Рабочая субота. Разам! У Ляхавіцкім раёне землякі «суботнічалі» з добрым настроем і жаданнем/фота/

І ў Грушаўцы, і ў райцэнтры, і ў вёсках «суботнічалі» землякі з добрым настроем і жаданнем.

За тыдзень да мая – і зноў у адзіным памкненні, у адзіным парыве ўсе на суботніку. Традыцыі, якія выбіраем, традыцыі, якія асвятляюць быццё, становяцца прыкметай часу і душэўнай патрэбнасцю.

Зноў прыйшла субота. Але ў адрозненне ад практычна ўсіх астатніх тыдняў года 23 красавіка не стала звычайным выхадным. Аднак і банальным працоўным днём гэту суботу таксама не назавеш: не будзе раскрыта ні сутнасць, ні паэтыка моманту. Традыцыі ці не век – адзін з познекрасавіцкіх дзён на карысць добрых спраў. Гэта час, калі людзі самых розных, у тым ліку, далёка не рабочых прафесій апранаюць робу, узбройваюцца, найчасцей, шанцавым інструментам і за справу. Справа – навядзенне парадку ў доме. У шырокім сэнсе гэтага слова: у дварах, на гарадскіх, аграгарадскіх і вясковых вуліцах, у парках і скверах, месцах адпачынку, на аб’ектах гісторыка-культурнай значнасці.

Адзін з такіх – палацава-паркавы комплекс “Грушаўка” прыняў у той дзень ці не самы шматколькасны працоўны дэсант. І самы высокапастаўлены, калі ўлічваць той факт, што навя-дзеннем парадку на тэрыторыі некалі багатай, па свойму адметнай сядзібы працавалі, у тым ліку, і работнікі раённага выканаўчага камітэта. Ці не ў поўным складзе, на чале са старшынёй Вячаславам Сельмановічам. Працавалі граблямі: апаўшае мінулагодняе лісце, сухія галінкі ці не рэліктавых дрэў Грушаўскага парку былі акуратна выграблены, “складаваны” з наступнай пагрузкай у аўтамабілі і вывезены. Парасткі, якія штогод з’яўляюцца і тут і там, акуратна выдалены. Асаблівасць старога парку яшчэ і ў тым, што некаторыя дрэвы не вытрымліваюць “ціску” часу, гнуцца і ломяцца пад сілай ветру. На змену прымусова выдаленым грушаўскім дрэвам-аксакалам прыйшлі новыя. І не толькі ім: удзельнікі суботніка дааздобілі парк некалькімі дзясяткамі маладзенькіх дрэўцаў. Бярозкам, ліпам, клёнам – добры рост і доўгі лёс!
Нельга не заўважыць добрых змен. За некалькі год суботнікавага “куратарства”, тэрыторыя грушаўскага палацава-паркавага ансамбля выглядае ўсё больш гарманічна. “Чытаецца” ўвага, заметна гаспадарская рука. Напрыклад, удзельнікі мінулагодняга суботніка сутыкнуліся з большым аб’ёмам работ. А гэта важна – праз станоўчую дынаміку бачыць вынікі сваёй работы.
Але не толькі райвыканкам: з граблямі, лапатамі, сякатарамі ў руках суботні дзень у Грушаўцы правялі таксама раённыя банкіры, работнікі сістэмы адукацыі, прадстаўнікі падатковай інспекцыі, раёна электрасетак, “Ляхавіцкага весніка”…
Для асобных арганізацый суботнік не абмежаваўся суботай 23 красавіка – спецыфіка работ і яе аб’ёму прадыктавалі такі расклад. Абрэзка дрэў адной са старых алей, што вядзе ў глыбіню палацава-паркавага комплексу, расцягнулася на некалькі дзён. Работа штучная, і патрабаваўся ўдзел спецыялістаў. У цеснай кааперацыі адзін з другім яе выканалі прафесіяналы Ляхавіцкіх ПМК-17, РАНС, ПМС, ДРБУ і лясгаса.
Грушаўка, вядома, усяго толькі адна “кропка” суботняга прыцягнення ляхавічан і жыхароў раёна. У кожнай арганізацыі, прадпрыемства, установы быў свой участак работы. Апроч класікі дня – добраўпарадкавання тэрыторый – людзі працавалі на сваіх штатных месцах.
Вынік бачны адразу – у чысціні вуліц, двароў, прыдарожных палос, пабеленых дрэвах, іншае.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА  і Наталлі ПЕРАПЕЧКА.

One thought on “Рабочая субота. Разам! У Ляхавіцкім раёне землякі «суботнічалі» з добрым настроем і жаданнем/фота/

  • 27/04/2016 в 14:40
    Permalink

    Люблю работать вместе с коллегами. Общее дело объединяет, сплачивает и даёт возможность лучше узнать друг друга. «Посубботничаешь» и наслаждаешься результатами . А ещё это приятные совместные воспоминания — этакая история труда

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *