Ад ідэі да праекта. Ляхавіцкі раён стаў пілотнай тэрыторыяй рэалізацыі праекта ЕС / ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”

Сярод 30 раёнаў рэспублікі, якія падпісалі ў апошні дзень сакавіка мемарандумы аб узаемаразуменні з Праграмай развіцця ААН у рамках праекта ЕС / ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, што накіраваны на развіццё мясцовага патэнцыялу, самакіравання і ініцыятывы мясцовых таварыстваў, быў і Ляхавіцкі. Гэта вынік мінулагодняй работы рэгіёнаў Беларусі па распрацоўцы ідэй і праектаў па развіцці мясцовых ініцыятыў. Ад кожнай вобласці конкурсны адбор прайшлі 5 найбольш актыўных раёнаў. Ва ўрачыстай цырымоніі, якая праходзіла ў Мінску, ад Ляхавіччыны прыняла ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба.

Пастаянны прадстаўнік ПРААН   у Беларусі Санака Самарасінха падкрэсліў, што адна з галоўных умоў  удзелу ў праекце – устойлівасць. Пілотныя раёны стануць каталізатарамі работы над раскрыццём мясцовага патэнцыялу ў рэгіёнах. У Брэсцкай вобласці нашаму і яшчэ чатыром раёнам (Пружанскаму, Камянецкаму, Бярозаўскаму, Брэсцкаму) будзе выдзелена па 70 тысяч еўра на вырашэнне сацыяльных праблем. Што гэта значыць? А тое, што ў актыўных, фантануючых ідэямі жыхароў Ляхавіччыны з’явілася магчымасць увасобіць у жыццё ідэі і задумы па вырашэнні існуючых у гэтай сферы пытанняў.

29 красавіка рэгіянальны каардынатар праекта Анатолій Бялецкі правядзе сустрэчу з ляхавічанамі, на якой пазнаёміць з асаблівасцямі праекта, умовамі і далейшымі крокамі па рэалізацыі. У гэты ж дзень будзе створана і ініцыятыўная група па распрацоўцы сацыяльных прыярытэтаў. На працягу мая плануецца правесці чатыры сустрэчы з прыцягненнем як мага большай колькасці ініцыятыўных людзей, якія могуць прапанаваць цікавую ідэю, сфармуляваць надзённую праблему мясцовага значэння і абазначыць шляхі яе вырашэння. Гэта можа быць дзейнасць у галіне рамесніцтва, фермерства, развіццё творчых здольнасцей, захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцей, пытанні аховы здароўя, экалогіі і многія іншыя. Усе паступаючыя праекты будзе ацэньваць у адпаведнасці з палажэннямі конкурсу спецыяльна створаная камісія. Яна ж адбярэ тыя ініцыятывы, якія будуць накіраваны на карысць максімальнай колькасці насельніцтва нашага раёна, вызначацца доўгатэрміновасцю (не менш як 6 месяцаў) і актыўнай самазанятасцю нашых землякоў.

Праект “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і Праграмай развіцця ААН.

Нераўнадушным і прадпрымальным землякам для ўдзелу ў конкурсе застаецца знайсці ідэю, абгрунтаваць яе важнасць, даказаць, што яна павінна быць рэалізавана ў даным месцы і ў даны час.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *