Справы сардэчныя. 21 красавіка – Дзень прафілактыкі хвароб сэрца

Сэрцам мы пазнаём свет, любім, радуемся жыццю. І чамусьці іменна да сэрца часта адносімся без належнай увагі і клопату, задумваемся пра яго толькі тады, калі з’яўляюцца сур’ёзныя праблемы. Можа таму гэтыя самыя праблемы прынялі маштаб сапраўднай эпідэміі: смяротнасць ад захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы трывала займае сёння першае месца сярод прычын смяротнасці.
Безумоўна, стрэсы, шкодныя звычкі (злоўжыванне алкаголем, наркотыкамі, курэнне, гіпадынамія, пераяданне) накладаюць на арганізм чалавека дадатковыя нагрузкі, служаць фактарамі рызыкі ўзнікнення захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Прафілактыка гэтых захворванняў складаецца з комплексу папераджальных мер.
Важна захоўваць прынцыпы рацыянальнага харчавання. З-за няправільнага харчавання і маларухомага ладу жыцця большая палова дарослага насельніцтва нашай краіны мае лішнюю вагу, а больш як 30 працэнтаў хварэюць атлусценнем, што з’яўляецца першапрычынай развіцця сардэчна-сасудзістых паталогій. Гэта праблема першынствуе сярод прычын развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў у сусветным маштабе.
Даказана, што вялікая колькасць тлустай, вострай, салёнай ежы ў нашым рацыёне выклікае не толькі атлусценне, але і дрэнна ўплывае на эластычнасць сасудаў, што парушае крывацёк. Асабліва востра стаіць пытанне са спажываннем солі пры гіпертэнзіі. У гэтым выпадку выключэнне з рацыёну солі з’яўляецца мерай першай неабходнасці. Справа ў тым, што яе лішак у арганізме перашкаджае ныркам спраўляцца з вывядзеннем з яго вадкасці і тым самым стварае лішнюю нагрузку на сасуды і сэрца.
Не забывайцеся і пра тое, што атрымаць дастатковую колькасць вітамінаў і мікраэлементаў нават з вельмі добра збалансаванага дзённага рацыёну практычна немагчыма. Таму неабходна прымаць іх дадаткова, каб утрыманне ў арганізме дасягнула таго ўзроўню, пры якім праяўляецца іх ахоўнае дзеянне.
Імкніцеся павысіць фізічную актыўнасць. Для падтрымання здаровага стану сардэчна-сасудзістай сістэмы неабходна рэгулярная фізічная актыўнасць: прыкладна 30-45 мінут 4-5 разоў у тыдзень з дасягненнем частаты скарачэнняў сэрца да 60-75 працэнтаў максімальнай. Фізічная актыўнасць на працягу гадзіны некалькі разоў на тыдзень садзейнічае падтрыманню здаровай вагі. Фізічныя трэніроўкі ўмацоўваюць сценкі сасудаў, аднаўляюць правільную работу сэрца і дапамагаюць усяму арганізму быць у тонусе.
Адна з галоўных умоў здаровага сэрца – адсутнасць шкодных звычак. Адмоўны ўплыў на здароўе аказваюць курэнне і злоўжыванне алкаголем. Нікацін узбуджае, павялічвае нагрузку на сэрца, выклікае звужэнне сасудаў, павышае артэрыяльны ціск. Пад уздзеяннем алкаголю губляецца кантроль за самаадчуваннем, павышэнне ціску становіцца больш небяспечным.
Навучыцеся супрацьстаяць стрэсавым сітуацыям. Механізм уздзеяння стрэсу на сардэчна-сасудзістую сістэму вядомы: выпрацоўваецца гармон адрэналін, які прымушае сэрца біцца часцей, а сасуды пры гэтым спазмуюцца і звужаюцца, з-за чаго павышаецца ціск і зношваецца сардэчная мышца.
Дарэчы, пазбегнуць многіх канфліктных сітуацый практычна немагчыма, але навучыцца правільна да іх адносіцца і нейтралізаваць – можна.
Задачай нумар адзін застаецца кантроль за ціскам. Высокі ціск можа прывесці да інсульту ці інфаркту.
Сачыце таксама за ўзроўнем цукру і халестэрыну.
Алена ІВАНОВА,
урач-тэрапеўт.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *