Вясёлка круглы год /фота/

– Ура! Наш самы любімы прыехаў! – загаманілі дзевяцігадовыя двайняты Лёша і Міша і іх адзінаццацігадовая сястрычка Маша і кінуліся насустрач старэйшаму брату Валерыю. Прыгожы высокі юнак зайшоў у пакой, ветліва павітаўся.
– Гэта на выгляд ён такі сціплы і сур’ёзны, а на справе яго энергіі на дзесяцярых хопіць, – гаворыць мама Ірына Свірэпа. І расказвае, як яшчэ маленькім хлапчуком Валера проста знаходзіў агульную мову і са сваімі равеснікамі, і з бабулямі-аднавяскоўкамі. Яму лёгка давалася вучоба, з задавальненнем і інтарэсам удзельнічаў у школьных пазакласных мерапрыемствах. На працягу сямі гадоў ездзіў у Ляхавіцкую дзіцячую школу мастацтваў, дзе займаўся па класе скрыпкі. А зусім нядаўна Валера, які вучыцца на фельчара ў Слонімскім медыцынскім каледжы, перамог у конкурсе “Містэр каледжа”. На  першым курсе пераканаўся канчаткова, што медыцына – яго справа. Першая медыцынская практыка, дарэчы, прыйшлася на бацьку: калі ў яго скруціла спіну, Валера рабіў уколы.

Дыпломы пераможцаў, граматы, падзячныя пісьмы беражліва захоўваюцца ў сямейным архіве – тоўстай сіняй папцы. Іх шмат, адрасаваных літаральна кожнаму з шасці дзяцей вялікай і дружнай сям’і Свірэпаў, якая жыве ў вёсцы Мядзведзічы. “Узнагароджваецца вучаніца 1 класа Свірэпа Маша, якая заняла першае месца ў конкурсе малюнкаў па матывах твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа”, – сярод пасведчанняў прызнання здольнасцяў адзінай сястрычкі і дачушкі. Дзяўчынка шмат чым захапляецца: любіць спяваць, ходзіць на рэпетыцыі і выступае ў складзе знакамітага дзіцячага ўзорнага ансамбля “Пунсовыя агеньчыкі”, удзельнічае ў прадметных алімпіядах і конкурсах, вучыцца іграць на піяніна (акрамя яе гэты музычны інструмент асвойваюць малодшыя браты-двайняты).

Увогуле, музыка і спевы – адзін з папулярных заняткаў у Свірэпаў. Усё пачалося з бацькі. Яшчэ школьнікам  Генрых удзельнічаў у хоры, нават саліраваў. Цяпер разам з дзецьмі спявае ў касцёле. І ў паход з начлегам усёй сям’ёй ішлі праз вёску з песнямі.

– Мы – аптымістычная сям’я. Спадзяёмся толькі на лепшае. Удзячны дзяржаве, якая клапоціцца пра шматдзетныя сем’і. Атрымалі льготны крэдыт і амаль што пабудавалі ўласнымі сіламі новы дом, хутка плануем наваселле, – расказвае Генрых. Гэты церамок, узведзены ўласнымі сіламі гаспадара з дапамогай яго брата, родных, сям’і – адзін з самых прыгожых у Мядзведзічах: раз будуюцца, значыць будуць тут жыць.

– Мне вельмі падабаецца ў нашай вёсцы. Люблю лес, збіраць ягады і грыбы. Людзі свае – блізкія, душэўныя. Таму мы і вырашылі не кватэру будаваць у горадзе, а дом у вёсцы. Каб была свая паляна, – смяецца Ірына, абняўшы двайнятак.

Генрых Свірэпа – не толькі дбайны гаспадар, клапатлівы бацька і любячы муж, але цікавы суразмоўца, захапляецца навукова-папулярнай літаратурай. Вывучае гісторыю роднага краю, валодае добрым пачуццём гумару і мае залатыя рукі. І дзеці пайшлі ў бацькоў – адказныя, шчырыя, працавітыя. Старэйшыя самі зарабілі на мабільныя тэлефоны і веласіпеды. Сямнаццацігадовы Максім на сваім двухколавым амаль штодзённа ездзіць на вучобу ў Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж, дзе вучыцца на агранамічным аддзяленні. І ва ўсіх хапае клопатаў у доме, двары і па гаспадарцы (жыўнасці ў Свірэпаў шмат: карова, цялушка, бык, свінні, куры, трусы Соня і Белка, кошка Дымка).

Як і належыць першай мамінай памочніцы, Маша ў адказе за ўборку ў доме.

– Калі Маша не падмятае, то я магу гэта зрабіць. І маме таксама дапамагаю – бульбу абіраю, – расказвае малодшы на 2 хвіліны за брата Алёша. Хлапчукі, хоць і двайняты, непадобныя ні знешне, ні па характары. Іншы раз і паспрачаюцца, але хутка мірацца і адзін за аднаго гарой. Хаця, як сцвярджае Алёша, ён заўсёды крайні. А Міша пры гэтым ціхенька ўсміхаецца і гаворыць: “Не лезь куды не трэба”.

Бацька расказвае, што іншы раз даводзіцца нават “следчыя” эксперыменты праводзіць. Напрыклад, нехта размаляваў новы стул. Хто жывапісец? Ва ўсіх адзін адказ: не я. Было прапанавана кожнаму намаляваць на аркушы паперы кругі. І Лёша акуратненька, роўненька выводзіў якраз такія ж, якімі ўпрыгожаны стул. Вось так і знайшоўся мастак. Праўда, пасля таго выпадку мэблю больш ніхто не распісваў. Хаця паспела свае мастацкія здольнасці прадэманстраваць і Маша: закрылася ў хляўчуку разам з сяброўкай і размалёўвала… куранят.

Веласіпед у кожнага свой, рамантуюць самі, калі паломка больш складаная, бягуць за дапамогай да бацькі, ён з любой тэхнікай на ты.

Да размовы далучаецца Маша:

– Як і тата, я вельмі люблю чытаць. А з мамай з задавальненнем гатую, асабліва калі прыдумваем што-небудзь смачненькае.

Ірына Свірэпа працуе поварам у Мядзведзіцкай СШ. У яе нават самая звычайная страва атрымліваецца вельмі смачнай. Захацелася запечанай бульбы, калі ласка: нехта чысціць, другі мые, трэці рэжа, гаспадыня кіруе працэсам. На ёй – утульнасць, чысціня, надвор’е ў доме. А вось парадак у двары – клопат бацькі. І, канешне, ва ўсім дапамагаюць сыны і дачка.

Першынец Генрыха і Ірыны – 24-гадовы Яўгеній – ужо сам шчаслівы тата маленькай Кіры. З сям’ёй жыве ў Баранавічах. Кадравы ваенны, ён служыць у адной з вайсковых авіяцыйных часцей, але дамоў прыязджае як толькі выпадае магчымасць.

Валера – будучы медык, Максім – аграном, Маша марыць стаць дзіцячым доктарам, Алёшка – выратавальнікам, Мішка дакладна не вызначыўся, але падумвае пра міліцэйскую службу, ці як Яўгеній – Радзіму абараняць.

Калі Ірына і Генрых пажаніліся, нават не думалі, што стануць шматдзетнымі бацькамі, хаця сам гаспадар з сям’і, дзе было чацвёра дзяцей. На працягу амаль  7 гадоў Жэнька ў іх быў адзін, потым нарадзіліся Валера, Максім. А мама ўсё спадзявалася на памочніцу. І вось, як па заказе, – Марыйка. Здавалася б, усё, кропка: прасілі ў бога сіл і здароўя падняць чацвярых дзетак. Але праз некалькі гадоў Ірыне зноў пашчасціла адчуць радасць мацярынства. Муж, як заўсёды, падтрымаў жонку:

– Ірынка, ведаю, будзе цяжка, але ж я і дзеці побач. Мы ўсе – твае памочнікі.

І вось яна, чарговая, падвоеная, порцыя бацькоўскага непамернага багацця, – двайняты. Гэта было ў 2007 годзе. А праз год Ірыну Свірэпу ўзнагародзілі ордэнам Маці.

– Быць шматдзетнай маці – самая лепшая прафесія для жанчыны. Сваё шчасце кожны будуе па-рознаму. У нашай сям’і прынята цяжкасці пераадольваць сумесна. Разам працуем у агародзе, даглядаем гаспадарку. Толькі так будуюцца ўзаемаадносіны, якія прыносяць радасць. Нават у складанай сітуацыі заўсёды знойдзецца нагода для ўсмешкі, – лічыць Ірына Свірэпа.

– Самая лепшая, самая добрая, самая вясёлая, самая прыгожая – наша мамачка! Мы яе вельмі любім, – пяшчотна абнімаюць Ірыну дзеці.

– Нават і не ўяўляю, што іх магло быць менш. Мы з мужам жывём дзеля іх. Яны – наша шчасце, – даверліва гаворыць жанчына.

…Усе разам Свірэпы так шчыра ўсміхаюцца. Нібы вясёлка запальваецца ў небе на добрае-добрае надвор’е. Вясёлка – круглы год. Прыгадваюцца словы Ірыны:

– Мы – аптымістычная сям’я.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *