І зноў вясна на Зялёнай вуліцы

Ляхавічанка Галіна Варановіч – увасабленне стрыманасці, спакою, раўнавагі, тактоўнасці. І не важна, хто перад ёю: пацыент, які прыйшоў да ўрача за паратункам, маленькая ўнучачка Кацярынка са сваімі дзіцячымі адкрыццямі, ужо дарослыя Андрэй і Оля са студэнцкімі навінамі, Юля – як калега, – да кожнага ў яе свой падыход, такі, што сэрца сагрэе і боль спатоліць. Яна – зубны ўрач, прафесіянал сваёй справы. Колькі пацыентаў – дарослых і дзяцей – застаюцца ўдзячнымі ёй, а калегі і сёння не хочуць адпускаць на заслужаны адпачынак: яна да ўсяго і выдатны настаўнік для маладых спецыялістаў.
Здаецца, што гэтая сціплая шчырая жанчына працуе 24 гадзіны ў суткі. Цяпер, калі наступіла вясна, акрамя работы і клопатаў пра дзяцей-унукаў, гаспадыні вялікага дома, прысядзібнага ўчастка трэба ўсё ўскапаць, пасадзіць, дагледзець…Дарэчы, гэта яна і называе адпачынкам, бо вельмі любіць сваю сядзібу, а клопаты – у радасць. Неўзабаве расцвіце сад і тая яблынька ля ўваходу ў дом, якую пасадзілі некалі разам з мужам Канстанцінам, і пад якой іншы раз збіраецца сям’я: гаспадара няма, а дрэва вырасла вышэй за дом –  памяць.
Сёння Галіна Іванаўна чакае гасцей: прыйдуць дзеці і ўнукі, каб павіншаваць з юбілеем найлепшую ў свеце матулю і бабулю, якая нарадзілася ў такую прыгожую пару, калі расцвітае не толькі вуліца Зялёная, але і на сэрцы вясна.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *