З кнігай па жыцці

Першы пасляваенны год. Разбураны вайной горад толькі пачаў адбудоўвацца.
– Для мяне, дваццацігадовай дзяўчыны, сапраўдным узрушэннем было бачыць, колькі ў людзей сіл, энергіі, жадання як мага хутчэй адбудаваць, аднавіць разбуранае вайной. Канешне, мы з мужам з гатоўнасцю далучыліся да ўсеагульнага настрою, працавалі, не шкадуючы сіл, – успамінае Марыя Пракоп’еўна
.
Яна ўладкавалася працаваць у бібліятэку, у кніжным фондзе якой на той час было ўсяго  80 выданняў. На рабоце прападала дапазна. Абышла амаль усе вёскі, з найбольш адукаваных вяскоўцаў падбірала работнікаў. Адкуль толькі сілы браліся. Паспявала ўсё і ўсюды. Камсамолка, актывістка, народны засядацель – грамадскай работы не баялася. Такі запал нельга было не заўважыць. На працягу 8 гадоў Марыя Пінчук была старшынёй выканкама Ляхавіцкага гарадскога
Савета дэпутатаў, першай і адзінай жанчынай на гэтай адказнай пасадзе. Тады ў райцэнтры было пабудавана нямала сацыяльных аб’ектаў, у тым ліку жылля. Большасць з іх і сёння служаць землякам.
А пасля зноў вярнулася да бібліятэчнай справы. З 1977 па 1982 гады ўзначальвала цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму раёна.
Як толькі было чарговае паступленне кніг, ехала ў Баранавічы ці Мінск і ашчадна адбірала кожны экзэмпляр. Дарэчы, менавіта пры Марыі Пінчук пачалося ўзвядзенне новага будынка раённай бібліятэкі. За праектам купалаўкі дырэктар ЦБС ездзіла ў Маскву.
Марыя Пракоп’еўна даўно на заслужаным адпачынку, але стараецца, наколькі дазваляе здароўе, цікавіцца падзеямі, якія адбываюцца навокал. Сын Валянцін з сям’ёй жыве ў Маскве, пастаянна падтрымлівае сувязь з мамай: вось і на 90-гадовы юбілей завіталі амаль усе родныя-масквічы.
Як сцвярджае юбілярка, ёй шчасціць на добрых людзей. У Ляхавічах жывуць сястра і пляменнікі, сяброўкі. З удзячнасцю яна гаворыць пра сваіх даўніх і правераных часам сяброў Міхаіла і Тамару Піліногаў, суседзяў Галіну Сакалову і яе дачку Вольгу.
– Я ніколі не апускала рукі, старалася каб усё задуманае спраўджвалася. І сённяшняй моладзі хачу сказаць: галоўнае ў жыцці верыць, любіць і спадзявацца, – упэўнена юбілярка.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *