Прааперыравана паспяхова: пацыентка будзе хадзіць

Георгій Хлябовіч: аперацыя прайшла паспяхова.

Сямідзесяціпяцігадовай пацыентцы хірургічнага аддзялення райбальніцы пашанцавала, наколькі пры яе траўме дарэчна гаварыць пра шанцаванне. Складаны пералом шыйкі бядра ў выпадку аперацыі па зрошчванні адломкаў азначаў бы, што нагрузка на нагу пры спрыяльным прагнозе магчыма праз 9-12 месяцаў, без аперацыі – немагчыма… Да таго ж, такі пералом у такім узросце зрасціць надзвычай складана.
Ляхавіцкія хірургі пайшлі іншым шляхам: упершыню ў практыцы раённай медыцыны правялі высокатэхналагічную аперацыю па замене тазасцегнавага сустава. І ўжо праз 3 тыдні-месяц пасля ўмяшальніцтва хворая зможа хадзіць, нагружаючы прааперыраваную нагу, запэўнілі медыкі. А ў стацыянары такія пацыенты затрымліваюцца звычайна на 10-12 сутак.
Дагэтуль падобныя аперацыі ляхавічанам рабілі ў медустановах гарадоў Баранавічы і Брэст. Аднак, яшчэ адна акалічнасць: транспарціроўка такіх пацыентаў сама па сабе ўяўляе для іх небяспеку з рызыкай для жыцця.
Аперацыю па замене тазасцегнавага сустава правёў урач вышэйшай катэгорыі, хірург-траўматолаг і галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы ў адной асобе Георгій Хлябовіч. Разам з ім працавалі хірургі Ян Марчык і Аляксей Прыходзька, загадчык аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі Уладзімір Аўдзей, аперацыйная сястра Наталля Запруцкая. Для Георгія Яўгеньевіча такая аперацыя не першая, не дзясятая і нават не сотая. У баранавіцкай гарадской бальніцы, дзе ён працаваў, дзесяць гадоў назад асвоілі гэта высокатэхналагічнае ўмяшальніцтва, і хірург-траўматолаг Хлябовіч быў з тых, хто пачынаў.
– Аперацыя прайшла паспяхова. Пацыентка будзе хадзіць, – гэтыя словы сведчаць, у тым ліку, на карысць таго, што ў раённай медыцыне з’явіліся вельмі своечасовыя інавацыі.
Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Прааперыравана паспяхова: пацыентка будзе хадзіць

  • 30/04/2016 в 18:27
    Permalink

    Для медицины районного уровня это настоящий прорыв. А для многих, особенно пожилых, такая операция возможно — единственная альтернатива. У всех врачей,которые принимали участие в этой операции — золотые руки. И очень здорова, что в нашей райбольнице появился такой опытный практикующий врач-травмотолог.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *