Добрай раніцы!

Лён крануўся. Услед за хлебаробамі ў пасяўную гонку ўключыліся льнаводы. Няпростая, не без спецыфікі ў вырошчванні валакніста-залацістая культура “зацікавіла” ў гэтым сезоне толькі нашы профільныя прадпрыемствы ў асобе льнонасенстанцыі і льнозавода. Як ідуць справы і ў чым іх асаблівасць, на якім адрэзку пасяўнога шляху знаходзяцца заводскія сейбіты?

Пасяўную кампанію суправаджае шмат эпітэтаў. Слушных і адзін паэтычней другога. Яшчэ – можна “запаралеліць” з раніцай. Вынікі дня кожнага з нас у многім грунтуюцца на ранішняй настроенасці, арганізаванасці, дакладнасці ў расстаноўцы прыярытэтаў. Аднолькава як і вытворчыя здабыткі аграрнага года, якія ў многім залежаць ад узроўню правядзення веснавых палявых работ. Прытрымлівацца тэхналогіі, не марудзіць, але і не гнацца за аб’ёмамі ва ўрон якасці, выкарыстоўваць “правільнае” насенне, тэхніку. Дадаць да гэтага шэраг папраўчых каэфіцыентаў і – атрымайце формулу ўраджайнай паспяховасці.
Склалася ўражанне, што сейбіты Ляхавіцкага льнозавода прытрымліваюцца ў рабоце іменна гэтай формулы. Зерневае складаемае іх яравога кліна абмяжоўваецца сціплымі 100 гектарамі ячменю, на сёння ўжо засеянымі і ненадоўга забытымі. Галоўны, калі не сказаць адзіны клопат дня – сяўба асноўнай культуры. Як растлумачыў вядучы аграном прадпрыемства Мікалай Герасімовіч, частку адмераных пад пасеў ільну плошчаў зойме сорт “блакіт”. Кампанію яму складуць “абарыген” нашых палеткаў “васілёк” і пара сартоў французскай селекцыі. Адзін з іх – “дракар” – нашы льнаводы-льноперапрацоўшчыкі прыручылі толькі ў мінулым годзе. Леташнія некалькі дзясяткаў пробных “французскіх” гектараў далі нядрэнны вынік. Ураджай трасты і яе якасць, ільнасемя, якое і стала сёлета насенным матэрыялам. Пашырылі і колькасць пасяўных гектараў – з леташніх дзясяткаў да сёлетніх трох з паловай сотняў з амаль што 1700, запланаваных пад пасеў, што называецца, заводскімі сіламі і намаганнямі.
Гэтым гарачым часам мех-атрад прадпрыемства мае мала адпачынку. У пэўныя гадзіны на асобных рабочых палетках здараюцца сапраўдныя стоўпатварэнні тэхнікі, калі на адносна невялікім участку адначасова працуе 5 і больш рознага прызначэння машын і агрэгатаў: культыватар, агрэгат камбінаваны шыроказахопны, пасяўны, каткі для надання трываласці лёгкім глебам.
Дадатковай складанасцю, стратай часу і гаручага для завадчан-сейбітаў з’яўляецца раскіданасць пасяўных участкаў: усяго іх больш за 3 дзясяткі, размешчаных у розных канцах раёна. Але гэта не пралік – абгрунтаваная неабходнасць. Справа ў тым, растлумачыў вядучы спецыяліст, што лён вельмі патрабавальная, “пераборлівая” да ўласцівасцяў глебы сельскагаспадарчая культура. На свой папярэдні ўчастак пасевы льну могуць вярнуцца толькі праз 5 гадоў – не раней. У зваротным выпадку ні максімальна ашчадныя адносіны да працэсу вырошчвання, ні дакладнасць тэхналогіі, ні хімія не дапамогуць – ніякіх гарантый, што атрымаецца “ўзбіцца” на высокі і якасны ўраджай.
Дарэчы, пра хімію. Зыходзячы з вопыту мінулага года, сёлета льнозавадчане некалькі падкарэкціравалі схемы работы з мінеральнымі ўдабрэннямі. Фінішная мэта – аб’ёмы і кандыцыі льнотрасты. Было вырашана дадаткова падкарміць бедныя гумусам глебы. Акрамя нарматыўна-стандартнай запраўкі комплексам тукаў, кожны “бедны” гектар атрымаў яшчэ і значную дозу вадкіх азотных удабрэнняў.
У мінулы аўторак сельскагаспадарчы мехатрад ільнозавода працаваў і на адным з жарабковіцкіх палеткаў. 125-гектарны кавалак раллі па большай частцы быў ужо засеяны. У тым ліку і на гэту дробязь звярнуў увагу кіраўнік работ, пра што сведчыла пасяўная графіка: роўныя, дробныя штрыхі-барозны цягнуліся на сотні метраў. Пара грувасткіх пасяўных камбайнаў выконвала сваю работу манатонна-настойліва. І вынікова: пры ўдалым раскладзе дзённая прадукцыйнасць аднаго такога агрэгата можа дасягаць 50 і больш гектараў. Іменна яго – удалага раскладу – хочацца пажадаць сёння льнозавадчанам і ўсім сейбітам раёна. Каб без адмовы ў рабоце тэхнікі і каб спрыяла надвор’е.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *