Жадаю, каб усе былі здаровы

Пытанні, што датычаць здароўя насельніцтва і арганізацыі аховы здароўя, хвалююць, без перабольшвання, усіх, а медыкаў – асабліва.    Пра гэта напярэдадні прафесійнага свята – Дня медыцынскага работніка – размова з намеснікам галоўнага ўрача УАЗ “Ляхавіцкая цэнтральная раённая бальніца” Міхаілам Куляшовым.

— Міхаіл Мікалаевіч, давайце пагаворым пра стан здароўя  нашых землякоў.

— Было нямала скептычных выказванняў, калі рабіла свае першыя крокі дыспансерызацыя. Аднак, прайшло некалькі гадоў, і пэўныя плюсы ад гэтага працэсу відавочныя. 98 працэнтаў жыхароў горада і раёна прайшлі дыспансерызацыю, гэта дазволіла ў многіх выявіць хваробы і схільнасці да іх. З абследаваных каля 50 працэнтаў знаходзяцца цяпер на дыспансерным наглядзе.

Асабліва адчувальныя вынікі ў  абследаванні людзей працаздольнага ўзросту. Не сакрэт, што маладыя людзі не спяшаюцца да ўрача, асабліва калі нічога ў здароўі не турбуе ці здараюцца невялікія, на іх погляд, праблемы. А хвароба паступова пераходзіць у хранічную стадыю, і тады значна цяжэй даводзіцца і самому пацыенту, і ўрачу. А дыспансерызацыя дапамагае не толькі  выяўленню хваробы на пачатковай стадыі, але і з’яўляецца выдатным сродкам медыцынскага лікбезу для пацыентаў.

Сярод станоўчых момантаў – зніжэнне колькасці выпадкаў позніх стадый анкалагічных захворванняў, значна зменшылася колькасць новых выпадкаў туберкулёзу.

Па-ранейшаму сярод дарослага насельніцтва найбольш распаўсюджаны захворванні органаў кровазвароту, дыхання і страўнікава-кішачнага тракту, у дзяцей часцей выяўляюцца хваробы органаў дыхання, стрававання і іншыя паталогіі.

Хвалюе і непакоіць алкагалізацыя насельніцтва, асабліва тое, што пад уздзеянне алкаголю трапляе маладое пакаленне.

Пра стан здароўя вяскоўцаў і гараджан гаворыць і статыстыка смяротнасці, і яна несуцяшальная. Асноўныя прычыны смяротнасці – хваробы органаў кровазвароту, анкалогія, старасць.

Непакоіць і стан здароўя будучых мам 70-80 працэнтаў цяжарных маюць паталогіі рознай ступені. Таму хочацца прафесійна параіць нашым дарагім жанчынам, перш чым планаваць цяжарнасць, абавязкова пачаць весці здаровы лад жыцця, абследавацца ў  гінеколага і тэрапеўта. Любую хваробу лягчэй  папярэдзіць, чым потым яе лячыць.

— Нельга ўявіць медыцыну без сучаснага абсталявання, як і без  новых методык лячэння. Чым у тэхнічным перааснашчэнні можа пахваліцца раённая медыцына?

—  У сістэме аховы здароўя раёна рэалізуюцца ўсе дзяржаўныя стандарты, для гарадскога і сельскага насельніцтва медыцынскае абслугоўванне арганізавана на належным узроўні. У райбальніцы, Крывошынскай участковай бальніцы, 8-мі урачэбных амбулаторыях, 16-ці фельчарска-акушэрскіх пунктах медыкі валодаюць навыкамі ўніверсальнай, рознапрофільнай меддапамогі. Установы  аховы здароўя забяспечаны неабходным абсталяваннем.

Апошнім часам за кошт сродкаў, выдаткаваных з рэспубліканскага, абласнога і раённага бюджэтаў, набыты і выкарыстоўваюцца гемалітычны і біяхімічны аналізатары, перасоўны флюарограф “пульмаскан”, электракардыястымулятар, абсталяванне для аснашчэння рабочага месца оталарынголага, разнастайнае фізіятэрапеўтычнае абсталяванне. Сёлета, мяркую, абнаўленне будзе працягвацца.

Чакае нас  і маштабная рэканструкцыя паліклінікі. Плануецца, што будынак паліклінікі па адрасе  зав. Пушкіна, 3 будзе не толькі рэканструяваны і адрамантаваны, але  да яго далучыцца шэраг прыбудоў. Урачэбны прыём будзе весціся тут. А для другога будынка   паліклінікі знойдзецца іншае функцыянальнае прымяненне. Сёлета пачнецца і капітальны рамонт Тухавіцкай урачэбнай амбулаторыі.

Зазначу, што ўсе ўрачэбныя амбулаторыі аснашчаны камп’ютарамі з аўтаномнай інфармацыйнай сістэмай, якая ўкамплектавана праграмай “урач агульнай практыкі”.

Гэта своеасаблівая база даных, у якой утрымліваюцца ўсе неабходныя медыцынскія звесткі пра кожнага пацыента. У бліжэйшай перспектыве такая ж аўтаматызацыя чакае і гарадскую паліклініку.

— Ніколькі не прыніжаючы ролю новых дасягненняў і навуковых распрацовак у галіне аховы здароўя, усё ж галоўнай дзеючай асобай прафесіі і самай вялікай каштоўнасцю медыцыны з’яўляюцца кадры. Міхаіл Мікалаевіч, вы згодны з такім меркаваннем?

— Безумоўна, гэта так.

На жаль, медыцына Ляхавіччыны, як і ў мінулыя гады, адчувае кадравы дэфіцыт, у першую чаргу, гэта датычыцца ўрачоў. За апошнія 3 гады да нас   па размеркаванні прыехалі сямёра ўрачоў. Сёлета чакаем яшчэ столькі ж – неўролага, рэнтгенолага, анестэзіёлага-рэаніматолага, стаматолага і двух педыятраў. Нягле-дзячы на такі ўнушальны дэсант, па-ранейшаму не ўкамплектаваны стаўкі анколага, кардыёлага, дэрматавенеролага, акушэр-гінеколага, участковых тэрапеўтаў. Няма ўрачоў у  Навасёлкаўскай, Альхоўскай, Начаўскай і Падлескай амбулаторыях. Без фельчара пакуль Начаўская і Альхоўская УА, чакаюць спецыялістаў ў Галаўнінскім і Рачканскім ФАПах. Вельмі выручаюць працуючыя ўрачы, якія  маглі б ужо знаходзіцца на заслужаным адпачынку. На шчасце, яны па-ранейшаму на варце здароўя землякоў. Вялікі ім дзякуй за падтрымку і дапамогу.

Сярод аўтарытэтных прафесіяналаў, паважаных людзей – хірург Сяргей      Бяляеў,  анестэзіёлаг-рэаніматолаг Станіслаў Папко, участковы тэрапеўт Ніна Таранда, загадчыца Куршынавіцкага ФАПа Лідзія Шклянік. Поспехі і традыцыі сістэмы аховы здароўя Ляхавіччыны закладзены людзьмі, якія стаялі ля яе вытокаў. Гэта нашы дарагія ветэраны Яўгеній Папроцкі, Соф’я і Аляксандр Васілевічы, Ганна Гурыновіч, Клаўдзія Клімашэўская, Ірына Рыжакова, Эльвіра Новік, Яраслаў Лойчыц, Ларыса Папко, Ніна Патупала, Веналій Бяганскі  і іншыя.

Вартыя добрых слоў за працу, за служэнне людзям загадчыца педыятрычнага аддзялення бальніцы Марына Вармахоўская, Аляксандр і Таццяна Літвіненкі, Валерый і Алена Саланенкі, Ігар Васілевіч, загадчыца інфекцыйнага аддзялення Аліна Курловіч, участковы тэрапеўт паліклінікі Алена Бяганская, урач-эндакрынолаг Вольга Барташэвіч, стаматолаг Алена Ракала, загадчыца Ліпскай урачэбнай амбулаторыі Вольга Кухарчык. Здаецца, зусім нядаўна па размеркаванні прыйшла ў  раённую бальніцу малады тэрапеўт Аксана Вечар. А сёння Аксана Сяргееўна – выдатны ўрач, якога паважаюць калегі і якому вельмі ўдзячныя пацыенты, яна загадвае тэрапеўтычным аддзяленнем бальніцы.

Добрымі словамі, слушнай парадай дапамагаюць пацыентам старшыя медыцынскія сёстры інфекцыйнага і неўралагічнага аддзялення Вольга Дубоўская і Алена Чашка, медыцынская сястра аддзялення дзённага знаходжання хворых пры паліклініцы  Сняжана Чайкоўская, загадчыцы Тальмінавіцкага і Малагарадзішчанскага ФАПаў Галіна Коршун і Ніна Грыцкевіч. За чысціню, парадак і камфорт у адказе старанныя работнікі з ліку  малодшага медыцынскага персаналу. У медыцыне няма дробязяў, яна – на варце здароўя людзей.

Шчыра віншую сваіх калег з прафесійным святам. Прыміце пажаданні здароўя, шчасця, поспехаў і аптымізму.

Гутарыла Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *