Расціце, яблынькі, ці Ёсць у школы сад мары /фота/

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Лойка пасадзіў яблыньку ў садзе мары

Ад мала да вяліка нашы землякі беражліва захоўваюць памяць пра подзвіг сваіх дзядоў і прадзедаў, якія адстаялі свабоду і незалежнасць краіны, праявілі бяспрыкладны гераізм у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Акцыі, урокі мужнасці, сустрэчы з ветэранамі, мітынгі-рэквіемі, вахты памяці, а яшчэ пасадка алей і сквераў – не поўны пералік таго, што праводзіцца ў нашым раёне напярэдадні слаўнага Дня Перамогі.

Яблыневы сад у двары гімназіі, алея з туяў на бульвары каля раённай купалаўкі, сквер ва Ураджайнай ужо радуюць землякоў прыгожым убраннем і лёгкай прахалодай і штогод нагадваюць, як добра жыць пад мірным небам. І вось яшчэ адзін яблыневы сад закладзены каля СШ № 2 у райцэнтры. Маладзенькія, але моцныя саджанцы роўнымі радамі нібы салютуюць у гонар Вялікай Перамогі.

Вучні і настаўнікі даўно марылі пра ўласны сад, таму з задавальненнем адгукнуліся на прапанову індывідуальнага прадпрымальніка Валерыя Радзюка, які дабрачынна перадаў школе 160 маленькіх яблынь.

У мінулы чацвер актывісты БРСМ і БРПА, члены педагагічнага атрада, старшакласнікі, настаўнікі дружна адправіліся на пасадку дрэў. Сімвалічна, што разам з моладдзю ў гэтай патрыятычнай акцыі прынялі ўдзел запрошаныя госці – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Лойка, Васілій Кузьмянкоў, былы вязень фашысцкіх канцлагераў Зоя Осіпава.

– Кожнае дрэва, што вырасце ў гэтым садзе, будзе жывым знакам памяці пра тых, хто загінуў на вайне, і данінай павагі жывым ветэранам Вялікай Айчыннай. А яшчэ ўсе, хто саджаў яблынькі, задумалі сваё, самае патаемнае жаданне і ўпэўнены, што яно абавязкова збудзецца, – зазначыла намеснік дырэктара СШ № 2 па выхаваўчай рабоце Наталля Ходар.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *