Пра Марыю Антонаўну слова

Калі б сабраць усіх былых вучняў, для якіх Марыя Антонаўна стала першай настаўніцай, то, адназначна, класы сённяшняй СШ № 1 запоўніліся б. Калі б іх, былых вучняў, добрыя пачуцці да яе ўвасобіць у кветкі, то атрымаўся б цэлы батанічны сад. Яе ж любоў, прафесіяналізм і адказнасць за тых, хто садзіўся за парты і з захапленнем лавіў кожнае слова сваёй самай лепшай, самай справядлівай настаўніцы, матэрыялізавалася ў іх сённяшнія дасягненні, у тое, кім яны сталі. Вельмі старалася, каб годнымі сумленнымі людзьмі.
Марыя Антонаўна Махнавец з тых педагогаў, якія заўсёды жылі праблемамі сваіх вучняў, выхоўвалі кожным урокам і перапынкам, кожнай праведзенай разам хвілінай, кожным заданнем на дом.
Сёння шмат гаворыцца пра развіццё адукацыі, пра асобу педагога – якім павінен быць сапраўдны настаўнік. Мяркую, што ўзорам для тых, хто выбраў гэтую прафесію, могуць быць многія ветэраны педагагічнай працы. Махнавец – з такіх. І ў сем’і да выхаванцаў хадзіла, і асабістага часу не шкадавала для сваіх чамучак, і з іх бацькамі ў заўсёдным кантакце была – неафіцыйная кругласутачная гарачая тэлефонная лінія не давала збояў. Ведаю гэта не па чутках – Марыя Антонаўна была першай настаўніцай сына.
Яна родам з СШ №1. Аднойчы, 1 верасня 1948 года, прыйшла сюды першакласніцай, потым праз дзесяцігоддзі – настаўніцай. Стала заслужанай, спачатку заслужыла вялікі аўтарытэт сярод калег, бацькоў, вучняў, наогул землякоў, пазней – і адпаведнае званне. І сёння, хаця ўжо не працуе, яна ў цэнтры жыцця, усё такая ж нераўнадушная – педагог назаўсёды.
Не важна, што яе першым вучням, як гаворыцца, палціннік. Яны па-ранейшаму для Марыі Антонаўны хлопчыкі і дзяўчынкі, у якіх, праўда, ужо свае дарослыя дзеці і нават унукі. Успамінае безліч гісторый і выпадкаў, што адбыліся некалі з імі, захоўвае стосы паштовак і сшыткаў, расказвае, расказвае, расказвае… І пра сваіх былых аднакласнікаў таксама. Сярод іх і людзі мастацтва, і прадстаўнікі больш растыражаваных прафесій, галоўнае, – усе людзі паважаныя.
У іншых яна стараецца заўсёды ўбачыць добрае, магчыма, таму, што сама выключна з добрымі памкненнямі ставіцца да людзей. Гэта яе настаўніцкая рыса і чалавечая.
Супадзенне такое вітаецца, і яно ёсць, што пацвердзяць шматлікія сябры і калегі Марыі Антонаўны. Яе захапленне – педагогіка, яе любоў – дзеці, яе спраўджаная мара – школа.
Прыгадваюцца сказаныя ёю словы: “Калі іду міма сваёй школы, заўсёды прыпыняю крок, каб паглядзець на прыгажуню. Яна ў свае без малога  150 гадоў такая юная, такая жыццярадасная. Па -добраму зайздрошчу тым, хто тут вучыцца і вучыць. Сёння не толькі эмоцыі, але і вялікі жыццёвы вопыт дазваляе мне сцвярджаць: педагог – як жа годна гэты гучыць”…
Ну што дадаць? У гэтым уся Марыя Антонаўна Махнавец.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *