Здаровы прыярытэт. ПРА ГЭТА ГАВАРЫЛАСЯ Ў ПАСЛАННІ ПРЭЗІДЭНТА

Сярод прыярытэтаў беларускай дзяржавы Прэзідэнт вылучыў сферу аховы здароўя і яе развіццё. За канстатацыяй факта, што ў сусветным рэйтынгу па доступе да медыцынскіх паслуг Беларусь займае першае месца, а па спрыяльных умовах для мацярынства знаходзіцца на 25-м месцы сярод амаль 200 краін, – маштабная, шматбаковая, сістэмная, бесперапынная работа па ўдасканаленні медабслугоўвання. Датычыць яна і буйных рэспубліканскіх і абласных клінік, і раённых бальніц, урачэбных амбулаторый, ФАПаў. Гэта відаць і на прыкладзе Ляхавіцкай ЦРБ, якая мае для выканання сваіх функцый добрую базу. Пацыентам па назначэнні ўрачоў аказваецца стацыянарная дапамога ў тэрапеўтычным, хірургічным, неўралагічным, інфекцыйным, педыятрычным аддзяленнях, аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі, дзённым стацыянары. У паліклініцы вядуць прыём урачы 17 спецыяльнасцяў. Прыкметна развіваецца дыягнастычная база. А пры неабходнасці жыхары раёна накіроўваюцца ў медустановы гарадоў Баранавічы і Брэст.
Маленькі раён зусім не азначае маленькія магчымасці аховы здароўя. І нам належыць яшчэ многае зрабіць у гэтым плане. На парадку дня, і гэта патрабаванне часу, асваенне высокатэхналагічных аперацый. Калі здабыткамі Брэстчыны па праву можна ганарыцца, то ў Ляхавіцкай раённай бальніцы зроблены ў гэтым накірунку першыя крокі: праведзена аперацыя па замене тазабедранага сустава, адноўлены сардэчны рытм методыкай электраімпульснай тэрапіі – з прымяненнем дэфібрылятара. Дагэтуль такія складаныя ўмяшальніцтвы былі прэрагатывай абласных і міжраённых медустаноў. Літаральна за апошні месяц чатыром пацыентам удалося перапыніць развіццё вострага інфаркту міякарда, дзякуючы своечасовай, на працягу 90 хвілін, дастаўцы іх у Баранавіцкі міжраённы кардыялагічны цэнтр, дзе ім было праведзена празскурнае каранарнае ўмяшальніцтва. На карысць пацыентам, мяркую, стане і ўдасканаленне траўматалагічнай дапамогі: на базе хірургічнага аддзялення райбальніцы з’явіліся 8 ложкаў для такіх хворых. Прычым траўматалагічная дапамога на месцы будзе аказвацца ў поўным аб’ёме.
Гэта і многае іншае – у раскладзе дня ляхавіцкіх медыкаў, якія ўсведамляюць сваю адказнасць за здароўе землякоў і ра-зумеюць, што, як сказаў Прэзідэнт, “здаровая нацыя – аснова квітнеючай і моцнай дзяржавы”.
Георгій ХЛЯБОВІЧ,
галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *