Двое ў цяльняшках і К

Бацька і сын. Былыя дэсантнікі Аляксандр і Віталій Кендышы.

На выхадныя ў трохпакаёўцы Кендышаў цеснавата, бо пад дах бацькоўскага дома абавязкова прыязджаюць Даша і Паша, якія вучацца ў Навагрудку і Баранавічах. І тады сям’я ў зборы: музыка чуваць, гоман, а з кухні даносяцца апетытныя пахі – стараецца мама Таццяна. Асабліва весела бывае 2 жніўня, на Дзень дэсантнікаў: у Кендышаў два мужчыны па праву носяць паласатыя цяльняшкі. Галава сям’і Аляксандр служыў у дэсантных войсках, па яго слядах прайшоў і сын Віталій. У прамым сэнсе прайшоў, бо трапіў у тую ж вайсковую часць, дзе некалі служыў бацька, толькі жыў у суседняй казарме. Старэйшы сын Канстанцін нават крышачку зайздросціць брату з гэтай нагоды.
Гаспадыня з любоўю глядзіць на сямейства, з замілаваннем слухае і думае пра сваё: вось яно, яе шчасце – тры сыночкі і дачушка. Радуецца, што яны выраслі добрымі, адказнымі, шчырымі людзьмі. І пераканана: усё таму, што выхоўваліся ў працы. Косця і Віталій пасля школы паступілі вучыцца ў аграрны каледж: у сям’і свой аграном і заатэхнік, прычым Косця закончыў навучальную ўстанову з адзнакай. Падраслі Даша і Паша, таксама пайшлі вучыцца далей, і неўзабаве з’явяцца ў сям’і бухгалтар і будаўнік. Праўда, Косцю ўсё больш стала прыцягваць будаўнічая справа, а Віталій замяніў бацьку-вадзіцеля, працуе на яго ж машыне і вельмі захапляецца тэхнікай.
Каму пашанцавала, дык гэта Дашы, якую апякаюць, акрамя бацькоў, тры браты.  І ўсе яны, калі з’яўляецца свабодны час, бягуць на жывёлагадоўчую ферму, дзе працуе мама, каб дапамагчы. Таццяна – цялятніца на Русінавіцкай ферме СВК ”Ляхавіцкі”, даглядае сотню жывёлін. Работа адказная і складаная: маленькія цяляты, бы малыя дзеці, патрабуюць увагі і пяшчоты.
Свой працоўны дзень яна завяршае пасля 9 гадзін вечара. Дома ўсё ў парадку, гаспадарка дагледжана – хлопцы пастараліся. Але работы заўсёды хапае: у хляве пяцёра парсюкоў, розная птушка, бульбу пасадзілі, падрыхтавалі градкі для гародніны. Затое, жартуе Таццяна, на стале дамашнія, экалагічна чыстыя прадукты.
…Хутка ляціць час. Кендышам ёсць што ўспомніць. Як пажаніліся, жылі нейкі час у Хацяжы. Аляксандр працаваў вадзіцелем аўтобуса, Таццяна песціла першынца Косціка. Пасля пераехалі ў Пашкоўцы, жылі ў дзедавай хаце, пакуль не купілі кватэру ў Русінавічах. Тут іх шчасце мела працяг. Аляксандр уладкаваўся на працу вадзіцелем у “Ляхавіцкі”, стаў зарабляць добрыя грошы, а Таццяна гадавала дзяцей. Сёння яны з мужам думаюць пра тое, што неўзабаве пажэняцца сыны, выйдзе замуж дачушка – прыбавіцца ў сям’і яшчэ чацвёра, як мінімум!
Што такое шчасце? Дык вось яно, у доме Кендышаў!
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Рукі мамы Таццяны самыя надзейныя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *