Зямля – справа тонкая

Камітэт дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці ў рамках ажыццяўлення кантролю за выкананнем заканадаўства ў галіне распараджэння аб’ектамі дзяржаўнай уласнасці вывучыў пытанні, якія тычацца правамернасці прадастаўлення зямельных участкаў для будаўніцтва аднакватэрных, блакіраваных індывідуальных жылых дамоў на тэрыторыі г. Брэста і выканання суб’ектамі гаспадарання ўмоў прадастаўлення такіх участкаў.
Па выніках праверкі Брэсцкага гарвыканкама ўстаноўлены парушэнні зямельнага заканадаўства пры адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў, а таксама адсутнасць кантролю за выкананнем землекарыстальнікамі ўмоў прадастаўлення ім зямельных участкаў, што прывяло да незаконных здзелак з зямельнымі ўчасткамі ў раёне вуліц Паляўнічай і Прыгранічнай у г. Брэсце.
Так, у 2010 годзе Брэсцкім гарвыканкамам з парушэннем устаноўленага заканадаўствам парадку (без правядзення аўкцыёну) прадастаўлены ПУВГП “К” 48 зямельных участкаў для будаўніцтва і абслугоўвання індывідуальных жылых дамоў і зямельны ўчастак для будаўніцтва магазіна з аўтастаянкай агульнай плошчай 6,5062 га.
ПУВГП “К” у парушэнне заканадаўства не выканала ўмовы адводу зямельных участкаў і абавязкі, прадугледжаныя дагаворамі арэнды зямельных участкаў. У мэтах рэалізацыі зямельных участкаў ПУВГП “К” заключала з фізічнымі асобамі дагаворы долевага будаўніцтва, у адпаведнасці з якімі грамадзяне ўносілі ўзносы, якія з’яўляюцца фактычна аплатай за набытыя зямельныя ўчасткі. Будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў на зямельных участках, прадастаўленых у арэнду ПУВГП “К”, ажыццяўлялася ўласнымі сіламі і за кошт уласных сродкаў фізічных асоб, якім у далейшым перадаваліся і прадаваліся незавершаныя закансерваваныя капітальныя пабудовы.
Пры гэтым не ажыццяўляўся кантроль за карыстаннем зямельнымі ўчасткамі і не прымаліся меры па іх адабранні ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку, але і пры пераходзе правоў на фундаменты ў адносінах 12 грамадзян у парушэнне заканадаўства гарвыканкам прымаў рашэнні аб змяненні віду рэчавага права з арэнды на пажыццёвае спадчыннае валоданне. У выніку бюджэт г. Брэста не далічыўся як мінімум 143,7 тысячы долараў.
Акрамя парушэнняў зямельнага заканадаўства пры будаўніцтве і ажыццяўленні здзелак з аб’ектамі нерухомасці ва ўказаным квартале забудовы дапушчаны парушэнні заканадаўства пры заключэнні і выкананні дагавораў долевага будаўніцтва, пры атрыманні праектнай і дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва, кансервацыі аб’ектаў, а таксама шматлікія факты самавольнага будаўніцтва ПУВГП “К” і грамадзянамі.
Як высветлілася пры праверцы, на працягу трох гадоў ПУВГП “К” не ўносіла арэндную плату па 23 зямельных участках, кантроль за збіраннем якой ускладзены на мясцовыя выканаўчыя органы.
Брэсцкім гарвыканкамам па выніках разгляду матэрыялаў праверак Камітэта прынята рашэнне аб адмене рашэння аб прадастаўленні ПУВГП “К” зямельных участкаў і рашэнняў на распрацоўку праектнай дакументацыі і будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў, распрацоўцы мерапрыемстваў па ўхіленні парушэнняў заканадаўства.
За самавольнае будаўніцтва магазіна на ПУВГП “К” накладзены штраф у памеры 45 мільёнаў рублёў, дырэктар таксама прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Матэрыялы праверак накі-раваны ў праваахоўныя органы для прававой ацэнкі дзеянняў службовых асоб. На падставе накіраваных матэрыялаў у адносінах дырэктара ПУВГП “К” узбуджана крымінальная справа.
Трэба адзначыць, што аналагічныя парушэнні выяўляліся і раней – на зямельным участку па вул. Т. Касцюшка ў г. Брэсце плошчай 1,2493 га, выдзеленым Брэсцкім гарвыканкамам індывідуальнаму прадпрымальніку.
За ўчыненне супрацьпраўных дзеянняў, што пацягнулі невыкананне ўмоў арэнды зямельнага ўчастка, рэалізацыю незавершаных капітальных пабудоў і перадачу права арэнды трох зямельных участкаў іншым грамадзянам, у адносінах ІП узбуджана 9 крымінальных спраў.
Мікалай ДЗЕМІДЗЮК,
галоўны спецыяліст упраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай
сферы і дзяржаўных органаў КДК
Брэсцкай вобласці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *