Зямля. Людзі. Дзяржаўны клопат

26 красавіка Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў Гомельскую вобласць, у ходзе якой азнаёміўся з развіццём раёнаў, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У Ельскім раёне Кіраўнік дзяржавы наведаў адно з сельгаспрадпрыемстваў, дзе Прэзідэнту далажылі аб вытворча-эканамічным развіцці рэгіёна, завяршальным этапе вясенніх палявых работ, рабоце па стварэнні трывалай кармавой базы для забеспячэння інтэнсіўнага развіцця жывёлагадоўлі. У аграгарадку Дабрынь Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з мерамі, што прымаюцца па стварэнні ўмоў для камфортнага пражывання насельніцтва ў сельскай мясцовасці і раёнах, якія пацярпелі ад чарнобыльскай аварыі. У цэнтры ўвагі былі пытанні развіцця сацыяльнай інфраструктуры і добраўпарадкавання, газіфікацыі пацярпелых раёнаў.

Правільны шлях

Беларусь зрабіла правільна, пайшоўшы па шляху рэабілітацыі чарнобыльскіх тэрыторый, заявіў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў у ходзе рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць. Аляксандр Лукашэнка  адзначыў, што калі стаў Прэзідэнтам Беларусі, перад ім стаяў сур’ёзны выбар, што рабіць адносна пацярпелых тэрыторый. «Людзі былі напалоханы. Але я ўсім сэрцам і душой разумеў, што гэта – наша зямля і яе трэба адраджаць, – сказаў Кіраўнік дзяржавы. – Вынік сёння відавочны. Можна шчыра і адкрыта сказаць: мы зрабілі правільна, пачаўшы рэабілітацыю гэтых зямель».  Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўны ўдар ад аварыі на ЧАЭС прыняла на сябе менавіта Беларусь. За мінулыя гады ў рэабілітацыю пацярпелых тэрыторый былі ўкладзены дзясяткі мільярдаў долараў, і затрачаныя намаганні былі не дарэмныя. Вынік бачны на прыкладзе Ельскага раёна. «Сёння ў Ельскім раёне амаль не засталося зямель, якія трэба вяртаць да жыцця. Ужо няўдобіцы ўзворваюць, – адзначыў Кіраўнік дзяржавы. – Вазьміце Дабрынь (аграгарадок, дзе пабываў   Аляксандр Лукашэнка. – Заўвага БЕЛТА): 50 чалавек у дзіцячым садзе, яшчэ столькі ж гатовы ў хуткім часе туды прыйсці. Значыць, ёсць перспектыва, ёсць жыццё». «Гэта значыць, мы зрабілі нямала і прынялі правільнае рашэнне, – падкрэсліў   Аляксандр Лукашэнка. – За пяцігодку, якая пачалася, пры ўсіх праблемах і складанасцях, мы канчаткова вырашым усе пытанні, звязаныя з поўднем нашай краіны, каб гэтыя землі забылі трагедыю, што адбылася». Гаворачы аб дасягненнях у рэабілітацыі чарнобыльскіх тэрыторый, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэту работу варта было пачаць значна раней, яшчэ ў часы існавання СССР. «Але тады быў страчаны час. Прыкладна 10-15 гадоў змарнавалі ў разважаннях і спрэчках. Калі б можна было вярнуць час назад, трэба было б пачынаць гэта раней. Але і так зроблена нямала, сваімі рукамі», – сказаў Прэзідэнт.

Беларускі народ  праявіў гераізм

«Ліквідаваць наступствы катастрофы мы былі вымушаны адначасова з вырашэннем  задач па аднаўленні кіруемасці краіны, выратаванні заводаў і фабрык, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, сацыяльнай абароне людзей. Шматлікія эксперты з важным выглядам знатакоў гаварылі, што наваяўленая рэспубліка не вытрымае такога цяжару. Нам прадракалі хаос і выраджэнне, – сказаў Аляксандр Лукашэнка, калі прысутнічаў на фінальным канцэрце творчага марафону «Адраджэнне» ў Ельску, прысвечанага 30-й гадавіне катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. – Аднак перад тварам агульнанацыянальнага бедства беларускі народ, як гэта не раз бывала ў гісторыі, праявіў сапраўдны гераізм. Ён не апусціў рукі, знайшоў у сабе сілы з’яднацца і таму выстаяў». Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўрон, нанесены эканоміцы краіны чарнобыльскай катастрофай, ацэньваецца прыкладна $235 млрд. Да сённяшняга дня расходы Беларусі на пера-адоленне наступстваў аварыі перавысілі $22 млрд. Пры гэтым, падкрэсліў Прэзідэнт, у гэту суму ўвайшлі не ўсе падлікі, затрачаныя чалавечыя рэсурсы, таму канчатковая лічба можа перавысіць $30 млрд. З-за радыеактыўнага забруджвання давялося агарадзіць вялікія зоны, куды ўваход забаронены. Амаль 140 тысяч чалавек былі пераселены ў іншыя месцы. З абароту выведзена 264 тысячы га сельскагаспадарчых угоддзяў, пацярпела больш як чвэрць ляснога фонду Беларусі. «Дзякуй богу, у нас хапіла мудрасці і вытрымкі, каб не паддацца паніцы. Інакш цяпер вялікая частка тэрыторыі краіны ўяўляла б сабой вартае жалю відовішча запусцення і вымірання», – перакананы Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што чарнобыльская катастрофа стала агульным болем для трох брацкіх краін – Беларусі, Украіны і Расіі, прадстаўнікі якіх сабраліся сёння ў Ельску на фінальным канцэрце творчага марафону «Адраджэнне». «Думаю, менавіта ў гэты памятны дзень з гомельскай зямлі як ніколі актуальна прагучыць заклік да аб’яднання намаганняў дзеля таго, каб на змену «чорнай былі» для нашых народаў прыйшло шчаслівае заўтра, каб спынілася тая вакханалія, якая сёння прыпынена, але не ліквідавана на ўсходзе Украіны», – рэзюмаваў беларускі лідар.  

Адраджэнне  працягваецца

У дачыненні рэгіёнаў, якія зведалі радыяцыйную атаку, Прэзідэнт падкрэсліў: «Тут рэалізуюцца важныя інвестыцыйныя праекты, усё больш упэўнена становіцца на ногі прадпрымальніцтва. Праблемныя рэгіёны нам удалося ператварыць у зоны дзелавой актыўнасці». Дэмаграфічная сітуацыя ў чарнобыльскіх раёнах стала лепшай, нараджальнасць расце, а смяротнасць зніжаецца. «Як мне сказаў сёння губернатар Гомельшчыны Уладзімір Дворнік, на 2-3 працэнты прырост нараджальнасці тут (у пацярпелых рэгіёнах. – Заўвага БЕЛТА) вышэйшы, чым у вобласці. Значыць, можна тут жыць. Значыць, людзі вырашылі тут жыць. Мы ж сілай нікога не ўтрымліваем», – падкрэсліў беларускі лідар. Па мэтавых дзяржпраграмах у пацярпелых раёнах праведзена сістэмная работа па дэзактывацыі, узведзена мноства ачышчальных збудаванняў, пракладзены тысячы кіламетраў газаправодаў, водаправодных сетак і каналізацыі, сучасных дарог. Акрамя таго, пабудавана амаль 100 тысяч дамоў і кватэр, каля 500 аб’ектаў сацыяльнага прызначэння: школ, дзіцячых садоў, медцэнтраў, спартыўных збудаванняў. «У гэтай пяцігодцы мы поўнасцю газіфікуем раённыя цэнтры і аграгарадкі, а таксама буйныя населеныя пункты, якія маюць перспектыву развіцця», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Вельмі важна, на думку Прэзідэнта, і тое, што не забыта духоўная сфера. У старажытных самабытных гарадах і вёсках беражліва захоўваюцца культурныя традыцыі, унікальныя абрады і народныя рамёствы.

Вёска з будучыняй

«Цяпер мы ўжо ставім задачу не проста адрадзіць абпаленыя Чарнобылем рэгіёны, а забяс-печыць іх далейшае развіццё. Пры гэтым не маем намеру адступаць ад той палітыкі, што праводзілі да гэтага часу ў адносінах да людзей, якія пражываюць на гэтых тэрыторыях. У мінулай пяцігодцы мной было прынята рашэнне аб перадачы ўсіх «чарнобыльскіх» грошай на месцы ў распараджэнне мясцовых органаў улады і людзей», – звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт дадаў, што такое ж рашэнне прынята і на бягучую пяцігодку, каб улада на месцах разам з народам сама думала, куды ўкладваць гэтыя сродкі: у газіфікацыю, будаўніцтва дарог або добраўпарадкаванне. Прэзідэнт падкрэсліў, што райцэнтры і аграгарадкі ў бліжэйшыя гады трэба прывесці ў ідэальны стан. «У гэтым і двух наступных гадах трэба ўсе раённыя цэнтры і буйныя гарады абласнога падпарадкавання прывесці ў ідэальны стан. І пяць гадоў на тое, каб прывесці аграгарадкі вось у такі стан (як у Дабрыні. – Заўвага БЕЛТА), каб моладзь заставалася тут жыць і ганарылася гэтым», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што аграгарадкі павінны выконваць ролю цэнтраў жыцця ў вёсцы. Разам з тым неабходна ўдзяляць увагу стварэнню належных умоў для жыцця і ў вялікіх вёсках. Гаворачы пра малыя, так званыя неперспектыўныя, населеныя пункты, Прэзідэнт адзначыў, што для мясцовых жыхароў, тым не менш, павінен прадастаўляцца хаця б мінімальна неабходны набор паслуг.

Праграма  для краіны:  развіццё

У час рабочай паездкі Кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанні журналістаў, закрануў тэму маючага адбыцца V Усебеларускага народнага сходу.

«Праграма будзе абсалютна рэалістычнай, а не манілаўшчынай. Мы будзем планаваць, зыходзячы з нашых магчымасцей. У тым, што мы можам значна дабавіць, няма ніякіх сумненняў. Залог гэтага – мадэрнізацыя, якую мы правялі», – падкрэсліў беларускі лідар. Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі мадэрнізацыя закранула не толькі такія галіны, як сельская гаспадарка або дрэваапрацоўка, але вялікія сродкі за мінулыя гады ўкладзены ў прамысловасць. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што з улікам хвалепадобнага развіцця сусветнай эканомікі на змену крызісным з’явам абавязкова прыйдзе рост. «Гэта яшчэ больш узмоцніць нашы магчымасці. Таму што павінны даць аддачу мадэрнізаваныя прадпрыемствы, а іх вялікая колькасць. І мы не спыняемся. Пры ўсіх складанасцях галоўная наша задача – мадэрнізацыя і абнаўленне вытворчасці на інавацыйнай аснове», – сказаў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што неабходны больш маштабны падыход у ацэнцы вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Гэта не адна, а ўжо некалькі пяцігадовых перыядаў. «Мы больш за ўсё гаворым, што крызіс, але забываем сказаць, што зроблена за гэты час. А зроблена нямала. І, грунтуючыся на гэтым, нам трэба зрабіць значны рывок», – падкрэсліў беларускі лідар. Адказваючы на існуючае меркаванне, што ад правядзення Усебеларускага народнага сходу варта было б адмовіцца ў складаны час, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «У такі час людзям патрэбны арыенціры. Людзям трэба паказаць, як будзем жыць заўтра. Не баючыся сказаць праўду, што мы нешта не зрабілі, недапрацавалі». «Праграму мы робім рэалістычную. Яна для таго і робіцца, каб быць рэалістычнай і паказаць шляхі выхаду з існуючага становішча і напрамкі руху наперад», – рэзюмаваў Прэзідэнт.  

Па матэрыялах БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *