Балейце на здароўе!

Тэатр пачынаецца з вешалкі, а футбол – з падрыхтоўкі поля. Тым больш на старце сезона, калі буца футбаліста ступала на яго газон ой як даўно. Тыя з ляхавічан, хто мае “калястадыённую” прапіску ці чый шлях у мінулую сераду праходзіў паблізу галоўнага спартыўнага аб’екта раёна, маглі назіраць за працэсам. Для прыкаткі і выраўноўвання пакуль яшчэ стрымана-зялёнай “паляны” была ангажыравана спецтэхніка дарожнікаў. Навядзенне разметкі, сетка на каркас варот, лёгкая касметыка для трыбун і, калі ласка, на футбол. Стартавы свісток прагучыць ужо заўтра  ў 17 гадзін.

А зараз крыху гісторыі і мінімум неабходнай для прыхільнікаў гульні канкрэтыкі. Аматарская футбольная – не блытаць з міні-футболам і футзалам – ліга горада Баранавічы распачынае свой сёмы сезон. На гэты раз спіс каманд-удзельніц пашыраны да 18, большасць з якіх маюць баранавіцкую прапіску. Але не толькі: некалькі дружын камандзіраваны з Баранавіцкага раёна, плюс “Усход”, які ў адкрытым аматарскім чэмпіянаце горада Баранавічы будзе прадстаўляць Ляхавіцкі раён.

Сёлетні сезон стане для каманды трэцім. І распачне яго ФК “Усход” у рангу двухразовага турнірнага чэмпіёна і ўладальніка кубка лігі. Вельмі паказальны факт, які павінен сведчыць пра сілу каманды, яе настроенасць на барацьбу, самааддачу ад першай да апошняй мінуты паядынка, тактычную граматнасць, добрую фізічную падрыхтоўку спартсменаў, іх тэхнічны арсенал. У гэтым можна будзе на свае вочы ўпэўніцца ці ўсумніцца сёння, назіраючы за гульнёй “Усходу” супраць баранавіцкай каманды “Тарнада” з трыбуны ляхавіцкага “Коласа”. Мерапрыемства падаецца цікавым і перспектыўным у плане вяртання ў Ляхавічы футбола. Яго, калі 11 на 11, па ўсіх правілах і форме, галоўная футбольная паляна раёна не бачыла даўно. Магчыма, дзякуючы “Усходу” футбол у горадзе ўзыдзе, падрасце і дасць ураджайны вынік?

Што ж гэта за каманда, і якім магнітам яе прыцягнула ў Ляхавічы? У шэрагу прычын і тая, што адзін з актываў прыватнай структуры, якая падтрымлівае каманду, знаходзіцца на тэрыторыі нашага раёна. Магчыма, на карысць Ляхавіч “згуляла” і наяўнасць у горадзе даволі нядрэннай і не надта загружанай футболам спартыўнай інфраструктуры. У гутарцы з карэспандэнтам прадстаўнік каманды паабяцаў відовішчны футбол. Кожны тыдзень па выхадных днях, з 9 красавіка і да позняй восені.

Балейце, на здароўе!

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *