лідар” роўных не было таленавітым і актыўным вастраўчанам: старшыні савета дружыны ”Пралеска” Аляксандры Горбік і педагогу-арганізатару школы Юрыю Дзяміду. Дарэчы, дзевяцікласніца Саша прыехала на конкурс прама з лагера “Зубраня”, дзе адпачывае ў якасці заахвочвання за актыўны ўдзел у школьным жыцці. А Юрыя акрамя таго, як аднаго з шасці самых яркіх педагогаў Брэстчыны, журы адзначыла дыпломам
ІІІ ступені ўпраўлення адукацыі аблвыканкама за падрыхтоўку ўдзельніка маладзёжнага форума “Лідар новага пакалення”.
Творчыя і лідарскія здольнасці, крэатыўнасць і ініцыятыўнасць Аляксандры Горбік дазволілі перамагчы і ў раённым конкурсе “Піянер года”. Яна спрабуе сябе ў многіх справах: рэдагуе школьную газету, удзельнічае ў шматлікіх конкурсах, разам з іншымі піянерамі і бээрэсэмаўцамі займаецца цімураўскай работай, валанцёрствам.
Заўсёды побач з рабятамі іх старэйшы сябар, ініцыятар добрых і карысных спраў – настаўнік рускай мовы і літаратуры, педагог-арганізатар Юрый Дзямід.
У настаўніцкую прафесію ён трапіў невыпадкова. Яго мама Людміла Іванаўна працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Хлопчык змалку шмат часу праводзіў у школе, уяўляў сябе настаўнікам . І ніяк не разумеў, чаму так мала педагогаў-мужчын? Гэта ж такая захапляючая работа – працаваць з дзецьмі!
З атэстатам базавай школы юнак паступіў у Баранавіцкі педагагічны каледж, а закончыў навучальную ўстанову, калі яна мела статус дзяржаўнага ўніверсітэта.
–Вельмі камфортна адчуваю сябе ў такім прыгожым акружэнні. Жанчыны – гэта натхненне, пяшчота, мора абаяння і стымул для новых здзяйсненняў. Рады, што трапіў у калектыў, дзе заўсёды дапамогуць, падтрымаюць, зразумеюць, – гаворыць Юрый Дзямід.
У творчым калектыве прафесіяналаў Востраўскай СШ узаемадапамога – аснова асноў у рабоце. Дырэктар навучальнай установы Алена Дыдышка, яе намеснік Наталля Петухова, бібліятэкар-сакратар Марыя Ламанос, многія настаўнікі з ахвотай бяруцца і за грамадскую работу.
Для дзяцей Юрый Георгіевіч прык-лад для пераймання, таму яны гатовы падтрымаць любую яго ініцыятыву. Прыхільнік здаровага ладу жыцця, ён рабят далучае да спорту: толькі пацяплела – велапрабег, размінка на стадыёне, удзел у спартландыях, малых алімпійскіх гульнях і г.д.
Пасля заканчэння навучальнага года педагог-арганізатар з задавальненнем перакваліфікуецца ў старшага выхавальніка аздараўленчага летніка. У  “Чайцы-2015” Юрый Дзямід даказаў, як зрабіць адпачынак дзяцей не толькі запамінальным, але і змястоўным. Яго ідэю арганізацыі не проста змены, а сапраўднага “Таямнічага вострава”, дзе ў аснове ідэалы сям’і і сяброўства, падхапілі дзеці і дарослыя.
На думку Юрыя Георгіевіча, самае складанае – знайсці падыход да кожнага вучня, зрабіць так, каб з’явіўся інтарэс да карысных спраў, развіць дзіцячыя здольнасці і таленты.
– Больш за 10 гадоў працую ў школе і ні разу не пашкадаваў пра свой выбар. Безумоўна, не без цяжкасцяў, але і з імі можна справіцца, тым больш, калі любіш прафесію і адчуваеш, што ты на сваім месцы. Мне падабаецца такі рытм жыцця – калі ў пастаянным пошуку, – гаворыць на развітанне Юрый Георгіевіч і спяшаецца да сваіх вучняў: у іх чарговая задумка – ёсць ідэя!

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з архіва Востраўскай школы.

«Лідар-дуэт».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *