Мост праз вайну

Жыве ў Ляхавічах ветэран – сціплы чалавек, былы майстар-дарожнік. Ён, між іншым, мае вельмі багатую біяграфію, чорнымі радкамі ў якой упісана вайна. Родам з вёскі Жухавічы Карэліцкага раёна. На перадавой I Украінскага фронта ён аказаўся ў 1944 годзе. І сёння памятае ўсё да драбніц, пачатак вайны таксама.

У нашых суседзяў было радыё – рэдкасць на той час. Іменна з яго мы пачулі пра тое, што фашысты пайшлі на нашу краіну. А назаўтра ўжо самі пабачылі, што такое вайна. Якраз праз нашу вёску Жухавічы пайшлі варожыя танкі, ляцела безліч самалётаў – на Мінск. Усе аднавяскоўцы, у тым ліку і наша сям’я, прыхапіўшы сёе-тое з пажыткаў, уцякалі ў лес, на балоты. Старшыні калгаса і сельсавета малых, жанчын, старых рассялілі па сваяках, знаёмых. Мужчыны засталіся ў лесе і пачалі аб’ядноўваць сілы для барацьбы з ворагам. Мой бацька Іван Ільіч Грыцук ведаў нямецкую мову, і гэта вельмі спатрэбілася ў партызанскай барацьбе. Я таксама быў пры партызанах, хоць, зразумела, на сур’ёзныя справы падлеткаў не бралі. Вельмі хацелася хутчэй падрасці, каб разам з дарослымі са зброяй у руках хадзіць на заданні.

Але вайны хапіла і на мой лёс. Калі фронт адкаціўся на захад і Беларусь была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, я ў складзе Чырвонай Арміі пайшоў на фронт. Спачатку трапіў у 202-гі артполк, у артразведку. Гэта, калі знаходзішся на перадавой, вызначаеш пазіцыі варожых умацаванняў і перадаеш каардынаты артылерыстам. Бывала так, што трапляў між двух агнёў: зусім побач рваліся і свае, і варожыя снарады. Даслужыўся да старшага разведчыка, атрымаў медаль “За баявыя заслугі”. У гэты час на ўзбраенне паступілі новыя гарматы, і спатрэбіліся гарматныя, якімі маглі быць больш-менш адукаваныя людзі. Паколькі я закончыў 7 класаў, мяне і “прыпісалі” да адной з іх. Так і ішлі мы па вайне. Асабліва запомніўся бой на Сандамірскім плацдарме, дзе, здавалася, змяшаліся ў адно зямля і людзі. Мая гармата біла дакладным прыцэльным агнём, таму з гэтага бою я выйшаў з медалём “За адвагу”. Пасля быў нямецкі горад Цэтаў, які размяшчаецца якраз на мяжы са Славакіяй. Там да нас даляцела радасная вестка аб Перамозе, аднак, для нас вайна яшчэ не скончылася. У гарыстай мясцовасці хавалася шмат фашысцкіх салдат, і задача заключалася ў тым, каб вы-гнаць ворага, які схаваўся. У кожным вызваленым населеным пункце нас сустракалі, як дарагіх гасцей. Да нас далучаліся славацкія партызаны, з якімі мы разам ішлі ў бой. Хутка на шляху была Прага – вельмі прыгожы горад.

Неўзабаве ўвесь наш полк аказаўся на Украіне: там перашкаджалі будаваць мірнае жыццё бандэраўцы. Па 10-20 салдат нас размяркоўвалі па населеных  пунктах. Яшчэ 2 гады “выкурвалі” фашысцкіх паслугачоў з лясоў і хутароў. Пасля служыў ў Маскве: працаваў на будаўніцтве аэрадрома для рэактыўных самалётаў аж да 1948 года.

Калі пачалося мірнае жыццё і аднаўленне разбуранай народнай гаспадаркі, захацелася навучыцца будаваць масты. За вайну я шмат іх разбурыў, а цяпер марыў хоць частку аднавіць. Рабіў гэта ў Баранавічах, Слоніме, Ляхавічах. Тут і прыжыўся.

Хочацца, каб ні адно пакаленне больш не пазнала жахаў вайны.

Запісала Аліна ЛАПІЧ.

Коней у начлег мы так і не пагналі

Яму ішоў тады шаснаццаты год. Разам з хлопцамі любіў весці ў начлег коней. Збіралі торбы з бульбай, салам і вярхом на кані кожны ехаў ва ўрочышча. Майстравалі сабе зручнае прыстанішча, разводзілі касцёр. Смак той печанай бульбы з салам памятае і цяпер, прычым запэўнівае, што няма нічога на свеце смачней…

У нядзелю 22 чэрвеня 1941 года таксама збіраліся выводзіць на начлег коней. Раніцай быў моцны вецер, і хлопцы ўсё паглядалі на неба: каб не нагнаў да вечара хмар, каб дождж не сапсаваў пасьбу. Заўважылі, што над Брэст-Маскоўскай шашой вельмі часта ляцяць самалёты ў напрамку Баранавіч. Невядомая трывога ахапіла ўсю вёску. У другой палове дня стаў даносіцца грукат выбухаў, а ў небе ўсё ляталі самалёты: вайна. Вёска раптам неяк прыціхла і спалохана насцярожылася. Падлеткі яшчэ дрэнна разумелі, што гэта за такая страшная бяда, але, гледзячы на тое, як плакалі дарослыя, спешна праводзячы мужчын, было страшна і ім. Коней у начлег яны так і не пагналі, а новы дзень пачаўся з яшчэ большай трывогі: сталі сустракацца адступаючыя салдаты, у небе ляталі самалёты з чорнымі крыжамі, а пасля з’явіліся і фашысты.

Жыць на акупіраванай зямлі было цяжка. Усё рабілі пад дулам аўтаматаў. Таму, калі прыйшло вызваленне, юнакі, нават тыя, хто недарос да прызыўнога ўзросту, накіраваліся з Чырвонай Арміяй на захад – вызваляць зямлю ад фашысцкай нечысці.

— Я і мой сябар Васілій Найда таксама сабраліся ў дарогу. Маці галасіла і ўсё старалася напакаваць прадуктамі торбу. Трапілі ў Вязьму ў 44-ы запасны полк, а пасля ў 73-ці гвардзейскі зенітны полк, які дыслакаваўся ў Вільнюсе. Ахоўвалі аэрадром: наша задача была не дапусціць да аб’екта варожыя самалёты – днём і ноччу на пасту, трымалі пад прыцэлам кожны кавалачак неба. Там жа салютавалі і Перамозе.

Кожны год 22 чэрвеня я ўспамінаю сваё дзяцінства, начлегі ў полі і пах бульбы, спечанай у кастрышчы, сваіх сяброў, якіх ужо ў большасці няма. Успамінаю і гляджу на неба: няхай яно будзе мірным,   чыстым і сонечным.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *