Калі чысціня і парадак – норма жыцця

Сярод пытанняў, якія выносіліся на парадак дня адзінаццатай сесіі раённага Савета дэпутатаў 27 склікання, – аб рабоце, што праводзіцца ў раёне па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння, навядзенні парадку на зямлі і зносе старых пустуючых дамоў у сельскай мясцовасці.

Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў асноўную ўвагу ў дакладзе акцэнтаваў на аб’ёмах выкананых работ па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на тэрыторыі рэгіёна, а таксама тых болевых кропках, якім патрабуецца тэрміновае “аздараўленне”.

Ён нагадаў прыклады сумеснай работы мясцовай улады з рознымі службамі, у прыватнасці, адзначыў супрацоўніцтва Ганчароўскага сельвыканкама з ПМС па пытаннях добраўпарадкавання могілак і зносу старых безгаспадарных дамоў. У СВК “Жарабковічы” ўласнымі сіламі зносяць пустуючыя дамы і па-гаспадарску распараджаюцца вызваленай зямлёй. У Начаўскім сельсавеце ў мінулым годзе праведзены акцыі “Чыстая вёс-ка”, “Чысты парк” з удзелам насельніцтва і арганізацый.

Актыўна ўзаемадзейнічаюць сельвыканкамы, камунгас і санслужба па заключэнні дагавораў на вываз цвёрдых камунальных адходаў. Так, пры ўвядзенні ў эксплуатацыю жылых дамоў райЦГіЭ патрабуе дагавор з камунальнікамі на вываз смецця, пра што на пачатковым этапе забудоўшчыкаў інфармуюць сельвыканкамы.

У мінулым годзе пад кантролем спецыялістаў санітарна-эпідэміялагічнай службы прыведзена ў належны санітарны стан тэрыторыя каля 1000 аб’ектаў, у тым ліку трох гаражных і дачных кааператываў, больш за 50 аб’ектаў сельскагаспадарчых арганізацый, 30 могілак, 3 зон адпачынку, ліквідавана 99 несанкцыянаваных сметнікаў і г.д.

Першыя памочнікі сельвыканкамаў у навядзенні парадку – старасты вёсак. Сярод самых ініцыятыўных Віталій Ціханаў назваў Валянціну Галоту, Надзею Патапчык, Людмілу Сідорскую, Святлану Вільчэцкую.

На жаль, іншы раз парадак наводзіцца толькі пасля правядзення рэйдаў, выдачы папярэджанняў і прыцягнення да адказнасці. За мінулы год райЦГіЭ выдаў 395 прадпісанняў і рэкамендацый аб ухіленні парушэнняў, 134 чалавекі аштрафаваны на суму больш за 100 мільёнаў рублёў, у органы ўлады і ведамствы накіравана 179 інфармацыйных пісьмаў з прапановамі па вырашэнні праблемных пытанняў, 11 хадайніцтваў.

Сярод галоўных парушэнняў – несанкцыянаванае размяшчэнне бытавых і будаўнічых адходаў на тэрыторыі сельскагаспадарчых аб’ектаў і населеных пунктаў, а таксама невыкананне заканадаўства пры ўтрыманні міні-палігонаў, зон адпачынку, гаражных масіваў, дачных і гаражных кааператываў. Прычым большасць з іх не патрабуе для ўхілення значных матэрыяльных затрат і ўкладанняў. Цэнтралізаваны збор камунальных адходаў арганізаваны ва ўсіх населеных пунктах, але застаецца дастаткова высокім працэнт скасавання домаўласнікамі дагавораў на вываз смецця. У выніку ўтвараюцца звалкі (у 2015 годзе іх выяўлена 99). Пастаяннай стала гэта з’ява па вуліцы Заводскай у Тухавічах, на тэрыторыі былога ФАПа ў Альхоўцах, Інтэрнацыянальнай у Сваятычах.

Для горада застаецца актуальнай праблема неналежнага санітарнага стану тэрыторыі асобных гаражных масіваў і кааператываў, кантэйнерных пляцовак і месц каля іх, што часта звязана з іх недастатковай санітарнай ачысткай, несістэмным вывазам смецця, але найперш – звычкай некаторых грамадзян смеціць вакол сябе. Каля сядзіб прыватнай забудовы па-ранейшаму можна ўбачыць гравій, пясок, іншыя будматэрыялы і зрэзаныя галіны, якія доўгі час псуюць навакольную карціну.

Адным з судакладчыкаў па першым пытанні выступіў начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Пятроўскі, які даў характарыстыку прыродным рэсурсам Ляхавіччыны і акрэсліў экалагічныя праблемы рэгіёна.

Старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч звярнуўся да кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў з просьбай далучыцца да добраўпарадкавання, а таксама звярнуў увагу дырэктара лясгаса Міхаіла Свістуна на выпадкі складзіравання лесу на палях, пашах, якія затым не заўсёды ў час падчышчаюцца.

Дэпутаты раённага Савета разгледзелі і шэраг іншых пытанняў, у тым ліку зацвердзілі праграму дзяржаўных гарантый па забеспячэнні грамадзян даступным медыцынскім абслугоўваннем на тэрыторыі раёна на 2016 год.

Па ўсіх пытаннях парадку дня прыняты адпаведныя рашэнні.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *