Памяць і песня

Кветкі Свянтэцкай Але Іванаўне – у знак вялікай пашаны.

Свята-конкурс ваенна-патрыятычнай і афганскай песні “Памяць” у нашым раёне праводзіцца кожную вясну і амаль два дзесяцігоддзі прысвячаецца памяці земляка   Сяргея Свянтэцкага. Вось і сёлета маці героя Але Іванаўне, якая прысутнічала ў зале, кветкі – у знак павагі і ўдзячнасці. 21 красавіка з усіх куточкаў Ляхавіччыны вакальныя і эстрадныя групы, самадзейныя артысты на сцэне ГДК дэманстравалі сваё выканальніцкае майстэрства. Песні аб Радзіме, мужнасці, жыцці на афганскую тэматыку гучалі пранікнёна і прыгожа, жывы гук зачароўваў і кранаў сэрца.
Кожны з удзельнікаў зрываў дружныя апладысменты залы, кожнае выступленне было незабыўным і яркім.

Журы ацэньвала не толькі выканальніцкія даныя канкурсантаў, але і сцэнічную культуру, касцюмы. Пераможцы былі вызначаны ў сямі намінацыях. У намінацыі “За лепшае выканальніцкае майстэрства” быў названы Андрэй Цямчык з Русінавіцкага СДК, “За лепшае выкананне песні на ваенную тэматыку” – вакальная група “Гармонія” Тухавіцкага СДК. Трыа з Дараўскага СДК у складзе Вольгі Цімашок, Людмілы Іваноўскай і Алены Рымшы вызначылася ў намінацыі “За лепшае выкананне песні на патрыятычную тэматыку”, у афганскай тэматыцы не было роўных
Андрэю Саванчуку з Востраўскага СДК. За артыстызм і сцэнічную культуру журы аднагалосна прысудзіла перамогу старшаму лейтэнанту Андрэю Немішону з баранавіцкай воінскай часці, у якой некалі служыў наш славуты зямляк Сяргей Свянтэцкі. “За крэатыўны падыход да выканання твора” адзначаны Анастасія Свянтэцкая з Крывошынскага СДК і настаяцель Свяціцкай царквы іерэй Сергій, “За патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення” ўзнагароджаны народны хор ветэранаў вайны і працы “Сівізна” РМЦ.

..У той ліпеньскі дзень 1997 года нічога не прадракала   бяды. Сяргей (служыў ва ўнутраных войсках і акрамя іншых абавязкаў этапіраваў асуджаных да месца адбывання пакарання) быў у каравуле, калі злачынцы на станцыі “Баранавічы-Палескія” падчас перапраўкі ў калонію ўзмоцненага рэжыму спрабавалі ўцячы з-пад варты. Цаной уласнага жыцця наш зямляк затрымаў бандытаў.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за мужнасць і адвагу, праяўленыя пры выкананні воінскага абавязку,   Сяргей Свянтэцкі пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам   “За асабістую мужнасць”.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Вольга Кісель (Ліпскі СДК).

Удзельнікі конкурсу старшы лейтэнант Андрэй Немішон і прапаршчык Аляксандр Аніперка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *