Памяць на ўсе пакаленні. 11 красавіка – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

Іван Стыкуць.

Зноў красавік нагадвае: прыйшла сапраўдная вясна. Свежая, прыгожая. Мірная. А 71 год назад было інакш – ішлі апошнія дні Вялікай Айчыннай вайны. 11 красавіка 1945 года вязні фашысцкага канцлагера Бухенвальд – аднаго з буйнейшых на тэрыторыі Германіі – паднялі інтэрнацыянальнае паўстанне. Гэты дзень у календары па рашэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый пазначаны як Міжнародны дзень    вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.

Усяго ў гітлераўскай Германіі і на акупіраваных ёю тэрыторыях дзейнічала больш за 14 тысяч канцэнтрацыйных лагераў, гета і турмаў, дзе катавалі, расстрэльвалі, травілі ў газавых камерах людзей, ставілі над імі нечалавечыя медыцынскія вопыты і эксперыменты.

За гады Другой сусветнай вайны праз лагеры смерці прайшлі больш за 20 мільёнаў чалавек з 30 краін свету, чвэрць – грамадзяне Савецкага Саюза. Амаль 12 мільёнаў так і не дажылі да вызвалення, сярод іх – каля 2 мільёнаў дзяцей.

На Нюрнбергскім працэсе ў 1946 годзе, калі праходзіў сусветны суд над нацыстамі, міжнародны трыбунал прызнаў, што заключэнне ў няволю мірных грамадзян замежных дзяржаў, выкарыстанне ў прымусовым парадку іх працы ў інтарэсах Германіі, з’яўляецца не толькі ваенным злачынствам. Яно было кваліфікавана як злачынства супраць чалавецтва.  Здаецца, гэта было даўно. Але толькі не для тых, хто прайшоў скрозь жахі фашысцкіх жорнаў.

На тэрыторыі Ляхавіцкага раёна цяпер жыве 27 былых вязняў фашысцкіх канцлагераў. У кожнага свой лёс, свае ўспаміны пра тыя страшныя дні, калі кожная хвіліна, кожны крок маглі стаць апошнімі. Амаль усе яны тады былі дзецьмі і падлеткамі, але не сціх і сёння той боль у сэрцы, а яшчэ засталіся загартаваная ваенным ліхалеццем жыццёвая стойкасць, невычэрпная надзея і вера, любоў да жыцця.

Былыя вязні Ніна Беляновіч, Зінаіда Віхноўская, Таццяна Віхноўская, Аляксандра Данільчык, Уладзімір  Жаваранак, Вячаслаў Зелянеўскі, Алена Кіеня, Стэфаніда Калядзіч, Яўгенія Кудзіна, Іосіф Лешык, Вера Літвінава, Васілій Лысюк, Зоя Осіпава, Ніна Папянюк, Соф’я Раманоўская, Аляксандра  Сяргей, Аляксандра Скрыцкая, Іван Стыкуць, Еўдакія Талочка, Надзея Турчына, Галіна Ходар, Міхаіл Шапель, Ніна Шарашавец, Ніна Шкляр, Аляксандра Шпак, Анастасія Шупан, Яўгенія Бісеркіна назаўсёды самай галоўнай каштоўнасцю жыцця лічаць мір.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Галіна Ходар.

Соф’я Раманоўская.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *