Гарачы цэх

У свае першыя дні, а зараз ужо можна гаварыць і пра тыдні, лета дэманструе актыўнасць. Ды так, што яго сярэдняя тэмпература прыметна апераджае кліматычную на гэты перыяд норму. Бракуе і вільгаці: кароткія, пасля доўгага перапынку ападкі, што здарыліся ў самым пачатку тыдня, сітуацыю не ахаладзілі, сельская гаспадарка працягвае працаваць ва ўмовах “гарачага цэха”. Гараць азімыя, яравыя, пашы, кармавыя і другія віды сельгаскультур. Пасевы льну, напрыклад, “пайшлі” рыжымі плямамі. Настолькі, што і ў перыяд уборачнай спеласці гэта культура выглядае куды больш жывой і свежай. Глядзець на ўсё гэта без шкадавання нельга нават чалавеку напрамую не звязанаму з сельскагаспадарчай галіной. Для аграрыя  падобная рэальная анамальнасць з’яўляецца сур’ёзнай бядой. Відавочна, што і кармоў сёлета атрымаецца нарыхтаваць менш леташняга. Прынамсі, першым укосам.

Так, у ходзе раённага семінара па пытаннях пашавага ўтрымання жывёлы і корманарыхтоўках, які адбыўся на пачатку апошняй дэкады мая на базе СВК “Шлях новы” і “Ляхавіцкі”, гучала лічба: першым укосам сельгасарганізацыям раёна запланавана нарыхтаваць каля 7 тысяч тон сена і 43 тысячы тон сенажу. Але суш на фоне гарачыні апошніх тыдняў не дазволіла травам падняцца да патрэбнай ураджайнасці. Касавіца, між тым, блізіцца да завяршэння. Тэхналогія патрабуе і стаіць задача завяршыць першы ўкос не пазней 20 чэрвеня. У плане абсалютна рэальна. За 5 дзён да названай даты ў гаспадарках раёна травы   былі скошаны на 95 працэнтах запланаваных плошчаў. Каля 80 працэнтаў скошанага ўбрана, спрасавана і ўпакавана. У рулоны сена, сянажныя траншэі. Агульны баланс мае наступны выгляд: для грамадскага сектара жывёлагадоўлі раёна назапашана каля 8400 тон кармавых адзінак травяністых кармоў. Для параўнання: у мінулым сезоне гэтая лічба дастаткова і ў лепшы бок адрознівалася. У пераразліку на ўмоўную галаву жывёлы  раён назапасіў сёлета прыкладна 3,9 цэнтнера травяністых кармавых    адзінак. Зноў-такі – гэта “мінус” у параўнанні з мінулагоднім на адпаведную дату становішчам.

Дастаткова, аднак, і тых гаспадарнікаў, хто прыведзеныя вышэй паказчыкі перакрыў – удвая і нават больш. ДП “Нача”, да прыкладу, мае ўжо амаль 7,5 цэнтнера            кармавых адзінак. Прычым, і гэта істотна, адна з нямногіх гаспадарак раёна, якая пераўзышла ў гэтым плане сябе леташнюю амаль удвая.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *