Сярэбраны старт

Стадыён “Брэсцкі” пакідае ўражанне вельмі ўтульнага спартыўнага збудавання. Кампактная шматфункцыянальная арэна, ядром якой з’яўляецца, здаецца, вечназялёны прамавугольнік футбольнага поля ў кантрасным авальным абрамленні бегавых дарожак. У мінулыя выхадныя футбола тут ”не давалі” – на “Брэсцкім” правіла баль каралева спорту. У першынстве вобласці па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 1996-97 гадоў нараджэння ўдзельнічалі ўсе без выключэння раёны Брэстчыны, а таксама гарады Брэст, Баранавічы, Пінск. Усяго – 19 каманд агульнай колькасцю каля 200 удзельнікаў. У праграме спаборніцтваў значыліся бадай усе віды лёгкай ат-летыкі – бегавыя дысцыпліны, скачкі, кіданні–штурханні.

Гонар Ляхавіччыны на вобласці абаранялі 7 нашых юных землякоў. Выступленне атрымалася: лёгкаатлеты Ляхавіцкага раёна заваявалі ў Брэсце другое агульнакаманднае месца. Саступілі нязначна камандзе суседняга Ганцавіцкага раёна, якая стала лепшай, і апярэдзілі бронзавага прызёра турніру – дружыну Кобрынскага раёна. У каманднае “серабро” трансфармавалася ўдалае выступленне кожнага з сямёркі ўдзельнікаў стартаў. Двойчы – на дыстанцыях  200 і 400 метраў – перамагаў Кірыл Максіменка, Максім Падзіна стаў на турніры лепшым у штурханні ядра і быў другім у кіданні дыска. Роўна як і Лізавета Кандрацьева, якая фінішавала першай на дыстанцыі  3 тысячы метраў і другой – на паўтаракіламетровай дыстанцыі. А Юлія Лешык была трэцяй на фінішы дзвюхкругавой дыстанцыі. Агульнакамандную скарбонку папоўнілі і ўсе астатнія нашы зборнікі. Выступленні ў сваіх відах Веранікі Кушнярэвіч з Мядзведзіцкай, Маргарыты Фірусь з Жарабковіцкай, Ільі Гатоўчыца з Ліпскай сярэдніх агульнаадукацыйных школ хоць і не сталі прызавымі, аказаліся ў заліковым полі.

Некалькі раней у Брэсце лёгкаатлетычны клас паказалі вучань Малагарадзішчанскага ДС-САШ Алег Катко і Дар’я Бярэзіч з Крывошынскай САШ. У спаборніцтвах па праграме Алімпійскіх дзён моладзі Брэсцкай вобласці Алег уздымаўся на п’едэстал гонару двойчы: на другую яго прыступку па выніках старту на дыстанцыі  2000 метраў з перашкодамі і трэцюю – на 5000 метраў.  Даша ў бегу на круг з бар’ерамі стала трэцім прызёрам.

Адзначым таксама і чарговы поспех Ангеліны Сліва. На нядаўняй абласной спартакіядзе школьнікаў яна вызначылася двойчы. Перамагла на адной з дыстанцый і фінішавала адразу за пераможцай на другой. Тым самым заваявала права выступіць у складзе зборнай каманды Брэсцкай вобласці на рэспубліканскай спарта-кіядзе школьнікаў. Спаборніцтвы адкрыліся ўчора, працягнуцца да 20 чэрвеня і, спадзяёмся, стануць паспяховымі для нашай зямлячкі.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *