Заўтра была вайна

Дзеці вайны. Іх, як і салдат Вялікай Айчыннай, з кожным годам застаецца ўсё менш і менш. Сёння яны людзі ў паважаным узросце, у многіх – ужо праўнукі. Але па-ранейшаму час ад часу памяць вяртае ў вогненныя саракавыя, калі паў-Еўропы знаходзілася пад прыгнётам фашысцкай Германіі. Для іх, мірных жыхароў, Другая сусветная вайна стала такім жа жудасным выпрабаваннем, як і для воінаў дзеючай арміі, партызан, падпольшчыкаў. Пакуты і боль, знявагу і голад, скалечаныя лёсы і раз’яднаныя сем’і, спаленыя гарады і вёскі, жах канцэнтрацыйных лагераў, мільёны загінуўшых – вось што прынёс народу аку-пацыйны гітлераўскі рэжым.

Асвенцым, Бухенвальд, Майданэк… Фашысцкія лагеры смерці размяшчаліся не толькі ў Германіі, але і на акупіраваных тэрыторыях, у тым ліку і на шматпакутнай зямлі Беларусі.

Чэрвень 1941 года. Невялікая вёска Лосьміна Калінінскай вобласці (цяпер Цвярская вобласць Расіі) жыла звычайным сялянскім жыццём, поўным клопатаў і спадзяванняў на лепшае. Дарослыя, не шкадуючы сіл, працавалі ў калгасе, дзеці дапамагалі па хатняй гаспадарцы і, канешне, знаходзілі час, каб пакупацца і пагуляць. Субота 21 чэрвеня была падобнай на іншыя суботы – праца, адпачынак, а вечарам вяскоўцы з нецярпеннем чакалі прагляду новага фільма… А тым часам мірнае жыццё адлічвала апошнія гадзіны. У 4 гадзіны раніцы 22 чэрвеня 1941 года выбухамі і ровам самалётаў і несціханай кананадай пачаўся адлік дзён і начэй Вялікай Айчыннай вайны.

Тады Таццяне Байрашэўскай было 11 гадоў. Бацьку адразу прызвалі ў Чырвоную Армію (ён загінуў у 1943 годзе), старэйшы брат пайшоў у партызаны. Таня разам з мамай і малодшым братам Міхаілам, як і ўсе аднавяскоўцы, хаваліся ад бамбёжак і пагромаў.

— Ужо дакладна і не памятаю, калі нас пагналі на чыгуначны вузел, пагрузілі ў вагоны без вокнаў і павезлі невядома куды, — расказвае Таццяна Байрашэўская.

Спалоханых людзей прывезлі ў канцэнтрацыйны лагер, які знаходзіўся ў Слуцку.

— Старых, жанчын, дзяцей загналі ў баракі, а маладых адабралі, каб адправіць на работы ў Германію. Вельмі цяжка і балюча ўспамінаць, як фашысты здзекаваліся над намі. Многія паміралі ад голаду, хвароб. Не ведаю, як мы выжылі, мабыць, дзякуючы маміным малітвам, — успамінае жанчына.

Пасля вызвалення Таццяна разам з сям’ёй трапіла на Ляхавіччыну. Без дапамогі мясцовых жыхароў, па ўспамінах былога вязня, не выжылі б. Жыццё паціху наладжвалася, настройвалася на мірны лад. Большая частка працоўнага жыцця Таццяны Васільеўны звязана з камбінатам кааператыўнай прамысловасці, адтуль яна пайшла і на заслужаны адпачынак.

Жыццё ў Таццяны Байрашэўскай – вялікае, знайшлося ў ім месца і радасці, і шчасцю, і гору. Але тыя месяцы ў фашысцкай няволі былі самымі страшнымі і назаўжды пакінулі душэўныя раны.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *