Загадкі Шушанскага лесу

Наталля Скрыпнік пра гістарычныя артэфакты ведае шмат.

Турыстам-краязнаўцам добра вядомы многія гістарычныя, у тым ліку архітэктурныя помнікі Ляхавіччыны. Але далёка не ўсе. Пра некаторыя з іх не чулі нават тыя, хто лічыць сябе знаўцам гісторыі рэгіёна. Пераважна пра такія і пойдзе сёння размова. Завочную экскурсію па малавядомых, але цікавых мясцінах для “ЛВ” і яго чытачоў праводзіла метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Скрыпнік.

Знаёміцца з загадкамі мінуўшчыны пачынаем з курганоў. У большасці землякоў яны не выклікаюць асаблівай цікавасці – насыпы, зацярушаныя лісцем, зарослыя травой. Каб яны загаварылі, то маглі б расказаць, якімі прыладамі карысталіся нашы продкі ў працы, здабывалі агонь, чым абараняліся ў час небяспекі, з якога посуду елі-пілі і што лічылі лепшым упрыгажэннем… На тэрыторыі раёна захаваліся курганныя могільнікі перыяду ранняга сярэднявечча IX-XIII стагоддзяў ля вёсак Гулічы, Куршынавічы, Навасёлкі.

Напрыканцы першага тысячагоддзя нашай эры на верхняй Шчары пасяліліся дрыгавічы – адзін з буйнейшых племянных саюзаў усходніх славян. Згодна даследаванняў, курганныя могільнікі ля Гулічаў і Навасёлак належаць менавіта ім. Вывучэннем курганных могільнікаў у нашым раёне займаліся ў розны час вядомыя археолагі, тым не менш таямніц курганы захоўваюць яшчэ шмат.

Наталля Скрыпнік нагадала, што курганныя могільнікі ранняга сярэднявечча ля вёсак Куршынавічы, Гулічы, Навасёлкі ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ахоўваюцца законам.

Шэраг культавых збудаван-няў Ляхавіччыны, узведзеных у розныя гады, таксама ўяўляе гістарычны інтарэс. Не так даўно каля іх з’явіліся шыльды-ўказальнікі – падказка патэнцыяльным турыстам.

Шмат гісторый звязана са Святадухаўскай царквой, што ў Падлессі. Гавораць, што першы цуд у гэтых мясцінах адбыўся недзе ў XV-XVI стагоддзях. Адно з паданняў сведчыць: па дарозе з Падлесся ў Зарытава з правадніком ішла сляпая ад нараджэння дзяўчына. Тады, як і зараз, пачатак і канец вёскі пазначаліся крыжамі, упрыгожанымі стужкамі і кветкамі. Побач з крыжам знаходзіўся вялікі камень. Дзяўчына падышла да яго і стала відушчай. Яна і яе спадарожнік на камені ўбачылі ікону. Усхваляваныя і ўзрадаваныя цудам, мясцовыя жыхары пабудавалі на гэтым месцы драўляны шацёр, а хутка і капліцу. Чуткі пра цудатворную ікону Божай Маці разляцеліся па свеце. Прыгадвалі, што ў пачатку XVII стагоддзя ікона вылечыла мсціслаўскага ваяводу Георгія Сапегу. У знак удзячнасці той узвёў тут храм і адпісаў яму добры кавалак зямлі.

З’яўленне Святадухаўскай царквы звязваюць і з такой гісторыяй: аканома маёнтка Старыя Ляхавічы панеслі коні. Ён стаў маліцца Прасвятой Багародзіцы і паабяцаў пабудаваць царкву на тым месцы, дзе яны спыняцца. У той жа момант коні спыніліся. І адбылося гэта якраз там, дзе зараз знаходзіцца культавае збудаванне.

Тутэйшы камень меў асаблівую сілу – лячыў ад хваробы вачэй. У часы, калі рэлігія была не ў пашане, вернікі вырашылі схаваць яго – закапалі побач з будынкам. Пазней адкапалі, перанеслі ў храм, каб ён і далей дапамагаў тым, хто верыць у яго сілу.

Наогул, з камянямі ў нашым раёне звязана мноства гісторый. На пачатку вёскі Патапавічы сустракае чарада валуноў, на некаторых з іх выбіта дата – 1683. Праўда ці не, але людзі расказваюць пра іх з’яўленне так. Ішла вайна з туркамі. Многіх мужчын забралі ў войска. Ніхто з патапавіцкіх мужыкоў з той вайны дадому не вярнуўся. Аднойчы жаўнерскім удовам прысніўся сон, у якім мужы прасілі закаціць на ўзгорак за сялом камень.

І пайшлі вяскоўкі выконваць наказы мужоў. Адна адной дапамагаючы, кацілі камяні на ўзгорак, паліваючы іх слязамі. І пачалі на камянях праступаць крыжы – на якіх праваслаўныя, на якіх каталіцкія. Салдаткі верылі, што тут знаходзяцца душы іх мужоў.

А ў Начаўскім парку прыцягвае наведвальнікаў камень кахання. Начаўцы вераць: каб жыць з любімым у згодзе, неабходна прыйсці да валуна. Настаўніца геаграфіі Начаўскай СШ Святлана Чаранкевіч дапоўніла завочнае падарожжа расказам пра яшчэ адну тутэйшую славутасць. “Казімір Чарноцкі, якому належалі парк і маёнтак, шмат расказваў свайму сыну пра паўстанне 1863 года, у якім прымаў удзел. У тыя часы царскія ўлады забаранялі ставіць паўстанцам крыжы, помнікі. Таму шляхта выкарыстоўвала замест іх валуны. У начаўскім парку былі пасаджаны кругам  12 лістоўніц і пакладзены валуны ў памяць аб загінуўшых сябрах-паўстанцах. Некалькі валуноў захаваліся да сёння”.

А ля Крывошына захаваўся курган з каменем, на якім маецца памятны надпіс “Тут, у Рэпiхоўскiм лесе, памiж паўстанцамi Кастуся Калiноўскага i царскiмi карнiкамi адбыўся бой 9 чэрвеня 1863 года. Вечная слава барацьбiтам за свабоду”.

Да нашай вандроўкі далучаецца жыхарка Тухавічаў Тамара Васько, якая шмат гадоў працавала ў мясцовай школе настаўніцай геаграфіі. У свой час Тамара Эдуардаўна прай-шла са школьнікамі па многіх турыстычных маршрутах, распрацавала нямала пазнавальных экалагічных сцежак. Яна прыгадвае гісторыю мясцовых могілак. У часы Паўночнай вайны шведы хавалі тут сваіх суайчыннікаў. Паставілі на магілах масіўныя дубовыя крыжы і акружылі іх глыбокай канавай, каб не залівала вада. Захаваліся рэшткі гэтай канавы.

Шмат метак пакінулі на зямлі нашага краю ваенныя падзеі розных часоў, а людзі захоўваюць мноства легенд і паданняў пра іх. Так, гісторыя Шушанскага лесу, што раскінуўся недалёка ад аграгарадка Востраў, як сцвярджаюць старажылы, звязана з вайной 1812 года. Тамара Васько прыгадвае яшчэ адно паданне: “Недалёка ад Вострава, на поўнач у лесе, знаходзіцца ўзгорак, на якім калісьці стаяў замак мясцовага князя. 3 трох бакоў замак акружалі непраходныя балоты і толькі ў бок Брэст-Маскоўскай шашы была сухая дарога. У час вайны 1812 года, калі французскія войскі рухаліся ў глыб Расіі, адзін з атрадаў заблудзіўся ля Мышанкі. Французы выпадкова выйшлі да замка і патрабавалі вывесці іх на дарогу. Яны схапілі князёўну Шушу. Дзяўчына павяла атрад не на поўнач, а на поўдзень, у непраходныя балоты. Раз’юшаныя чужынцы забілі дзяўчыну. Вастраўчане пахавалі Шушу ў лесе, які з таго часу пачалі называць Шушанскім або Шушаленскім”.

А на перакрыжаванні вуліц Камсамольскай і Цітова ў райцэнтры знаходзіцца помнік салдатам Першай сусветнай вайны. На ім не выбіты прозвішчы, толькі сціплы надпіс: “Вечная памяць салдатам рускай арміі”. За помнікам даглядаюць работнікі цэнтральнай раённай бальніцы. Нядаўна з нацыянальнага архіва прыйшла копія дакумента, датаванага 1916 годам, які раскрыў імя аднаго з пахаваных тут салдат: “Ля касцёла пры мястэчку Ляхавічы Слуцкага павета Мінскай губерніі пахаваны яфрэйтар конна-разведвальнай каманды 124-га пяхотнага Варонежскага палка Нікіфар Іосіфавіч Правакатаў”. Хоць і праз стагоддзе, але знайшоўся яшчэ адзін прапаўшы салдат, яшчэ адно імя вернута з небыцця.

Вандроўку па нашым, няхай і невялікім раёне можна працягваць бясконца. Ляхавіччына – край з багатай гістарычнай спадчынай. Вы зацікавіліся? Адпраўляйцеся ў падарожжа!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з архіва Тамары ВАСЬКО і Святланы ЧАРАНКЕВІЧ.

Курган у Рэпіхаўскім парку

Начаўскія камяні

Курганы

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *